Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Юбілей беларускага камсамола

Прапанаваная выстава прысвечана 100-годдзю ЛКСМБ – Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі, датай стварэння якога лічыцца 24 верасня 1920 г., дзень адкрыцця I з’езда гэтай арганізацыі. Але 25–27 снежня 1918 года ў Смаленску адбыўся I з’езд камсамольскіх арганізацый Заходняй Камуны, на якім былі прыняты праграма, статут і рэзалюцыі па арганізацыйных пытаннях, што былі прызнаныя ў якасці дзеючых і I Усебеларускім з’ездам камсамола 1920 года, таму 25 снежня 1918 года, што пацверджана рашэннем XII пленума ЦК ЛКСМБ у 1990 годзе, таксама разглядаецца як дата стварэння ЛКСМБ. Цяпер у краіне існуе некалькі моладзевых арганізацый, якія лічаць сябе пераемнікамі беларускага камсамола савецкіх часоў.

На працягу дзесяцігоддзяў існавання савецкага камсамола яго склад усё больш пашыраўся, у рэшце рэшт ахопліваючы амаль цалкам насельніцтва ва ўзросце ад 14 да 28 гадоў, таму тэма камсамола і тэмы маладосці ў жыцці і ў мастацтве калі і не зусім супадалі, то шмат у чым суадносіліся. Адпаведна і многія творы, прадстаўленыя тут, пазбаўлены выключна камсамольскіх прымет, яны проста пра маладых, але юнацтва гэтае – у той ці іншай меры камсамольскае.

Калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь дазваляе паказаць камсамольскі рух гістарычна і тэматычна шматпланава, у розных аспектах дзейнасці. Пачатковы этап адлюстраваны ў творах Ю. Пэна, М. Філіповіча, Ю. Зайцава, Р. Кудрэвіч, А. Фінскага, М. Якавенкі. Падзеі і героі ваенных гадоў адлюстраваны ў працах С. Вакара, І. Давідовіча, М. Данцыга, В. Занковіча, Б. Івонцьева, А. Малішэўскага, М. Савіцкага, А. Селятыцкага. Удзел моладзі ў пасляваенным і далейшым будаўніцтве і вытворчасці зафіксаваны ў творах І. Ахрэмчыка, А. Бачкарова, В. Бараўко, Р. Кудрэвіч, Л. Лейтмана, П. Лысенкі, Л. Марчанкі, М. Рыжыкава, І. Ціханава, М. Чэпіка. Таксама знайшлі адлюстраванне ў мастацтве тэмы вучобы, адпачынку, спорту, службы ў арміі – работы З. Азгура, А. Заспіцкага, А. Кішчанкі, Н. Лівенцавай, А. Мятліцкага, М. Палянкова, М. Селешчука, Д. Шчамялёва. Па сваіх вобразных і мастацкіх асаблівасцях прадстаўленыя творы суадносяцца з метадам сацыялістычнага рэалізму, у адпаведнасці з яго зменамі на працягу дзесяцігоддзяў і індывідуальным почыркам кожнага мастака. Шэраг іх экспанаваліся паўстагоддзя таму на юбілейных выставах, прысвечаных усесаюзнаму (1968) і беларускаму (1971) камсамолу – гэта працы І. Ахрэмчыка, С. Вакара, І. Давідовіча, Ю. Зайцава, Р. Кудрэвіч, П. Лысенкі, А. Малішэўскага, М. Рыжыкава, М. Савіцкага, М. Якавенкі.

На прыкладзе некалькіх дзясяткаў жывапісных, графічных, скульптурных работ, створаных у 1920–1980-я гады, можна бачыць, у тым ліку, як змяняліся людзі, час, мастацтва. У 1920-я гады мастакі розных пакаленняў паступова асвойвалі новую тэму, адзначаючы новае, нябачанае, але ў рамках уласнай стылістыкі, светаадчування – без “кананізаванага” падыходу. Тэма “маладосці наогул” набывала дадатковыя абертоны, якія прасочваліся ў тыпізаваных партрэтах працы 70-гадовага Ю. Пэна і 30-гадовага М. Філіповіча. Мастакі, якія адлюстроўвалі падзеі, персанажаў таго часу праз дзесяцігоддзі – Р. Кудрэвіч, Ю. Зайцаў, А. Фінскі, М. Якавенка, рабілі гэта ўжо ў рамках абавязковай рамантычнай канцэпцыі, наогул ўласцівай савецкаму мастацтву, у тым ліку трактоўцы тэмы маладосці, якую традыцыйна звязвалі з узвышанымі пачуццямі, чысцінёй памкненняў, самаадданасцю ў імя ідэі. Жыццё і ідэалогія ўплывалі на мастацтва, і мастацтва ўплывала на жыццё. У работах гэтых майстроў пры канцэптуальным падабенстве можна назіраць відавочную стылістычную самастойнасць, звязаную з мастацкім выбарам і здольнасцямі кожнага: эмацыянальны, свабодны жывапіс Кудрэвіч і лепка Якавенкі, вывераныя і дынамічныя, нібы чаканныя формы ў Зайцава, знешне спакойная апавядальнасць у Фінскага.

Асобай напружанай эмацыянальнасцю, часам экспрэсіўнасцю адрозніваюцца творы, прысвечаныя падзеям вайны, – трагічныя, драматычныя, элегічныя карціны А. Малішэўскага, М. Савіцкага, І. Давідовіча, М. Данцыга, Р. Кудрэвіч. Абапіраючыся на канкрэтныя падзеі і рэаліі, мастакі трактуюць жыццёвы матэрыял не батальна або жанрава, а быційна, абагульнена, як увасабленне паняццяў вернасці, барацьбы, мужнасці, самаахвярнасці. Партрэтная скульптура, нягледзячы на канкрэтнасць гістарычных асоб, напісаных С. Вакарам, Б. Івонцьевым, А. Селятыцкім, таксама мае характар, які імкнецца да манументальна-абагульненай спецыфікі вобраза і формы.

Тэма стваральных здзяйсненняў моладзі адлюстравана ў шэрагу твораў, палярнымі кропкамі якіх з’яўляюцца працы Лейтмана і Чэпіка. З усіх прадстаўленых тут работ, напэўна, толькі ў кампазіцыі Л. Лейтмана адсутнічае творчая індывідуальнасць почырку, паколькі ў той час у савецкім мастацтве яна не падтрымлівалася, але ў вобразнай структуры прысутнічае ўласцівы яму мяккі жыццярадасны лірызм. А ў карціне М. Чэпіка творчая воля аўтара зменьвае шэраг канкрэтных намаганняў студэнцкіх атрадаў у свайго роду шматфігурны дынамічны “вечны рухавік” з сілай і моцай тэмпераменту гэтага мастака, выкарыстоўваючы, акрамя таго, некаторыя фармальныя прыёмы мастацтва 1920-х гадоў.

Пафас увасаблення чыстага, светлага, дзейнага юнацтва прысутнічае таксама ў працах Р. Кудрэвіч, М. Данцыга, Н. Лівенцавай, П. Лысенкі, М. Рыжыкава, Л. Шчамялёва, М. Селешчука, І. Ціханава, В. Бараўко. Як канкрэтныя, так і тыпізаваныя персанажы гэтых работ выказваюць адначасова рэальнасць і мару пра прыгожага чалавека, будаўніка “светлага заўтра”, і ўпэўненасць у ім.

Івонцьеў Барыс Уладзіміравіч. 1926–1985. Партрэт Пятра Іванавіча Купрыянава (1926–1944), Героя Савецкага Саюза. 1975. Бронза. 55х43х37

Якавенка Міхалай Мікалаевіч. 1932-2006. Адновім! 1958. Бронза. 61х41х87

 

Вакар Сяргей Міхайлавіч. 1928–1998. Партрэт Мікалая Аляксандравіча Кедышкі (1923–1943), Героя Савецкага Саюза. 1967. Лабрадор. 57х44х46

Азгур Заір Ісаакавіч. 1908–1995. Камсамолка Наташа Селіханава. 1958. Мармур, граніт. 83х68х48

Заспіцкі Андрэй Міхайлавіч. 1924–2019. Гімнасткі. 1971. Алюміній. 38,3х41х20

Занковіч Валянцін Паўлавіч. 1937. Горад-герой змагаецца. 1985. Бронза. 85х30х33

Фінскі Аляксандр Міхайлавіч. 1953. Першы настаўнік. 1982. Бронза. 53х31х25

Мятліцкі Аляксандр Іванавіч. 1953–2003. Партрэт радавога Васо. 1979. Дрэва. 48х26х28

Лейтман Леў Маркавіч. 1896–1974. Маладзёжная брыгада трактарнага завода за працай. 1950. Папера, гуаш, акварэль. 35х50

 

Лысенка Пётр Паўлавіч. 1931–2010. Каля аўтобуснагапрыпынку. 1970. З серыіМалады Лукомль. Папера, італьянскі аловак. 57х74

Рыжыкаў Мікалай Максімавіч. 1939–2012.Апаратчыкі. З серыі“Гродна. Камсамольская ўдарная будоўля”. 1970. Папера, афорт. 49х43 

Марчанка Леанід Максімавіч.19411996. Летаў Залацінцы. Праспект імя Мікалая КедышкіЗ серыі Байкала-Амурская магістраль”. 1976. Папера, афорт. А. 60х70; в. 47,7х52,7

Ганцэвіч Рыгор Самуілавіч.19151986. Плакат 50 год ЛКСМБ. 1970. Папера, тэмпера. 80х60

Кальмаева Людміла Міхайлаўна. 1946.Плакат ПамяціМікалая Чэпіка. 1985. Кардон, гуаш. 90х60

Пэн Юрый Майсеевіч. 1854–1937. Шавец-камсамолец. 1925. Кардон, алей. 99х78

Філіповіч Міхась Мацвеевіч. 1896–1947. Камсамолка ў нацыянальным строі. Канец 1920-х. Палатно, алей. 121,5х102

Кудрэвіч Раіса Уладзіміраўна. 1919–2000. Першая рэпетыцыя. 1963. Палатно, алей. 220х146

Малішэўскі Альгерд Адамавіч. 1921–1989. Клятва. 1970. Палатно, алей. 174х224

Давідовіч Ісаак Аронавіч. 1911–1990. Нарачанская быль. 1967. Палатно, алей. 176,5х192,5

Савіцкі Міхаіл Андрэевіч. 1922–2010. Камсамольцы. 1970. Палатно, алей. 200х150

 

Данцыг Май Вольфавіч. 1930-2017. Купалаўскія радкі. 1972. Палатно, алей. 131х171

 

Кудрэвіч Раіса Уладзіміраўна. 1919–2000. Вясна. 1945 год. 1970. Палатно, алей. 180х179,6

Ціханаў Іван Ціханавіч. 1922–1993 Партызаны і камсамольцы на будаўніцтве трактарнага завода. 1983. Палатно, алей. 200х255

Ахрэмчык Іван Восіпавіч. 1903–1971. Камсамолец Косця, рабочы Мінскага трактарнага завода. 1960. Палатно, алей. 100,5х79,5

Кудрэвіч Раіса Уладзіміраўна. 1919–2000. Новы адрас. 1967. Палатно, алей. 179,5х120,5

Палянкоў Мікалай Сцяпанавіч. 1921–2005. У звальненні. 1965. Палатно, алей. 109х185

Данцыг Май Вольфавіч. 1930–2017. Спадчына. 1973. Палатно, алей. 249,6х299,3

Кішчанка Аляксандр Міхайлавіч. 1933–1997. Камсамольцы 1970-х гадоў. 1971. Палатно, алей. 140х120

Селяшчук Мікалай Міхайлавіч. 1947–1996. Партрэт актрысы Святланы Сухавей, дэлегата ХІХ усесаюзнага з’езда камсамола. 1983. Палатно, алей. 120х120

Шчамялёў Леанід Дзмітрыевіч. 1923. Сямнаццацігадовыя. 1977. Палатно, алей. 200х250

 

Чэпік Міхаіл Філіпавіч. 1925–2000. Працоўны семестр. 1975. Палатно, алей. 167х183

Бараўко Валянцін Міхайлавіч. 1940–1988. Змена. 1973. Палатно, алей. 140х200

Лівенцава Надзея Віктараўна. 1952. Камсорг. 1976. Палатно, алей. 116х87,5 

 

В.У. Вайцэхоўская – вядучы навуковы супрацоўнік

аддзела сучаснага беларускага мастацтва