Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Рэспубліканская антытытунёвая інфармацыйна-адукацыйная акцыя

Штогод па ініцыятыве па Міжнароднага саюза па барацьбе з ракам у трэці чацвер лістапада праводзіцца Дзень без тытуню. З 14 па 17 лістапада 2016 года Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ініцыюе рэспубліканскую антытытунёвую інфармацыйна-адукацыйную акцыю і абяўляе 17 лістапада 2016 года Адзіным днём здароўя – “Сусветны дзень без тытуню. Прафілактыка анкалагічных захворванняў”. Мэтай правядзення акцыі з’яўляецца павышэнне ўзроўню дасведчанасці грамадзян па пытаннях негатыўнага ўплыву спажывання тытунёвых вырабаў на здароўе, фарміраванне ў грамадзянскай супольнасці негатыўнага стаўлення да спажывання тытуню, матывацыя на вядзенне здаровага ладу жыцця.

Агульнапрызнана, што рызыка ўзнікнення злаякасных новаўтварэнняў напрамую залежыць ад наступных фактараў: колькасці выкураных цыгарэт у дзень, узросту пачатку курэння і “стажу” курэння. Рызыка развіцця рака значна вышэйшая ў тых, хто пачынае рэгулярна паліць у юнацкім узросце. Развіццю пухлін папярэднічае даволі працяглы перыяд курэння (на працягу дзесяцігоддзяў), але тыя, хто рана пачалі курыць, назапашваюць канцэрагенны патэнцыял ужо ў сярэднім узросце. У той жа час даказана, што адмова ад тытунекурэння былымі курцамі значна зніжае верагоднасць захворвання на рак у параўнанні з асобамі, якія працягваюць паліць. Спыненне курэння нават у сярэднім узросце дазваляе не толькі пазбегнуць у далейшым падвышанай рызыкі захворвання на рак, але і рэзка знізіць яго. Менавіта таму адмова ад тытунекурэння, па сцвярджэнні экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, з’яўляецца на сённяшні дзень найбольш эфектыўным і даступным кірункам працы па зніжэнні захворвання і смяротнасці ад злаякасных новаўтварэнняў.

Антытытунёвая палітыка накіравана як на прадухіленне курэння сярод моладзі, так і на аказанне дапамогі асобам, якія паляць, у спробе пазбавіцца ад згубнай звычкі. Эфектыўнасць і паспяховасць антытытунёвай палітыкі залежыць ад усебаковай накіраванасці і працягласці. Забарона курэння ў грамадскіх месцах, поўная забарона прамой і ўскоснай рэкламы тытунёвых вырабаў, павелічэнне падаткаў і цэн на тытунёвыя вырабы, абмежаванне часу і месцаў продажаў тытунёвых вырабаў; размяшчэнне на ўпакоўках тытунёвых вырабаў папераджальных надпісаў, малюнкаў, інфармаванне аб шкодных уздзеяннях курэння на арганізм, заахвочванне спынення курэння, дапамога ў правядзенні кантролю за здароўем – вось меры, якія неабходна прадпрымаць.

Першы пункт Еўрапейскіх рэкамендацый па барацьбе з ракам сцвярджае:

– Не паліце. Курэнне з’яўляецца найважнейшай прычынай заўчаснай смерці.

– Калі Вы паліце – спыніцеся. Спыненне курэння да пачатку развіцця рака або іншых сур’ёзных захворванняў прадухіляе павышэнне рызыкі развіцця тытунёвай залежнасці хвароб у больш познім узросце, нават калі курэнне спыняецца ў сярэднім узросце.

– Калі Вы не можаце кінуць паліць, не курыце ў прысутнасці тых, хто не курыць. Ваша курэнне можа аказаць неспрыяльнае ўздзеянне на здароўе навакольных.

Аднак галоўнае – гэта ўсведамленне самім курцом згубнасці звычкі для яго самога і яго блізкіх і, як вынік, цвёрдае жаданне пераадолець нікатынавую залежнасць.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь падтрымліваюць ініцыятыву Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага саюза па барацьбе з ракам і прапануюць віртуальную выставу шаржаў са збору музея. Карыкатуры, створаныя беларускімі майстрамі, накіраваны на сатырычнае і гумарыстычнае адлюстраванне чалавечых заганаў, у тым ліку і курэнне.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Мікалай Васільевіч Гурло. 1914–1980. Карыкатура. Дзяўчаты прыходзяць, а вы лайдачыце. 1970-я. Папера, туш, акварэль. 20,5х24,5 см

Валянцін Мікалаевіч Ціхановіч. 1909–1978. Карыкатура. Што новага ў джунглях?. 1963. Папера, акварэль. 34х21,7 см

Мікалай Васільевіч Гурло. 1914–1980. Карыкатура. Глядзіце, Акім Акімавіч, які Вы грыб знайшлі. 1966. Папера, акварэль, туш. 14,9х23 см

Аскольд Мікалаевіч Чуркін. 1930–1985. Карыкатура. Склады на колах. 1970-я. Папера, акварэль, туш. 29,3х23 см

Аскольд Мікалаевіч Чуркін. 1930–1985. Карыкатура. Пачакай, не запісвай прагул, можа яшчэ дойдзе. 1970-я. Папера, акварэль, туш. 28,5х27 см

Анатоль Валянцінавіч Волкаў. 19081985. Карыкатура. Ну і жыццё настала. 1956. Папера, акварэль. 32х31,5 см

Сяргей Анатольевіч Волкаў. 1942. Плакат. Што ж вырасце на гэтым полі? Спыніся, бракароб! Даволі. 1979. Папера, шаўкаграфія. 79,5х60 см

Падрыхтавалі: Канстанцін Уладзіміравіч Барабанаў, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела, і Анастасія Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва.

Сохранить

Сохранить

Сохранить

Сохранить