Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Да 125-годдзя Ільі Іванавіча Машкова

У 1910 годзе ў Маскве з вялікім скандалам прайшла першая выстаўка маладых мастакоў, якія аб’ядналіся ў творчую суполку пад назвай “Бубновы валет”. На ёй паказалі свае карціны Аляксандр Купрын, Пётр Канчалоўскі, Васілій Раждзественскі, Роберт Фальк, Арыстарх Лянтулаў, Ілля Машкоў, Міхаіл Ларыонаў, Наталля Ганчарова. Вернісаж вызваў абурэнне публікі і мастацкай крытыкі, якая адазвалася аб убачанным так: “... гэта нейкі кашмар, суцэльнае гарачкавае трызненне, галюцынацыя вар’ятаў... Удзельнікі выстаўкі ўсё прыгожае, дзеля чаго стоіць і трэба жыць, вырашылі знішчыць дашчэнту, затаптаць і апляваць сліной злосці і роспачы перад сваім бяссіллем пазнаць сапраўдную прыгажосць. Яны пагрэбавалі ўсімі законамі творчасці... яркія фарбы і нявечанне твараў, постацей, краявідаў! Убоства і здзек!

Мастацкае жыццё Расіі пачатку ХХ ст. было складаным і шматлікім. Працягвалі працаваць такія знакамітыя майстры, як Ілля Рэпін, Васілій Сурыкаў, Валянцін Сяроў, Міхаіл Урубель. Разам з ужо вядомымі выставачнымі аб’яднанняі – “Товариществом передвижных художественных выставок”, “Союзом русских художников”, “Миром искусства”, “Голубой розой”, “Золотым руном” узнікалі новыя, са сваімі маніфестамі і праграмамі. У Расіі з’явіўся, па выразу вядомага мастака і крытыка Аляксандра Бенуа, “мастацкі авангард”.

Акадэмічныя каноны рашуча не прызнаваліся. Захопленыя пошукамі шляхоў далейшага развіцця мастацтва, маладыя мастакі аддавалі даніну сучасным еўрапейскім накірункам і стваралі свае: Міхаіл Ларыёнаў “вынайшоў” “лучизм”, Казімір Малевіч – “супрэматызм”. Вялікі ўплыў на маладых “бунтароў” аказвалі французскія жывапісцы мяжы 19–20 стст. – Гаген, Ван-Гог, Сезан, Матіс, карціны якіх можна было ўбачыць у маскоўскім зборы вядомага мецэната Сяргея Іванавіча Шчукіна. Апрача прафесійных інтарэсаў, рускіх і французскіх мастакоў аб’яднала непрыманне буржуазнага грамадства з яго адмаўленнем духоўных каштоўнасцей, адкрыта спажывецкімі адносінамі да жыцця, якое зневажае людскую годнасць.

Але перш за ўсё мастакі “Бубнового валета” жадалі вярнуць жывапісу ўласцівыя толькі яму якасці – колер, лінію, пластыку формаў і аб’ёмаў, надаць яму новае гучанне.

“...У “Бубновых валетов” шмат сапраўднай таленавітасці і “вясёлага рамяства”, а – галоўнае, маладосці. Найбольш жывапісец са ўсіх, бадай што, Ілля Машкоў. Яму бліжэй за ўсіх знаёмы алейныя фарбы, і яны падпарадкоўваюцца яму... – пісаў прыязна настроены паэт Максімілян Валошын.

Ілля Іванаваіч Машкоў нарадзіўся ў 1881 годзе ў станіцы Міхайлаўская-на-Доне Саратаўскай губерні. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1900–1909) у Канстанціна Каровіна, Валянціна Сярова, Апалінарыя Васняцова. Наведаў Аўстрыю, Германію, Францыю, Англію, Італію, Іспанію, Турцыю, Грэцыю, Егіпет. З 1918 года – прафесар. Выкладаў ва ўласнай студыі (1902–1917), Дзяржаўных вольных мастацкіх майстэрнях – Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях – Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце (1918–1930). Жыў і працаваў у Маскве. Быў адным з арганізатараў аб’яднання “Бубновый валет”.

Сёння ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь знаходзіцца 10 твораў Іллі Іванавіча. Набытыя на працягу другой паловы 1940-х – 1970-х гадоў у сям’і мастака і прыватных калекцыянераў, яны з’яўляюцца гонарам калекцыі рускага жывапісу.

“Жаночы партрэт” напісаны ў 1908 годзе. Партрэты работы Машкова гэтага часу вельмі дэкаратыўныя. Яркімі, гучнымі плямамі вызначаюцца на фоне вялізных чырвоных макаў зялёная кофта і фіялетавая спадніца жанчыны, якая сядзіць. На светлай скуры твару і рук ляжаць энергічна напісаныя рознакаляровыя – чырвоныя, зялёныя, фіялетавыя – цені. Псіхагалагічная характарыстыка мадэлі змяняецца эмацыянальнай, “маляўнічай”. Карціна вабіць гледача напружанным рытмам каляровых плямаў і ліній. Чалавек на партрэце ўспрымаецца як арганічная частка насычанага сваім каляровым багаццем свету прыроды.

Цікавасць да прадмета, яго формы, масы, колеру зрабіла нацюрморт вядучым жанрам у творчасці мастакоў “Бубнового валета”. Вялікі ўплыў на іх аказалі карціны французкага мастака Поля Сезана. Мастакі “Бубнового валета” па-свойму пераасэнсоўвалі яго дасягненні. Нацюрморты Машкова адрознівае страсная закаханасць у натуру, імкненне раскрыць усе яе “таямніцы”, спасцігнуць законы “унутранага жыцця” прадметаў.

Адзін з лепшых твораў Іллі Машкова ў зборы музея – “Нацюрморт з дынямі і гарбузамі” 1914–1915 гг. Мастак захоплены самім актам “стварэння” карціны. Тут таксама прасочваецца ўплыў Сезана, які “адным з першых убачыў у фарбе не толькі яе колеравую функцыю і фарбавальную якасць, але таксама адчуў эмоцыі, якія ўзнікаюць ад успрымання самога рэчыва, цеста фарбы, фактуры”.

На фоне блакітна-зялёнай драпіроўкі, якая ляжыць прыгожымі складкамі, раскладзены і расстаўлены парцэлянавыя і шкляныя вазы з яблыкамі і слівамі, гарбузы, кавун, кветкі ў гліняных збанках. Інтэнсіўным, насычаным колерам мастак выяўляе “канструкцыю” кожнага прадмета. Яго зачароўвае шматвобразнасць форм, іх спрадвечная моц, пластычная дасканаласць, выразнасць ліній.

Нацюрморт напісаны з такім моцным маляўнічым тэмпераментам, што ўзнікае адчуванне, быццам перад намі кветкі і плады першых дзён тварэння, як бы “першаўзоры” рэчаў. Карціна ўспрымаецца як урачысты гімн вялікім творчым сілам Прыроды.

“Нацюрморт з вянкамі, яблыкамі і слівамі” 1912–1914 гг. захапляе гледача сваім кругавобразным рытмам. Паўтараючы абрысы вянкоў, якія вісяць на сцяне, на стале як быццам кружацца ў “хараводзе” парцэлянавая талерка і шкляныя вазы розных форм з яблыкамі, персікамі, слівамі, вінаградам. Энергічнае чаргаванне кругоў і авалаў, кантрасты яркіх, сакавітых колераў – ружовага, зялёнага, фіялетавага, жоўтага, аранжавага, чырвонага – надаюць кампазіцыі вельмі прыгожы, дэкаратыўны характар.

У “Нацюрморце з чарапамі” (канец 1910-х) акт “тварэння” жывапіснага твору саступае месца акту “любавання”. На фоне чорна-аранжавай драпіроўкі, якая нагадвае тэатральную завесу, як акцёры, якія збіраюцца паказаць гледачу п’есу, размясціліся шкляны збан, ваза з ружамі, абраз, скарбонка чырвонага дрэва, акруглы чалавечы чэрап і востра выцягнуты конскі, нізкая ваза з буйным чорным вінаградам, вялікая белая талерка з аранжавымі палосамі. Кампазіцыя пабудавана на супрацьпастаўленні прадметаў, розных па форме і фактуры. Мастаку цікавы і важны “эстэтычныя ўласцівасці” кожнага прадмета. У “Нацюрморце з чарапамі” ёсць драматызм, які ствараюць самі формы, іх напружаныя адносіны паміж сабой. У колеравай гаме пераважаюць цёмныя, насычаныя колеры – чырвоны, аранжавы, чорны, карычневы.

Упрыгожаннем калекцыі з’яўляецца “Краявід з сажалкай” 1921 года. Ён вельмі дэкаратыўны, прыгожы самой фактурай палатна, выразнай лепкай аб’ёмаў. Прастора рагортваецца на вертыкальным палатне знізу ўверх, паўтараючы рух дрэваў увысь, да неба.

Плотнымі, энергічнымі мазкамі мастак перадае моцную жыццёвую сілу драўнінных ствалоў, галін, густой масы лісця. Яркае сонечнае святло, паверхня вады, цені, якія ляжаць на ёй і на траве, здаюцца адчувальна-матэрыяльнымі. Напружана і радасна гучаць чыстыя колеры – зялёны, фіялетавы, сіні, жоўты, бэзавы, белы, – якія ствараюць цудоўную жывапісную сімфонію. У кожным удары пэндзля адчуваецца захапленне ззяючай прыгажосцю света, шчасцем быцця.

“Натуршчыца Фрося” 1924 года – класічны эцюд падобнага кшталту, на якім прадстаўлены аблюбаваны Машковым тып жанчыны з моцнымі, пышнымі формамі. Цёмна-шэры фон з ледзь прыкметным завітком ампірнага крэсла падкрэслівае рэльефна вылепленыя рукі і грудзі, прыкрытыя чорнай тканінай. Жывапіс эцюда пабудаваны на кантрасце цёмных і светлых, ружавата-залацістых таноў.

Яшчэ падчас свайго навучання ў Маскоўскай вучэльні жывапісу, скульптуры і дойлідства Ілля Машкоў зразумеў, як важна ў мастацтве прытрымлівацца класічных традыцый, каб дасягнуць вяршынь майстэрства. Асабліва неабходна было захаваць гэтыя традыцыі ў пачатку новага стагоддзя, калі шматлікія маладыя мастакі і літаратары разам са “старым буржуазным” светам адмовіліся таксама і ад “аджыўшых”, як яны лічылі, мастацкіх сістэм. “Састарэўшым” быў абвешчаны нават алфавіт. Футурысты – Уладзімір Маякоўскі, Васіль Кандзінскі, браты Бурлюкі, Велемір Хлебнікаў заяўлялі: “... толькі мы – твар Новага часу”, і прапанавалі “скінуць Пушкіна, Дастаеўскага, Таўстога з Парахода сучаснасці”. Міхаіл Ларыёнаў лічыў, што мастаку наогул не трэба ніякай школы. У такіх “рэвалюцыйных” абставінах адна з “запаведзей” класічнага мастацтва – работа з натуры – набыла вялікае значэнне.

У 20-я гады мастак звяртаецца да тэм сучаснасці. Быў задуманы цыкл твораў “з жыцця і быту курортных хворых”. У 1926 годзе напісана карціна “На пляжы. Гурзуф”. На ёй адлюстраваны па-машкоўскі моцныя аголеныя жанчыны на беразе мора.

Асляпляльнае паўднёвае сонца залівае палатно, падкрэсліваючы своеасаблівую прыгажосць моцных, загарэлых цел. Жывапіс палатна як быццам сатканы з невялікіх рухомых мазкоў, якія перадаюць атмасферу спякотнага, летняга дня, ззянне сонца на вадзе і распаленай гальцы пляжа, гарачае, насычанае марской соллю паветра.

У 30-я гады Машкоў вяртаецца да традыцый танальнай сістэмы жывапісу. У нацюрморце “Кветкі” (1939) няяркія сонечныя прамяні асвятляюць простую гліняную вазу з цяжкімі, пышнымі ружамі, пяшчотнымі званочкамі гладыёлусаў, махнатымі шарамі геаргін. У мяккім святле прыглушана гучаць чырвоныя, жоўтыя, зялёныя, ліловыя, аранжавыя колеры, якія ствараюць вытанчаную гармонію.

“Нацюрморт з апельсінамі” (1939) па кампазіцыі нагадвае “дэсерт” старых галанскіх майстроў, і быццам “адушаўлёны” прысутнасцю чалавека. Кожны адлюстраваны прадмет жыве сваім “ціхім жыццём”, якое адкрываецца толькі пільнаму воку. Мастак цудоўна адлюстроўвае фактуру белай з сінім узорам парцэлянавай цукарніцы, шкляны бок высокай віннай бутэлькі, які зіхаціць на сонцы, зялёнае шкло вытанчанай чаркі, шарахаватую паверхню плотнай кажуры апельсіна і залацістую, сакавітую мякаць апельсінавых долек. Асноўныя колеры нацюрморта – белы, сіні, аранжавы, зялёны, ружовы – дзіўна пераплятаюцца ва “ўсходнім” ўзоры тканіны фону.

У “Нацюрморце з персікамі” (каля 1939) Машкоў не супрацьпастаўляе, а быццам прыпадабняе прадметы адзін да аднаго, шукае і знаходзіць падабенства паміж вялікім чырвоным гранатам і зялёнай керамічнай цукарніцай з ружовай плямай на баку, аксамітнай паверхняй персікаў і мяккай шэрай тканінай фону. Раскладзеныя на стале прадметы напісаны з такім адчуваннем іх пачуццёвай прыгажосці, што ўзнікае жаданне не толькі глядзець на іх, але і ўзяць іх у рукі, адчуць пад пальцамі пяшчотную скурку персікаў, халоднае шкло бутэлькі, пругкасць тканіны. Радасць быцця сцвярджае сябе ў гэтым нацюрмоце.

... Успамінаючы пачатак дзейнасці “Бубнового валета”, Пётр Канчалоўскі пісаў: “Усіх нас аб’яднала тады патрэба пайсці ў атаку супраць старога жывапісу... Гэта быў для нас своеасаблівы “перыяд буры і націска” як пры выступленні рамантыкаў... Засноўваючы “Бубновый валет”, наша група зусім не думала “эпаціраваць” буржуа... Ні аб чым, акрамя жывапісу, мы тады не думалі. Было, вядома, шмат маладых захапленняў, крайнасцей, але ўсе яны прайшлі, а тое, што каштоўнае і патрэбнае, чаго дабіваліся, – добры жывапіс – застаўся”.

Аўтары праекта:
Тэкст – Заг. сектара лекцыйна-экскурсійнай работы аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ М.А. Шчарбакова
Ілюстрацыйны ряд (ацыфроўка твораў) – Д.М. Казлоў

Размяшчэнне на сайце - Заг. сектара мультымедыйных тэхналогій аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ П.А. Яніцкая
Пераклад на беларускую мову – малодшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ А.Ул. Пыко

Аўтары праекта выказваюць асаблівую падзяку:
Захавальніку фонда, вядучыму навуковаму супрацоўніку А.Д. Шапашнікавай,
супрацоўнікам тэхнічнай службы, за дапамогу ў арганізацыі выстаўкі.