Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

«Вставай, страна огромная!»

Выстава твораў жывапісу з калекцыі музея, прымеркаваная да дня памяці і смутку беларускага народа – 75-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны

 

Ад пачатку 1940-х гадоў, на працягу амаль паўстагоддзя, ваенная тэма стала адной з магістральных у беларускім мастацтве. Размах, шырыня і адухоўленасць вобразаў, створаных мастакамі ў 1940–1980-я гады, надалі многім творам хрэстаматыйны характар, знаёмы кожнаму школьніку.

У нацыянальным мастацтве склалася асаблівае бачанне ваеннай тэмы. Менавіта Беларусь першая прыняла ўдар ворага. Яе землі чатыры гады былі акупаваны фашыстамі, народ вёў зацятую партызанскую вайну. Загінула амаль чвэрць насельніцтва. У гады Вялікай Айчыннай вайны многія мастакі пайшлі на фронт. Сярод іх – В. Грамыка, А. Малішэўскі, П. Масленікаў, А. Мазалёў, М. Савіцкі, В. Сахненка, У. Сухаверхаў, Л. Шчамялёў і інш. Ахвярамі фашысцкага рэжыму сталі скульптар А. Бразер, графік А. Астаповіч і інш.

У Мінску ўжо ў 1944 годзе быў адкрыты Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Вайна стала своеасаблівым «водападзелам» у памяці людзей. Склаліся асобыя паняцці – «даваеннае» пакаленне, «ваеннае» пакаленне. І гэта дзяленне – не ўзроставае, а якаснае. У мастацтве ХХ стагоддзя можна вылучыць тры пакаленні мастакоў, якія ў сваёй творчасці закранулі тэму вайны. І перш за ўсё гэта мастакі 1930-х гадоў, чыя творчая сталасць прыйшлася на ваенныя гады. Наступнае пакаленне ў мастацтва прыйшло ўжо ў 1960-я гады. Дзяцінства гэтых людзей выпала на час ваенных падзей. І нарэшце, нашы сучаснікі – мастакі, якія нарадзіліся ў 1950–1960-я гады, тыя, што ведаюць пра вайну паводле твораў мастацтва і па аповядах пакалення іх бацькоў, без асабістага вопыту трагічных перажыванняў.

Кожнае пакаленне прыўнесла ў гэтую тэму сваё, уласцівае часу і лёсу, светаадчуванне. Адно іх аб’ядноўвае: разуменне таго, што для такой тэмы патрэбна праўда без знешніх «шумавых» эфектаў і натужнага пафасу.

Асаблівасць творчасці мастакоў ваеннага часу – адлюстраванне разбураных вайной гарадоў, спаленых вёсак (М. Беляніцкі. «Фашысцкая грабармія ў Беларусі», 1942). Яны былі ўзрушаны непазнавальным выглядам беларускіх вёсак і гарадоў у руінах. Менавіта ад такіх дакументальных твораў вее той жыццёвай праўдай, якой і дабіваўся майстар. Мастакі, што акумулявалі духоўную энергію грамадства, аддалі яе ў першыя ваенныя гады. У беларускім мастацтве да такіх твораў-шэдэўраў можна аднесці скульптурныя партрэты 1943 года А. Бембеля «Партрэт М. Гастэлы» і «Партрэт Ф. Смалячкова» З. Азгура.

Да мастацтва ваеннага часу трэба адпаведны падыход – у гэтым выпадку зліваюцца этычныя і эстэтычныя пачаткі. Асаблівую каштоўнасць у творах гэтага перыяду набывае крытэрый жыццёвай праўды. Калі гэты прынцып стварэння мастацкага творы прысутнічае, то ён застаецца ў гісторыі мастацтва.

Па выкліку ЦК КПБ Беларусі многія беларускія мастакі накіроўваліся ў Маскву ў распараджэнне Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК Беларускай ССР. Яны працавалі ў аддзеле прапаганды і агітацыі па сваёй прамой спецыяльнасці – жывапісцамі і скульптарамі. Многія творы ствараліся з натуры за абмежаваную колькасць сеансаў, адсюль – жывасць непасрэднага ўражання ў перадачы індывідуальнага аблічча мадэляў і эцюднасць выканання партрэтаў. Часта эскізы і накіды выкарыстоўваліся ўжо ў пасляваенныя гады. Мастак Я. Зайцаў напісаў па гэтых эцюдах карціну «Стаяць насмерць» (1948).

Цікавасць да ваеннай тэмы ў мастакоў сярэдняга пакалення была абумоўлена не толькі яе маштабнасцю, але і імкненнем мастацкага асэнсавання драматычных падзей, жаданнем паспрабаваць сябе ў сацыяльна-значным творы, дзе ёсць усё – і пафас, і псіхалагізм, і трагедыйнасць. Ваенная тэма для беларускага мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя стала вышэйшай меркай майстэрства для мастака, тым, чым для жывапісца ХIХ стагоддзя былі гістарычны і міфалагічны жанры.

Філасофскія разважанні і абагульненні ваеннай тэматыкі ўласцівыя творчасці шматлікіх мастакоў сярэдняга пакалення. Падзеі вайны ўсведамляліся імі ўжо ў кантэксце рэалій пасляваеннага жыцця. Пачаткам такіх напружаных пошукаў можна назваць рубеж 1950–1960-х гадоў, а затым і наступнае дзесяцігоддзе, у якім арганічна развіваўся так званы «суровы стыль» у беларускім савецкім жывапісе. У гэты час усё ясней сцвярджаліся адносіны да падзей вайны як да тэмы гістарычнай – вялікім этапе гісторыі савецкага народа, што адбілася і на канцэпцыі большасці твораў. У гэты час з’яўляюцца такія шэдэўры беларускага жывапісу, як «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1957–1958) І. Ахрэмчыка, «Партызанская мадонна» (1967, варыянт – 1978) М. Савіцкага, «Аб Вялікай Айчыннай» (1968) М. Данцыга і многія іншыя.

Эмацыянальна напоўненыя творы мастакоў аб ваенным часе заўсёды будуць мець «асаблівы статус» у гісторыі беларускага мастацтва (Л. Асядоўскі «Вставай, страна огромная!», 1985; В. Таболіч «Вогненная вёска». Дыптых, 1984; А. Гугель «Дзеці вайны», 1985).

 

Беляніцкі Мацьвей Захаравіч. 1909-1990. Фашысцкая грабь-армія на Беларусі. 1942. Палатно, алей

Воранаў Натан Майсеевіч. 1916-1978. Памяці аднапалчан 1941-га. 1973. Палатно, алей 

Таболіч Рыгор Фядосьевіч. 1956. Вогненная вёска. Дыптых. 1984. Палатно, алей 

Асядоўскі Леанід Мікалаевіч. 1934-1990. "Вставай, страна огромная". 1985. Палатно, алей

Гугель Адольф Самуілавіч. 1915-1999. Дзеці вайны. 1985. Палатно, алей

Зайцаў Яўген Аляксеевіч. 1908-1992. Стаяць насмерць. 1948. Палатно, алей