Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Віртуальная выстава “Уладзімір Дамарад. Мастак-ветэран”, прысвечаная Дню Перамогі

Прац гэтага бабруйскага мастака, ветэрана вайны ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея было няшмат усяго пяць. У 2020 годзе сын мастака, мінскі пейзажыст Сямён Дамарад, падарыў музею яшчэ 14 графічных работ бацькі, якія мы прадстаўляем на гэтай выставе. 

Творчасць Уладзіміра Дамарадаі (1919-2005) непарыўна звязана з Бабруйскам. У яго жывапісных творах адлюстраваны многія падзеі, якія пакінулі след на абліччы горада, захаваны вобразы гараджан. Мастаком створана мноства цікавых твораў у жанрах тэматычнай карціны, часцей за ўсё сюжэтна звязаных з вайной; пейзажа, у тым ліку вобразы індустрыяльнага Бабруйска.


"Хлеб партызанам"  (папера, акварэль)

Уладзімір Дамарад нарадзіўся ў Бабруйску ў 1919 годзе, калі горад быў заняты польскімі войскамі. Яго alma mater – Віцебскае мастацкае вучылішча. У. Дамараду пашанцавала вучыцца ў такіх выдатных педагогаў, як Л. Лейтман, Ф. Фогт, В. Дзежыц, што стаялі ля вытокаў віцебскай акварэльнай школы. Па завяршэнні навучальнага курса, у 1939 годзе, быў накіраваны ў Бабруйскі калгасна-саўгасны тэатр, дзе ў даваенныя гады ўдзельнічаў у афармленні шэрага спектакляў.

З 1942 года У. Дамарад на фронце. Некаторы час быў снайперам, а пасля ранення пераведзены на камсамольскую работу. Пасля вяртання дадому зноў працаваў мастаком-пастаноўшчыкам, толькі ўжо ў Рускім тэатры Бабруйскай вобласці. Яшчэ адна старонка біяграфіі мастака – праца ў краязнаўчым музеі. У. Дамарад займаў пасаду захавальніка фондаў.

У красавіку 1948 года член Саюза мастакоў А. Астроўскі і У. Дамарад, які быў у той час кандыдатам у члены Саюза, сталі прадстаўнікамі мастакоў Бабруйскай вобласці на II з’ездзе Саюза мастакоў БССР, а затым займаліся стварэннем Таварыства мастакоў Бабруйскай вобласці – абласной секцыі Саюза. 


Мастакі-ветэраны (у цэнтры У.Дамарад)

У. Дамарад актыўна дэманстраваў свае працы на шматлікіх выставах. Значную ўвагу гледачоў і крытыкі прыцягнула да сябе праца алеем “Ускладанне вянкоў на магілу Бахарава” – найбольшы творчы поспех мастака ў пасляваенныя гады. У той перыяд стварэнне вялікіх тэматычных карцін патрыятычнага зместу было агульнай тэндэнцыяй савецкага мастацтва, і У. Дамарад не застаецца ў баку ад гэтага працэсу. Карціна была паказана на Рэспубліканскай выставе 1953 года. Апошні раз яна выстаўлялася ў Цэнтральным Доме афіцэраў у Мінску ў 1953 годзе. Хутчэй за ўсё, была перададзена ў клуб вайсковай часці.

У першыя пятнаццаць пасляваенных гадоў У. Дамарад працуе ў розных тэхніках, аднак да канца 1950-х гадоў у яго творчасці прыкметна пераважае акварэль.

1960-я гады ў мастацкім жыцці Бабруйска мы разглядаем як новы самастойны перыяд, які атрымаў свой “твар”, у першую чаргу за кошт прытоку ў горад маладых сіл. Новыя мастакі паступова, крок за крокам, адціскалі сваіх старэйшых калег.

І толькі працы У. Дамарада сістэматычна працягвалі адзначаць на выставах журналісты і мастацкія крытыкі. Неабходна аддаць мастаку належнае. Ён здолеў прачуць “новы час”, адрэагаваць на яго. Мастак здабыў важны складнік сваёй творчасці, які спрыяў фарміраванню яго індывідуальнасці. Менавіта ў 1960-я гады віды Бабруйска, што адбудоўваўся, выкананыя ў акварэльнай тэхніцы ўжо сталага майстра, становяцца яго асноўнай тэмай на працяглы перыяд. Гэта найбольш распазнавальная частка творчасці і своеасаблівая візітная картка У. Дамарада.


"Падлужжа". 1967. (папера, акварэль)

У 1969 годзе адбылася першая персанальная выстава, прымеркаваная да 50-годдзя мастака. Індустрыяльныя пейзажы Бабруйска дамінавалі ў экспазіцыі. Абраная тэма паказвала аўтара гледачу як летапісца, знаўцу гісторыі і мастака з выяўленым лагічным мысленнем. Індустрыяльныя пейзажы дэманструюць упэўнены прафесіяналізм, прытрымліванне традыцый віцебскай акварэльнай школы.


"Бабруйская прыстань". 1973. 
(папера, акварэль)


"Бабруйск. Новая прыстань". 1971. (папера, акварэль)

Маляўнічая гісторыя некаторых бабруйскіх прадпрыемстваў часта пачынаецца з пейзажаў з экскаватарамі і самазваламі на пустках, з закладаннем заводскіх карпусоў, з доўгімі комінамі кацельняў, з рэйкавымі пуцямі. Так ствараліся шынны камбінат, ЦЭЦ-2, машынабудаўнічы завод імя Леніна...

Асаблівую перавагу мастак аддаваў малюнкам прыстані з яе невялікімі судамі і баржамі, партовымі кранамі, з гарамі пяску і бярвення і заўсёды спакойнай роўняддзю ракі, якая пералівалася ўсімі фарбамі, як люстэрка, дзе адбіваліся світанкі і захад сонца з незлічонымі адценнямі вясны, лета і восені. Прыгажуня Бярэзіна ў яго карцінах паўстае нястомнай працаўніцай, што нясе сваімі водамі незлічоную колькасць плытоў да лесакамбіната, якому таксама прысвечана мноства работ. Мастак з уласцівай яму дбайнасцю і фатаграфічнай дакладнасцю малюе працэсы падачы лесу ў перапрацоўчыя цэхі.


"Разліў на Бярэзіне". 1968. (папера, акварэль)

Творчыя перавагі У. Дамарада складваліся на працягу доўгага часу. Відаць, як фарміравалася яго індывідуальнасць, як ён знаходзіў сваю пазнавальную манеру. У тэматычных карцінах, у індустрыяльных пейзажах мы бачым мастака, які працуе ў стылявых рамках свайго часу. Гэта не аднасеансныя эцюды, а складаныя па кампазіцыі і тэхніцы выканання пейзажы-настроі.


"Восень пад Бабруйскам" 1998 (папера, акварэль)
(Дар Сямёна Дамарада)

У гэтых працах вылучаецца асабліва кранальнае стаўленне мастака да прастораў роднай Бабруйшчыны, захапленне дзівоснымі куткамі першароднай прыроды, відамі Бярэзіны з бязмежнымі паплавамі, прытокамі, азёрамі і старыцамі.


"На рацэ Пціч". 1988. (папера, акварэль)
(Дар Сямёна Дамарада)

Работы выкананы з тыповай для У. Дамарада пастэльнай пяшчотай. Пейзажы Бабруйшчыны – гэта Радзіма, дарагія сэрцу мясціны, з чым звязана ўсё жыццё мастака, яны абуджаюць у душы святло і мяккасць, якія ён пераносіць у творы.

Нельга не сказаць пра дзіўную працаздольнасць майстра. З году ў год, з дня ў дзень да самага канца свайго жыцця мастак прыходзіў у майстэрню і працаваў. А вынікам упартай працы былі рэгулярныя персанальныя выставы, што праходзілі практычна кожныя пяць гадоў. 


"Добры ўлоў". 1987. (папера, акварэль)
(Дар Сямёна Дамарада)

Творчасць У. Дамарада – гэта доўгі шлях мастака, пройдзены са сваёй краінай, яе культурай, традыцыямі і ідэалогіяй. У шматлікіх карцінах бачна адлюстраванне гэтага шляху, жыццё Айчыны як у трагічныя перыяды, так і ў гады аднаўлення і развіцця эканомікі, для нашчадкаў захаваны вобразы людзей блізкіх і далёкіх, адкрыта прыгажосць і лірычнасць роднай прыроды. Незвычайны выбар мастаком асноўнай тэмы сваёй творчасці – індустрыялізацыя роднага горада. І напрыканцы дзесяцігоддзяў яго працы не толькі захавалі мастацкія вартасці, але і набылі гістарычную каштоўнасць, стаўшы маляўнічым сведчаннем прамысловага станаўлення роднага горада.


"Ферма Малыя Баранікі". 1969. (папера, фламастар)
(Дар Сямёна Дамарада)

Тэкст Генадзя Благуціна
Бабруйскі мастацкі музей

 --------------------------------------------------------------------------------------------------------------

З артыкула “Індустрыялізацыя Бабруйска ў творчасці Уладзіміра Дамарада”, Няфёдаўскія чытанні, 2020