Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

“В некотором царстве, в некотором государстве…”. Творчасць Барыса Кустодзіева

У казачным свеце Барыса Кустодзіева, нібы на каруселі, праносяцца балаганы, латкі, дрэсіраваныя мядзведзі, купцы, карчмар, рамізнікі – увесь гэты чароўны кірмашовы свет створаны таленавітай рукой мастака.

Жывапіс Барыса Кустодзіева асветлены яркім святлом, поўным сонца і свята, яго свет бестурботны і вясёлы. Там няма маркотных дзён, восеньскага бездарожжа, беднякоў, шэрых будняў і грамадскіх узрушэнняў. Гэты свет жыве ў межах Расіі, пернікавай, купецкай. Драўляныя, вялікія і малыя правінцыяльныя мястэчкі, губернскія цэнтры Сярэднярускай раўніны і Паволжжа. Румяныя прыгажуні-купчыхі ў стракатых хустках павольна папіваюць гарбату, шумяць і завабліваюць пакупнікоў гандляры, вясёлыя зазывалы запрашаюць на прадстаўленне ў балаган. Жыццё там замерла ў XIX стагоддзі. У гэтым свеце няма месца чыноўніцкаму Пецярбургу і люднай, мітуслівай Маскве.

Цягу да святла і народнага мастацтва будучы мастак увабраў у роднай прыгажуні-Астрахані з яе стракатым і маляўнічым жыццём. Гэты горад заўсёды ўяўляўся краем сонца і багацця. Праз усё жыццё Б.М. Кустодзіеў пранёс вялікую і незбыўную любоў да Паволжжа – края, дзе прайшлі яго дзяцінства і юнацтва. Сям'я Кустодзіева арандавала невялікі флігель у доме багатага купца. Тут хлопчык атрымаў першыя яркія ўяўленні пра побыт правінцыяльнага купецтва. “Увесь уклад багатага купецкага жыцця, – пісаў пасля Б.М. Кустодзіеў, – быў як на далоні... Гэта былі жывыя тыпы Астроўскага...”. Маці мастака Кацярына Прохараўна стала ўдавой у 25 гадоў. На пенсію ў 30 рублёў яна выхоўвала 4-х дзяцей, але імкненне да жывапісу ў свайго сына Барыса падтрымала і грошы на навучанне знайшла.

Першае творчае ўзрушэнне і захапленне 9-гадовы Барыс Кустодзіеў выпрабаваў у 1887 годзе, калі ў Астрахань з Масквы прывезлі выставу перасоўнікаў. Рэпін, Сяроў, Шышкін... Карціны гэтых мастакоў уразілі Кустодзіева, асабліва працы Ільі Яфімавіча Рэпіна. Магчыма, менавіта гэта выстава падштурхнула яго маляваць і адстойваць сваё права быць сапраўдным мастаком. Першым педагогам Барыса Кустодзіева стаў вядомы астраханскі мастак П.А. Уласаў. Мастак праз усё жыццё пранёс глыбокую павагу і ўдзячнасць да свайго першага і любімага астраханскага настаўніка, а незадоўга да смерці Кустодзіеў выканаў яго партрэт. Ён пісаў Уласаву: «Дасылаю вам сваю манаграфію, а разам з ёй і маю самую гарачую і шчырую падзяку за тую вашу любоў і выключную ўвагу, якія вы выказалі мне, калі я трыццаць гадоў таму прыйшоў да вас зусім яшчэ хлапчуком і знайшоў у вас усё тое, што зрабіла мяне мастаком».

У Акадэміі мастацтваў, куды не без складанасцей удалося паступіць Барысу Кустодзіеву, яго кумірам сярод выкладчыкаў стаў І.Я. Рэпін. Барыс Кустодзіеў пісаў: «...толькі адзін Ілья Яфімавіч і ўмее маляваць...».

У лістах да маці Кацярыны Прохараўны і будучай жонкі Ю.Я. Прашынскай часта сустракаецца: «Рэпін гаварыў...», «Рэпін сказаў...». Пад уплывам Рэпіна-партрэтыста з’явіўся ў Кустодзіева і інтарэс да партрэтнага мастацтва. І настаўнік высока цаніў аднаго са сваіх найталенавітых вучняў. У красавіку 1901 года Рэпін атрымаў прапанову адлюстраваць юбілейнае пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Незвычайна складаная і цікавая праца. Больш за 80 партрэтаў! Прафесар узяў у памочнікі лепшых вучняў сваёй акадэмічнай майстэрні – Барыса Кустодзіева і Івана Кулікова. “На Кустодзіева я ўскладаю вялікія надзеі, – казаў І.Я. Рэпін. – Ён мастак таленавіты, які любіць мастацтва, удумлівы, сур'ёзны, уважліва вывучае прыроду. Адметныя рысы яго таленту: самастойнасць, арыгінальнасць і глыбока прадуманая нацыянальнасць; яны служаць залогам моцнага і трывалага яго поспеху”.

Аднак ішоў час, і вучань пачынае шукаць свой індывідуальны шлях, стараецца разгледзець сваё ў жывапісе. Многае спрабуе, але ва ўсім бачыць руку настаўніка.

У 1900 годзе мастак ездзіў у Кастрамскі край на эцюды. І пасля гэтай паездкі жыццё яго моцна змянілася. Ён убачыў свой шлях у жывапісе і знайшоў сваю сапраўдную любоў. Там, у вёсцы Калганава, размешчанай непадалёк ад вялікага гандлёвага сяла Сямёнаўскае-Лапатнае, Б.М. Кустодзіеў пазнаёміўся з 19-гадовай Юліяй Прашынскай, сваёй будучай жонкай.  

Яны ажаніліся зімой 1903 года. Там жа, у Кастрамской губерні, ён убачыў, што яму так важна апісаць у жывапісе. Сёння прыехаў якраз у базар..., – пісаў мастак, – ашаламленне ад гульні фарбаў, такая разнастайнасць. Стаяў і глядзеў, жадаючы валодаць звышчалавечай здольнасцю ўсё гэта запомніць, захаваць і перадаць. Там, у Сямёнаўскім, мастак убачыў асаблівае зачараванне ў жыцці рускай глыбінкі, убачыў дарогу, па якой будзе ісці нягледзячы ні на што. Кірмашы, гулянні, вясковыя святы і, вядома, просты люд…

У калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь сапраўднай каштоўнасцю з’яўляюцца працы Б.М. Кустодзіева. Адной з лепшых можна па праву лічыць карціну Масленіца, напісаную ў 1919 годзе.

Святочны горад, зіхатлівыя купалы цэркваў і званіцы, што ўзнімаюцца ўвысь і патанаюць у карунках заінелых галін дрэў. У разгары масленічныя гулянні. Прыгожыя касцюмы, усмешлівыя, расчырванелыя на марозе твары. На пярэднім плане імчыцца раскошная тройка. Коней паганяе хвацкі кучар. У санках едуць багатыя барыні, хутаючыся ў футравыя муфты. Гарманіст сваёй немудрагелістай ігрой забаўляе купчых у пярэстых спадніцах. Спіной да нас – гандляр яркімі паветранымі шарамі, а ззаду – неад’емны атрыбут масленічных гулянняў – балаган. Усё гэта мільгае і пераліваецца калейдаскопам колераў, які з магічнай сілай прыцягвае гледача. Карціна напоўнена звонам сонца, марозіка і весялосці. Царква на заднім плане вянчае пейзаж, надае адзінства і кампазіцыйную завершанасць. Намаляваныя дрэвы кантрастуюць з нястрымнасцю фарбаў у паказе простага люду і мноства бытавых дэталяў. Звонкая чысціня каларыту, яго строгая ўзгодненасць ствараюць цудоўную колеравую гармонію. Творчае праламленне ўбачанага ў кампазіцыйным плане яркае, смелае і самабытнае. Пейзаж узяты шырока і панарамна.

Ва ўменні завязваць шматпланавыя сюжэтныя кампазіцыі, як і ў сапраўдным разуменні народнага, нацыянальнага ў мастацтве, ёсць нешта, што радніць Кустодзіева з Пітэрам Брэйгелем. У майстэрні мастака вісела рэпрадукцыя карціны Пітэра Брэйгеля «Паляванне». «Бацька вельмі любіў гэтага мастака, – успамінаў Кірыл Кустодзіеў, сын мастака, – і заўсёды адзначаў дзіўнае ўменне Брэйгеля перадаваць людзей у прыродзе – злітнасць пейзажу і фігур. Незвычайна цікава разглядаць на яго карціне, што робіцца з людзьмі на лёдзе, санкамі на дарозе ... ». Наогул, «фламандскай школы стракатае смецце» здавалася Кустодзіеву россыпам жывапісных каштоўнасцей. Даследчыкі адзначаюць, што ў знакамітых кустодзіеўскіх «масленіцах» ёсць рысы падобныя на ракурсы Брэйгеля.

Свае святы Кустодзіеў не без задавальнення засяляе рускімі прыгажунямі. Іх вобразы займаюць асаблівае месца ў творчасці мастака. Імі ён любуецца, захапляецца і па-добраму над імі паджартоўвае. Пра гэтых прыгажунь можна гаварыць мовай казкі: «Белыя ды румяныя», у іх «сабаліныя бровы» і «вусны-вішанькі», ходзяць яны «важна ды паважна, быццам павы».

Барыс Кустодзіеў запамінае іх, заўважае бясконцае мноства дэталяў. Гэта будзе даваць пажытак уяўленню мастака, калі з-за цяжкай хваробы сам ён ужо не зможа пакідаць свайго пакоя самастойна.

Жыццё здавалася бясхмарным, поўным надзей і планаў. І ніхто – ні мастак, ні яго жонка Юлія Яўстаф'еўна – не падазравалі, колькі страшных выпрабаванняў ім трэба прайсці разам. Хвароба падступала паступова, усё часцей нагадваючы пра сябе. Да восені 1913 года мастак зноў скардзіцца на «страшэнную боль» у правай руцэ. Збітыя з панталыку дактары разводзяць рукамі. Па дарозе дадому з творчай паездкі па Італіі Кустодзіеў заязджае ў Берлін да знакамітага нейрахірурга – прафесара Апенгейма, які паставіў дыягназ – захворванне спіннога мозгу, магчыма, пухліна. У 1916 годзе здароўе Барыса Кустодзіева рэзка пагоршылася. Не дапамагла і восеньская паездка ў Крым.

У сакавіку 1916 года давялося вырашыцца на другую аперацыю. «Мама сядзела ў калідоры, – успамінала дачка мастака, – нарэшце выйшаў прафесар і сказаў ёй, што, магчыма, прыйдзецца перарэзаць нервы, каб дабрацца да пухліны. Трэба вырашаць, што захаваць: рукі ці ногі? «Рукі, пакіньце рукі! – умольвала мама. – Мастак без рук! Ён жыць не зможа». З таго часу жыццё ў доме Кустодзіева моцна змянілася. «Бо свет мой – гэта толькі мой пакой, – гаворыцца ў адным з лістоў мастака, – бо ўжо вельмі сумна без святла і сонейка. Вось і займаюся тым, што імкнуся на карцінах сваіх гэта сонейка злавіць і занатаваць».

Вакол работ Барыса Кустодзіева было шмат спрэчак, знаходзіліся ахвотнікі крытыкаваць мастака за так званую лубачнасць, прастату сюжэту, але знаходзіліся і тыя, хто лічыў, што менавіта там і трэба шукаць сапраўдную прыгажосць народнага характару. Творчасць гэтага выдатнага майстра вельмі неадназначная. Нельга дапускаць памылкі і занадта павярхоўна ацэньваць працы мастака. Проста дазвольце сабе паглыбіцца ў гэты яркі і светлы свет сапраўднага жывапісу.

Выявы:

У «Цераме» (Мой дом). 1914–1918. Фрагмент. Са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Урачыстае пасяджэнне Дзяржаўнага савета. 1903. Копія з карціны І.Я. Рэпіна. Са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Ю.Я. Кустодзіева з дачкой. 1906. Са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Барыс Міхайлавіч Кустодзіеў. Масленіца. 1919. Са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Купчыха з пакупкамі. 1920. Са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Аўтар тэксту: Юлія Вячаславаўна Маспанава, старшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы.