Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Якаў Кругер. “Першае месца ў яго творчасці, бясспрэчна, займае партрэт…”. Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака

Якаў (Янкель) Мордуховіч Кругер (1869–1940) – сусветна вядомы беларускі мастак, першы настаўнік знакамітага мастака Парыжскай школы Хаіма Суціна. Рэдкая манаграфія на розных мовах пра Суціна абыходзіцца без кароткай звесткі пра Кругера. Калі б Кругер у 1930-я гады ведаў, што яго імя згадваецца выключна ў гэтым кантэксце, ён бы здзівіўся і, магчыма, абурыўся, бо менавіта ён у 1937 годзе стаў першым мастаком, які атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.

У гады вайны зніклі амаль усе яго творы, за выключэннем некалькіх, якія былі на выставах. І на радзіме імя Кругера зноў адкрылі толькі ў ХХІ стагоддзі, калі прайшла яго вялікая персанальная выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, прысвечаная 130-годдзю з дня яго нараджэння. З таго часу з’явіліся два выданні пра мастака: альбом-каталог, куды ўвайшла ўся вядомая на той час па драбніцах сабраная інфармацыя – яго жыццярыс, спіс выстаў, бібліяграфія, каталог усіх вядомых твораў, а ў 2013? годзе – невялікі альбом яго твораў з новымі атрыбуцыямі і творамі з розных мастацкіх інстытуцый.

Я. Кругер. Аўтапартрэт у берэце. 1889 г.

Пасля выхаду ў свет каталога знайшліся родныя мастака, якія захавалі сямейныя архівы і невядомыя дагэтуль творы. Лічылася, что сваякі загінулі падчас вайны ў мінскім гета, але ўнукі Кругера – Марына Львоўна Чарняк (1931) і Аляксандр Львовіч Шварц (1938) жывуць у Маскве, Людміла Маркаўна Кругер (1936) – у Санкт-Пецярбургу. Гэта дало магчымасць удакладніць шматлікія факты біяграфіі мастака, імёны мадэляў, патрымаць у руках ацалелыя невядомыя сямейныя партрэты – “Партрэт унучкі Марыны” 1934 года (збор М. Л. Чарняк, Масква), “Партрэт Марка Кругера” 1920-х гг. (збор Л. М. Кругер, СПб.).

Некалькі мінчан – наведвальнікаў выставы – захавалі ў памяці сямейныя гісторыі пра Кругера і паведамілі іх аўтарам каталога. Гісторыя стварэння некаторых твораў Кругера ажыла, стала стэрэаскапічнай.

У Акадэміі Жуліяна. Парыж. 1892. Фота

Мінчанка Іна Паўлаўна Соркіна расказала, што яе прабабка Лея Кругер, па мужу Фундылер, родная цётка мастака, была жонкай упраўляючага фальваркам Лошыца, які належаў памешчыку Яўстафію Любаньскаму і яго жонцы Ядвізе з Кеневічаў. Магчыма, дзякуючы гэтаму радству і знаёмству з мецэнатамі Любаньскімі, малады Кругер атрымаў магчымасць год вучыцца ў Варшаве ў знакамітага мастака Леапольда Гаровіца і ў Парыжы – аж 10 гадоў у Акадэміі Жуліяна ў знакамітага Бенджамена Канстана. Для хлопца са шматдзетнай сям’і (Кругеры мелі 8 дзяцей) любая дапамога была істотнай, тым больш невялікая, але трывалая стыпендыя ад мінскіх дабрадзеяў.  

Нарэшце высветлілася імя мадэлі пастэльнага “Партрэта жонкі. Зінаіды (Фрумы-Златы) Кругер” 1907 года, які стаў называцца партрэтам Зінаіды Лазараўны (Фрумы-Златы Лейзераўны) Кругер (1877–1959).

Па вяртанні ў Мінск, пасля заканчэння Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, у 1901 годзе Кругер узяў шлюб з дачкой багатага мельніка. ”Бядняк-дзед ажаніўся на грошах, – сцвярджае яго ўнучка Людміла Кругер. – Бабуля была непісьменная і не магла спакойна бачыць сваіх унучак-студэнтак з кнігай: яна лічыла, што гэты занятак не для жанчыны. Але заўсёды ганарылася мужам – заслужаным мастаком, які атрымоўваў персанальную пенсію”.

Тым не менш, дзеці мастака – старэйшая дачка Шэйна (Сафія) (1902–1951) і сын Мойша (Марк ) (1905–1978) – атрымалі адукацыю. Аб гэтым, напэўна, паклапаціўся сам Кругер, які добра ведаў цану навукі. У архіве губернскага праўлення захавалася заява Кругера 1912 года аб прыёме сваёй амаль 10-гадовай дачкі Сафіі ў Марыінскую гімназію раней за тэрмін (“дзяўчынка фізічна развітая, пра што гаворыцца ў даведцы ад лекара”), у чым яму было адмоўлена. Дома дзяўчынку вучылі музыцы і вышыванню па ўзорах.

 Дачка Кругера Сафія – мадэль партрэта “Дзяўчынка ў чырвоным” ("Дзяўчынка ў чырвоным. Партрэт дачкі Сафіі.

1910-й ?), што знаходзіцца ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Кругер не падпісаў яго і не датаваў, што для яго было не характэрна. У 1960-я гады з-за свабоднай, шырокай манеры пісьма партрэт лічылі творам 1920-х гадоў. Напачатку 2000-х з’явіліся падставы для змены даціроўкі.

У 1910 годзе на выставе ў музеі пры Камерцыйнай вучэльні (каталог гэтай выставы быў знойдзены ў 2004 годзе ў архіве мінскага мастака І. Яроменкі ў музеі г. Канатопа). Кругер выставіў алейны партрэт з пяшчотнай назвай – “Партрэт маёй дачуркі”. Відавочна, мастак любіў дачку і лічыў партрэт удалай яе выявай. Ні ў каталогах, ні аглядах прэсы няма іншых дзявочых партрэтаў 1910–1920-х гадоў, пазначаных тэхнікай алейнага жывапісу. Пастэлі Кругер адзначаў асобна. Такім чынам, вельмі верагодна, што аўтарская назва партрэта з цягам часу страцілася і ператварылася ў ананімную – “Дзяўчынка ў чырвоным”.

Партрэт пад гэтай “безыменнай” назвай з’явіўся як уласнасць сям’і на дэкаднай выставе ў Маскве ў 1940 г., ужо пасля смерці мастака. Чамусьці тады арганізатары выставы не палічылі неабходным удакладніць імя мадэлі. Пасля выставы партрэт набыла Дзяржаўная карцінная галерэя (у 1947 г. ён быў рээвакуіраваны з Саратава як уласнасць Дзяржаўнай карціннай галерэі).

Пры параўнанні партрэта дзяўчынкі з сямейнымі фотаздымкамі Сафіі (Сафія Кругер. 1920-я. Фота. Архіў сям’і. Масква), якія захоўваюцца ў яе дачкі М. Л. Чарняк і пляменніцы Л. М. Кругер, відавочна падабенства ў рысах: характэрных прапорцыях і авале твару, лініях вачэй, форме носу, нават непаслухмяных завіткоў валасоў на лбе.

Невядома, які з братоў мастака паслужыў мадэллю для гэтага невялікага, вельмі цёпла і мякка напісанага “Партрэта брата” 1896 года. На ім – выява блізарукага інтэлігентнага мужчыны за чытаннем, прыблізна ва ўзросце 25-30 гадоў. Па архіўных звестках, у Кругера было дзве сястры і пяць братоў. Гэта можа быць адзін з сярэдніх, блізкіх па ўзросце, 30-гадовы Іцка ці малодшы за Кругера 25-гадовы Арон (Евелю і Хаіму ў год напісання партрэта было адпаведна 20 і 14 гадоў). Пасля смерці бацькі ў 1889 годзе на чале вялікай сям’і Кругераў стаў старэйшы брат – 32-гадовы Еўна. Верагодна і тое, што гэты партрэт – знак павагі да старэйшага брата.

У каталозе 1909 года ёсць і “Эцюд галоўкі майго сынка” і “Партрэт старой цёткі”, магчыма, той самой Леі Фундылер. Такія “вольнасці” з назвамі характэрны толькі для гэтага найбольш шчаслівага перыяду творчасці Кругера. Яны даюць нейкае ўяўленне аб яго дэмакратычным мастакоўскім характары (асабліва на фоне агульнапрынятых у той час прыўзнятых назваў: “г-жи Д.” ці “г-жи Х.”).

Усе гэтыя сямейныя партрэты адносяцца да перыяду яго вучнёўства ў Акадэміі мастацтваў і першых самастойных гадоў жыцця ў Мінску.

 У той час яго цікавяць тыпы яўрэйскага мястэчка. У 1896 г. Кругер дасылае на выставу ў варшаўскае Таварыства заахвочвання мастацтваў (Захенту) “Жанчыну з панчохай” і “Галаву яўрэя”. 1897 годам датуецца яго “Талмудыст. Ранішняя малітва” 1897 год.

Увогуле гэтыя першыя гады, здаецца, былі параўнальна самым паспяховым перыядам у жыцці мастака. Ён актыўна працуе ў розных жанрах: напрыклад, на выставе ў Мінску ў 1906 годзе паказвае 16 твораў, сярод якіх і жанры (“Сумная вестка”, “Прасіцель”), і пейзажы (“Ніжняя Ляхаўка”, “Балотны пейзаж”, “Эскіз старых могілак”, “Пасля дажджу”), і партрэты (“Партрэт майго сябра”, “Старая ля каміна”), і кампазіцыі “Рогат” і “Пакуты”.

Яго становішча ў Мінску канчаткова стабілізавалася пасля таго, як ён адкрыў у 1904 годзе першую ў Мінску прыватную школу жывапісу, якая размяшчалася на вул. Захар’еўскай. Выкладаць у дзяржаўных установах, акрамя яўрэйскіх, было забаронена. Кошт за мастацкую адукацыю ў школе Кругера быў стандартны, як і для ўсіх прыватных школ, – 5 рублёў штомесяц (навучанне кавальскаму майстэрству, напрыклад, каштавала 7 рублёў); школу наведвалі прыкладна 30–35 аматараў. Аб ёй вядома з архіўнай справы аб грашовай дапамозе са сродкаў Мінскай гарадской Думы, якую Кругер прасіў у 1912 годзе.

 

 

 

 

 

 

 

Школа малявання Я. Кругера на вул. Захар’еўскай у доме Венгржэцкага. 1900-я. Фота

 

Камісія агледзела малявальную школу і “знайшла яе добра абстаўленай, забяспечанай добрымі святлом і цалкам дастатковай калекцыяй мадэляў, малюнкаў гіпсавых злепкаў і г. д. У асобе мастака Кругера школа мае вопытнага і адданага справе кіраўніка”. Большасцю, з перавагай толькі ў 2 галасы, яму на адзін год далі субсідыю 300 рублёў, абавязаўшы мастака не менш за 6 чалавек “недастатковых” вучыць бясплатна. Верагодна, што гэтым скарыстаўся Хаім Суцін, які быў памочнікам рэтушора ў бліжэйшым фотаатэлье.

Пра матэрыяльнае становішча сям’і Кругераў сведчыць цікавы дакумент – вопіс яго наёмнай кватэры (1910 год): Кругер з жонкай і двума дзецьмі тады жылі ў двух вялікіх пакоях (плошчай каля 100 метраў з вышынёй столі 6 метраў) на другім паверсе дома Венгржэцкага, на вуглу Петрапаўлаўскай і Захар’еўскай, 24/85 (сучаснае месца знаходжання ўніверсама “Цэнтральны”), а тры пакоі займала майстэрня-студыя. За кватэру з ваннай, вадаправодам і ватэрклазетам Кругеры плацілі 550 рублёў штогод. Наймалася прыслуга. Хутчэй за ўсё, не толькі школа і яго жывапіс давалі сродкі на такое прыстойнае жыццё, вялікую ролю адыгралі пасаг жонкі і падтрымка яе багатых бацькоў.

У малявальнай школе Кругера вучылася шмат жанчын: мастачкі-аматаркі Пальміра Мрачкоўская, жонка начальніка турмы Мігай, Зінаіда Кніжнікава – сястра міласэрнасці земскага шпіталю. Ад творчасці мастачкі Пальміры Мрачкоўскай не захавалася ніводнага твора, акрамя яе псіхалагічнага і вельмі дэлікатнага, з сімпатыяй напісанага партрэта Кругера 1914 года ("Партрэт Пальміры Мрачкоўскай". 1914 год).

Першая сусветная вайна і рэвалюцыя змянілі ўмовы жыцця сям’і мастака, які стаў, як тады гаварылі, “пралетарыем пэндзля”. У 1915 годзе Кругеры як яўрэі былі дэпартаваны з прыфрантавога Мінска і з’ехалі ў эвакуацыю на Волгу, у глыб Расіі – у Казань.

Пасля прыезду з эвакуацыі ў 1921 годзе мастак пераязджае ў пакойчык камунальнай кватэры на вуглу Свярдлоўскай і Савецкай (месца, дзе зараз знаходзіцца адрэстаўраваны стары будынак атэля “Мінск”). Гэта быў старажытны дом у той частцы горада, дзе будаваліся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Дом Ураду – новы савецкі Мінск, сталіца БССР.

1920-я гады – росквіт творчасці мастака. Кругер выкладае на рабфаку БДУ, прымае ўдзел ва Усебеларускай выставе краязнаўчых твораў і фотаздымкаў, а ў 1929 годзе ладзіць сваю першую персанальную выставу ў залах Беларускага дзяржаўнага музея (да 30-годдзя творчай дзейнасці). Аб яго выставе вядома дзякуючы артыкулу Мікалая Шчакаціхіна. Экспанавалася звыш 50 алейных палотнаў, акварэляў, пастэльных малюнкаў. М. Шчакаціхін першым зрабіў дакладную сістэматызацыю твораў мастака. Адзначыўшы, што выстава, хаця і “сабрана неяк наспех”, захапляе рознымі тыпамі партрэтавання, якія ўжывае Кругер. Гэтыя адзнакі вядомага беларускага мастацтвазнаўцы не страцілі цікавасці дагэтуль: “Першае месца ў яго творчасці, бясспрэчна, займае партрэт, у якім можна выдзеліць некалькі розных тыпаў... – “афіцыйны партрэт”. Гэта вельмі падобныя, строгія, крыху сухаватыя і скупыя на дэталі адлюстраванні... выдатных асоб з ліку палітычных, грамадскіх, культурных дзеячаў... Чарвякова, Галадзеда, Вальфсона, Ігнатоўскага, артыстаў – Ждановіча і Галубка; цэнтрам увагі ўсюды тут становіцца перадача твару... Другі тып складаюць партрэты, дзе апроч фігуры і твару мастак імкнецца таксама даць пэўную характарыстыку намаляванай асобы шляхам адпаведнай апрацоўкі фону. Трэці тып – гістарычны партрэт... Мы знаходзім тут толькі Кастуся Каліноўскага, трактаванага на фоне вёскі. Нарэшце, чацвёрты тып партрэта можна было б назваць “інтымным партрэтам”; гэта пераважна пастэлі, вельмі мяккія і цёплыя: найлепшыя з іх – аўтапартрэт 1922 года, партрэт дзвюх дзяўчынак – дачок прафесара Ленца, партрэт жонкі прафесара Грэдзінгера і інш.”.

Нават з гэтага пераліку відаць, як змяняецца кола мадэляў Кругера. Цяпер – гэта мінская савецкая эліта, палітычная і культурная: партрэты Г. Гая, У. Пічэты, Я. Коласа, Я. Купалы, М. Сфорыма і інш.

Купалу ў 1923 споўніўся 41 год. Гэты час – росквіт Купалы як паэта і драматурга: ён піша верш “Маладая Беларусь”, перакладае на беларускую мову “Інтэрнацыянал” і “Слова пра паход Ігараў”, у жніўні 1922 года скончыў п’есу “Тутэйшыя”. З 1919 года Купала з жонкай жыве ў Мінску, удзельнічае ў стварэнні БДУ, Інбелкульта. Купала любіў жывапіс і з цікавасцю ставіўся да мастакоў: запрашаў іх дамоў, наведваў мастацкія выставы. Сяброўства звязвала яго з Дзмітрыем Полазавым (1875–1953), які ў 1921 годзе выканащ тры партрэты Купалы, і Якавам Кругерам, якому ў 1923 годзе даручылі напісаць партрэт Купалы (Я. Кругер. Партрэт Я. Купалы. 1923 год. Літаратурны музей Я. Купалы).

Кругер, па ўспамінах жонкі паэта, сам прыходзіў для натурных замалёвак на вуліцу Захар’еўскую, дзе жыў Купала. Розніца партрэтаў Полазава з партрэтам Кругера – менш за два гады. Але Купала на гэтых партрэтах розны. Полазаў стварае псіхалагічны афіцыйны пагрудны партрэт, у якім імкнецца перадаць рамантычны вобраз паэта-летуценніка. Кругеру, нягледзячы на заказны характар партрэта, удалося стварыць жывы вобраз Купалы – паэта і чалавека.

Партрэт Янкі Купалы з гэтай серыі – найбольш шчыры, які выказвае сімпатыю мастака да Купалы. У ім ёсць праўда назіранняў жывога моманту ў жыцці паэта. Кругер перадае яго рысы як прыватнага чалавека, што адчуваецца ў разняволенай, неафіцыйнай пастаноўцы фігуры, кнізе на каленях, дымлівай папяросы, расшпіленым пінжаку, лёгкай няголенасці твару. Партрэт падкупляе праўдзівасцю дэталяў, якія ствараюць жывы вобраз беларускага інтэлігента і ў той жа час паўнакроўны вобраз паэта.

Кругер імкнецца паказаць вобраз і паэта-рамантыка і адначасова перадаць яскравасць асобы. Прыязнасць паміж паэтам і мастаком, па ўспамінах жонкі Купалы, была ўзаемнай. Палатно напісаны амаль у імпрэсіяністычнай манеры, з натуры, у кабінеце паэта ля расчыненага насцеж акна, адкуль бачны ранішні квітнеючы сад. Купала трымае кнігу “ Жалейка” ці, магчыма, “Шляхам жыцця” – зборнік вершаў 1913 года, перавыдадзены ў Вільні ў 1923 годзе беларускім аддзелам “Віленскага выдавецтва Б. Клецкіна”. Неафіцыйны, нават крыху сентыментальны характар партрэта падкрэслены дэталлю – кветкай півоні на стале. Паводле легенды, гэтую кветку, сапраўды, неяк кінула ў адкрытае акно паэта яго невядомая прыхільніца. Кругер, які ведаў пра гэты факт з вуснаў жонкі Я. Купалы, Уладзіславы Станкевіч, адлюстраваў яго ў карціне ўжо пасля заканчэння партрэта. Мажорны, светлы каларыт карціны, матыў узыходзячага сонца сведчаць аб здзейсненых надзеях паэта – Беларусь здабыла, нарэшце, дзяржаўнасць.

Разам з гэтымі партрэтамі Кругер у тыя ж гады піша і партрэты беларускай і яўрэйскай інтэлігенцыі – пісьменнікаў Уладзіслава Галубка, Усевалада Ігнатоўскага, Фларыяна Ждановіча, Міхася Мялешкі, Ізі Харыка, Мендэль-Сфорыма ("Партрэт Мендэля Мойхер-Сфорыма". 1928 год) і інш. У іх грамадская значнасць дзеячаў культуры ўжо пераважала над псіхалагічнай характарыстыкай глыбіні асобы.

У канцы 1920-х – 1930-я гады Кругер быў адзіным мастаком БССР, якому дазволілі правесці ў Мінску тры персанальныя выставы. У той час такія ладзіліся надзвычай рэдка. Гэта сведчыць, з аднаго боку, пра яго працаздольнасць, з другога – пра лаяльнасць савецкай улады да яго творчасці. Умовы жыцця мастака істотна змяніліся.

Часы жыллёвага крызісу 1930-х гг. у Мінску захаваліся ў памяці Н.В. Шырокавай (1904–1998), былой машыністкі ДПУ, сям’я якой жыла ў камунальнай кватэры і падтрымлівала суседскія адносіны з немаладымі ўжо Кругерамі.

Ярка і вобразна яна апісвае рэаліі пачатку 1930-х гадоў: “…насельніцтва кватэры – 20 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей. Нашыя суседзі людзі рознага ўзросту, прафесій і, вядома, поглядаў. Кухня ў нашай кватэры невялікая, руская печ з плітой на восем гаспадынь, адна прыбіральня…, агульны электрычны лічыльнік, доўгі калідор. На галоўным месцы – графік уборкі месцаў агульнага карыстання. Ежу гатавалі ўзімку на кватэрнай печы, летам – на прымусе на кухні. Святло часта адключалі – у горадзе адна невялікая электрастанцыя. Мы заўсёды мелі ў запасе свечкі. Вада да трэцяга паверха часта не даходзіла, прыходзілася наліваць з кухоннага крана ў дзіцячую ванну ўначы. Дровы – у двухпавярховым сараі ў двары... Многія мінчане жылі яшчэ ў больш цяжкіх варунках… Не ведаю, як у іншых, а ў нашай шматпакаёвай шматзаселенай кватэры, як гаворыцца, была ціша…– ніякіх сварак ды разборак, тым больш на нацыянальнай глебе ніколі не было. Усім было вядома, што справа з жыллём у горадзе катастрафічная, і цярпелі цяжкія варункі… Усё можна было вытрываць, але няўтульна станавілася пры думцы аб тым, што заўсёды знаходзішся пад чыімсь дапытлівым вокам. У Жакце (жыллёва-арэнднае кааператыўнае таварыства) для гэтага былі створаны камісіі, у якія ўваходзілі давераныя асобы. Яны сачылі за парадкам у кватэрах. Такі “інспектар” мог у любы час з’явіцца ў пакой, адкінуць коўдру на ложку і паглядзець, ці няма клапоў ці іншай нечысці. Але самае непрыемнае – мы былі пад пастаянным каўпаком у сэнсе лаяльнасці да савецкай улады…”

Мастаку і яго сям’і трэба было прыстасоўвацца да новых умоў жыцця і быць “лаяльным”, тым больш што шматлікія мадэлі яго партрэтаў 1920-х гадоў бясследна знікалі як “ворагі народа”.

Змянілася і творчасць Кругера: з’явіліся партрэты стаханаўцаў, удзельнікаў канферэнцыіі “МОПРа” (Міжнародная арганізацыя дапамогі змагарам рэвалюцыі), ударнікаў працы (" Партрэт ударніка з завода “Ударнік”. 1935), яўрэяў-калгаснікаў ("Яўрэй-касец". 1929 год.)., Варашылава, Сталіна.

Напружанне гэтага перыяду – часоў знікнення былых сяброў і “высокапастаўленых” мадэляў, прадчуванне няпэўнасці свайго лёсу – добра перадаецца ў трагічным аўтапартрэце Апошні прамень” (1931). Шкада, што немагчыма параўнаць яго з незахаваным “Аўтапартрэтам” 1922 года, які ўхваліў Шчакаціхін.

Усё радзей у 1930-я яму замаўлялі партрэты жанчын і дзяцей, якія ён вельмі любіў, ён лічыўся майстрам гэтага камернага жанру. Адзін з чароўных партрэтаў таго часу – партрэт дзяўчынкі.  

Ён паступіў у Дзяржаўны мастацкі музей БССР у 1963 годзе ад мінчанкі Лізаветы Пятроўны Злотнікавай. Прыгожа прыбраная ў белую сукенку дзяўчынка з чорным бантам у кудзерах і трывожным, зусім не дзіцячым поглядам па-майстэрску напісана пастэллю. Пры паступленні партрэта імя дзяўчынкі проста забыліся спытаць. Зацікавіліся гэтым партрэтам толькі праз 30 гадоў.

Мадэллю партрэта аказалася дачка Лізаветы Злотнікавай, артысткі кардэбалета 1920-х гадоў БДТ (Купалаўскага тэатра), Тамара Хадынская ("Партрэт дзяўчынкі (Тамары Хадынскай)". 1934). Яна, на шчасце, жыла ў Мінску па старым адрасе. Дзяўчынка была ўнучкай акцёра БДТ Пятра Злотнікава, дачкой лётчыка Л. Сагаліна, які па звычаі таго часу змяніў сваё прозвішча на больш гучны псеўданім – Хадынскі.

Больш за дзве гадзіны распавядала Тамара Леанідаўна гісторыю стварэння гэтага партрэта, якая цесна перапляталася з сумнай гісторыяй яе сям’і. Паступова “Партрэт дзяўчынкі” ажываў, напаўняўся непаўторнай аўрай часу.

...Мінск у пачатку 1930-х. Вялікі драўляны дом з садам у Друкарскім завулку, дзе з 1903 года жывуць некалькі пакаленняў Злотнікавых на чале з дзедам – акцерам, майстрам на ўсе рукі, садоўнікам і кулінарам, і бабуляй, хатняй гаспадыняй, выхавальніцай семярых дзяцей. Сярэдняе пакаленне гэтага гасціннага дома – пяцёра іх ужо дарослых дзяцей, ваенных, работнікаў тэатра, студэнтаў, спартсменаў – надае яму вясёлы, адкрыты, малады, жартаўлівы дух. З гэтага цёплага ветлівага дома нікому не хацелася надоўга сыходзіць. Шасцігадовая Тамара (Туся, як яе ласкава называлі) – каханка ўсёй вялікай сям’і, асабліва пасля скасавання шлюбу яе бацькоў. Дзяўчынку песцілі ўсе дарослыя, а больш за ўсіх – муж старэйшай дачкі Злотнікава Варвары, таленавіты беларускі мастак-графік Генадзь Змудзінскі, шчодры і шырокі чалавек. У голад 1920-х Змудзінскія страцілі нованароджанага сына, і ўся пяшчота мастака перайшла на пляменніцу. Гэтая дзяўчынка мела незалежны характар і не любіла модна апранацца, так, як яе прыбралі для гэтага партрэта. Па замове дзядзькі Генадзя напярэдадні паступлення ў школу вырашана было зрабіць партрэт дзяўчынкі. Ён быў давераны Якаву Кругеру – прызнанаму майстру далікатнай і вытанчанай пастэлі.

Тамара Леанідаўна добра запомніла некалькі сеансаў пазіравання ў майстэрні старога мэтра ў цэнтры Мінска. Партрэт быў хутка завершаны (усяго 2-3 сеансы), апраўлены ў залатую разьбяную раму і павешаны над ложкам дзяўчынкі. Яшчэ тады ўсіх родных уразіў нечакана трагічны позірк цёмных дзявочых вачэй.

Гэты партрэт стаў сведкам бяды, якая прыйшла ў дом у пачатку сакавіка 1938 года. Тады арыштавалі пяць членаў гэтай сям’і – 71-гадовага дзеда, дзядзьку Генадзя і яго жонку, прыгажуню Варвару. Іх абвінавачвалі ў шпіянажы на карысць белапалякаў. Генадзь Змудзінскі быў расстраляны па прысудзу так званай тройкі праз тры дні. Пётр Злотнікаў – праз два месяцы. З засценкаў НКУС праз год адпусцілі толькі Варвару, сівую і бяззубую.

З той ночы партрэт стаў напамінам шчаслівага і бесклапотнага дзяцінства, калісь вясёлага і ўтульнага дома. На ўсіх родных як быццам адціснулася жудаснае кляймо: сям’я “ворагаў народа”, якім атруцілі дзяцінства дзяўчынкі да пачатку вайны.

Карціны гінулі на вайне, як і людзі. Большасць партрэтаў Кругера была знішчана ў Мінску падчас вайны. Сам ён памер у 1940 годзе. Але “Партрэт дзяўчынкі” нейкім цудам захаваўся ў гады акупацыі Мінска: жанчыны з дзецьмі не змаглі выйсці з палаючага горада і вярнуліся ў свой дом, амаль адзіны ўцалелы на ўсёй вуліцы. Дзяўчынка з партрэта Кругера мела моцны і ўпарты характар. Пасля вайны яна скончыла школу з залатым медалём, які даваў ёй шанц паступіць у любы інстытут краіны. Пасля заканчэння Ленінградскага політэхнічнага інстытута яна вярнулася ў Мінск да сваіх родных і ўсё жыццё, амаль 30 гадоў, працавала інжынерам на заводзе імя Леніна. Даўно ўжо знесены той драўляны дом, загінулі або памерлі яго тагачасныя жыхары – родныя Тамары Леанідаўны, сама яна пастарэла і змянілася. А дзяўчынка на партрэце Кругера па-ранейшаму строга і трывожна глядзіць у будучыню, у невядомы пакуль лёс.

Пасля смерці мастака ў 1940 годзе яго творы і архіў паступілі ў Дзяржаўную карцінную галерэю БССР. 11 ліпеня 1941 г. на выставу ў Мастацкай галерэі імя Ю. Пэна трох мастакоў, выхаванцаў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў – Ю. Пэна, Я. Кругера і Л. Альпяровіча, прывезлі творы Кругера і Альпяровіча з Дзяржаўнай карціннай галерэі ў Мінску. Ніхто тады і падумаць не мог, што віцебская выстава, якая адкрылася за 10 дзён да пачатку вайны, выратуе творы гэтых мастакоў ад знішчэння ў акупаваным Мінску. Дом Кругера і яго майстэрня былі спалены нямецкай бомбай у чэрвені 1941 года, галерэя з астатнімі яго творамі была разрабавана.

Як жа склаўся лёс сям’і мастака, яго дзяцей? Яўрэйская моладзь, сціснутая царскай прымусовай “рысай аседласці” малых мястэчак і невялікіх гарадоў Беларусі, пасля рэвалюцыі імкнулася ў сталіцы. Не сталі выключэннем і дарослыя ўжо дзеці мастака.

Старэйшая, Сафія, у 1930-м годзе выйшла замуж за журналіста і тэатральнага крытыка, выхаванца казанскага ўніверсітэта Льва Шварца і пераехала ў Маскву. Яна працавала машыністкай у “Учительской газете”. Цяжкія галодныя гады эвакуацыі ў Уфе з маленькімі дзецьмі выклікалі ў Сафіі хваробу печані. Яна памерла ў Маскве ў 48-гадовым узросце. Дзеці – Марына і Аляксандр – засталіся з новай жонкай бацькі, былой іх нянькай і хатняй работніцай, якая не шанавала сямейных рэліквій былой сям’і свайго мужа: партрэт жонкі Кругера мачаха выкарыстоўвала як падстаўку пад патэльні. Зразумела, чаму ўнучка Кругера Марына рана пакінула бацькоўскі дом.

Сын мастака Марк пасля заканчэння педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта паступіў у Ленінградскі інстытут механікі і оптыкі і потым працаваў на оптыка-механічным заводзе, выкладаў у інстытуце механікі і оптыкі, атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ён цікавіўся жывапісам: пісаў эцюды, адзін з якіх нават захаваўся ў прыватным зборы яго дачкі Людмілы. Свайго старэйшага сына назваў у гонар бацькі Якавам.

Жонка Кругера пасля смерці мужа пераехала ў Маскву да дачкі, а пасля смерці Сафіі ў 1951 годзе – у Ленінград да сына Марка. Зінаіда Кругер памерла ў 1959 годзе ва ўзросце 81 года. Пахавана на яўрэйскіх могілках у Ленінградзе.

Карціны Кругера з віцебскай выставы 1941 года паспелі эвакуіраваць у Саратаў. Яны ляжалі ў сырым бомбасховішчы з 1941 па 1943 год. Калі б не выстава да 25-годдзя Беларусі, што ладзілася ў Траццякоўскай галерэі ў 1944 годзе, і рашэнне Алены Аладавай паказаць іх на гэтай выставе, лёс карцін быў бы непрадказальным. Але іх адрэстаўрыравалі і прывезлі ў Маскву. Работы вярнуліся з Саратава ў Мінск у 1947 годзе. Па актах вяртання можна меркаваць, што для той выставы было выбрана 15 твораў, у асноўным партрэты мінскай інтэлігенцыі – дарэвалюцыйнага і савецкага часоў. Накіды да гэтых партрэтаў захаваліся ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Гэта ўсё, што засталося ад 45-гадовай працы Кругера. Але і такая, вельмі малая, частка яго творчай спадчыны дазваляе сказаць, што Кругер – выдатны мінскі партрэтыст, які зрабіў партрэт мінскай інтэлігенцыі даваеннага часу, адлюстраваў драматычны лёс свайго пакалення.

Аўтар тэксту і складальнік – Н.М. Усава,вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь