Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Міхаіл Канстанцінавіч Сеўрук. Да 110-годдзя з дня нараджэння

Міхаіл Сеўрук. Аўтапартрэт. 1938. Са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

У гэтым годзе спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння таленавітага беларускага мастака Міхаіла Канстанцінавіча Сеўрука (1905–1979). Міхаіл Сеўрук – выхадзец са слаўнай плеяды мастакоў Заходняй Беларусі, яго работы захоўваюцца ў беларускіх і замежных музеях, а таксама ў прыватных зборах. Напрыклад, у Мемарыяльнай кватэры-музеі М.К. Сеўрука ў Нясвіжы знаходзяцца больш за тысячу яго карцін. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваюцца 68 твораў мастака, у тым ліку 12 жывапісных, якія прадстаўляюць асноўныя этапы яго творчасці ад 1932 да 1973 года.

Міхаіл Сеўрук нарадзіўся 27 лютага 1905 г. у Варшаве, а ў 1919 годзе яго сям'я вярнулася ў родныя мясціны, у Нясвіж. Міхаіл Канстанцінавіч вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі. Скончыўшы яе ў 1926 годзе, паступіў на мастацкі факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя і правучыўся там аж да 1932 года. Яго педагогамі ў галіне пейзажнага жывапісу былі Фердынанд Рушчыц і Людамір Сляндзінскі, які выкладаў манументальны і фігуратыўны жывапіс, а таксама малюнак. Ад Рушчыца Сеўрук узяў жыццёвасць вобразаў, экспрэсіўнасць, яркія і сакавітыя колеры, манументалізм і лаканізм. Сляндзінскі ж прывіў маладому мастаку любоў да італьянскага рэнесансу з яго высокім мастацтвам кампазіцыі і дакладнасцю малюнка.

Стрыжка авечак. 1939. Са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

1930-я гады былі росквітам думкі, смелых ідэй і эксперыментаў у жыцці Міхаіла Сеўрука. У той жа час гэты перыяд стаў складаным этапам як для краіны, так і для яе жыхароў: па Рыжскай дамове 1921 г. Заходняя Беларусь, уключаючы Вільню, адышла да Польшчы. Калі ў Вільні абвастрылася супрацьстаянне працоўных Заходняй Беларусі ўладам, многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі не засталіся абыякавымі да гэтых гістарычных падзей, сярод іх быў і Міхаіл Канстанцінавіч Сеўрук. Ён быў адным з арганізатараў Віленскага таварыства мастакоў, у якое ўваходзілі Пётр Сергіевіч, Язэп Драздовіч, Язэп Горыд.

Міхаіл Сеўрук актыўна працаваў з выдавецтвамі, афармляў часопісы і кнігі на беларускай мове. У прыватнасці, ён аформіў першы зборнік вершаў Максіма Танка «На этапах», які выйшаў у 1936 годзе. На жаль, зборнік праіснаваў зусім нядоўга, бо амаль адразу ўвесь тыраж быў знішчаны. Захаваліся толькі некаторыя рэдкія асобнікі. У 1938 г. Сеўрук зрабіў вокладку музычнага зборніка «Наша песня». Жыццё прымушала майстра брацца за любую працу. Некаторы час ён афармляў шыльды і вітрыны крам, рабіў роспісы ў інтэр'ерах касцёлаў, пісаў на заказ партрэты.

З 1939 г. пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР Сеўрук жыў у Нясвіжы, дзе доўгія гады працаваў у школе настаўнікам малявання і чарчэння. З гэтым старадаўнім горадам мастак звязаў 40 гадоў свайго жыцця. У Нясвіжы ім былі напісаны такія творы, як «Стрыжка авечак» (1939), «Збор ураджаю» (1962), «Новы дом» (1968), «Дзяўчаты» (1968). Ва ўсіх названых карцінах адчуваецца самастойны, упэўнены погляд сталага майстра.

Паэтычная сувязь чалавека і пейзажу, адлюстраванне сялянскага побыту, працоўных будняў, малюнак народных тыпаў з'яўляюцца характэрнымі рысамі твораў Сеўрука. У яго малюнках адчуваецца імкненне да манументалізацыі і скульптурнай формы. Менавіта скульптура, па словах мастака, «дапамагала разуменню формы, уменню зрабіць яе больш рэльефнай і адчувальнай». Аб сваім творчым метадзе майстар пісаў: «У карцінах і гравюрах я мала карыстаюся натурай, толькі раблю на ёй праверку ўжо створанага. Натура – я пераканаўся ў гэтым – адразу ж выключае кампазіцыю, пачынаеш «астуджвацца» да сваёй працы. Знікае прыгожая лінія, і атрымліваецца зусім не тое, што ты задумаў».

Міхаіл Сеўрук працягнуў тую лінію беларускага мастацтва, якую вызначылі ўжо ў 1920-я гады такія вядомыя мастакі, як Міхаіл Філіповіч і Пётр Сергіевіч. Яны імкнуліся да абагульненасці формы, выбудоўваючы яе на простай збалансаванасці пластычных і колеравых мас, на ўмоўным спалучэнні стрыманых цёплых і халодных адценняў. Праз кампазіцыйны лаканізм і прастату матываў майстры напаўнялі творы глыбокім філасофскім зместам.

Жніво. 1937. Са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь  

Менавіта такія характарыстыкі ляжаць у аснове візітнай карткі творчасці Міхаіла Сеўрука – карціне «Жніво» 1937 года. У ёй выразна бачны аўтарскі почырк, індывідуальны погляд мастака на рэчаіснасць. У гэтай кампазіцыі майстар надаў вялікую ўвагу пейзажу. Поле, неба, стагі – усё дыхае паэтычнасцю. У каларыце пераважаюць вохрыстыя адценні, як сімвалы сонца і жыцця. У правай частцы – сонечныя прамяні заліваюць залатое поле і стагі. У левай – дужыя, моцныя дубы, у цені якіх ратуюцца ад спёкі работнікі. Рытм і дынаміка кампазіцыі створаны «кругавымі лініямі», пераклікаюцца адзін з адным – лініямі рук намаляваных працаўнікоў, пагоркаў, аблокаў. Галоўныя персанажы – маладая сялянская жанчына ў вобразе мадонны, дзіця, стары – гэта вобразы роднай Беларусі. Простыя будні Сеўрук паэтызуе, напаўняючы сакральным сэнсам. Яго таленту падуладна злучыць рэальны свет з марай, казкай, мроямі.

«Жніво» было напісана пасля заканчэння мастацкага факультэта Віленскага ўніверсітэта і некалькіх гадоў творчай практыкі. Упершыню твор быў прадстаўлены на Усяпольскай выставе жывапісу, скульптуры і графікі ў Варшаве. Сёння «Жніво» з’яўляецца прыкладам нацыянальнай класікі. Гэтая хрэстаматыйная праца знаходзіцца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з 1980 года.

Сваімі лепшымі творамі Міхаіл Сеўрук назаўжды ўвайшоў у гісторыю беларускага мастацтва. У іх паэтызацыя і рэальнасць злучаюцца разам і ствараюць сваю непаўторную беларускую песню...

Аўтар тэксту Юлія Вячаславаўна Маспанава, старшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы.