Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Да 145-годдзя Ісаака Ілліча Левітана

«Был сейчас на передвижной выставке. Левитан празднует именины своей великолепной музы», – пісаў у адным са сваіх пісьмаў А.П. Чэхаў.

У 90-я гады 19 стагоддзя талент мастака дасягнуў росквіту, «великолепная муза» трыумфавала. Але шлях да гэтага трыумфу быў вельмі цяжкі.

І.І. Левітан нарадзіўся ў 1860 годзе ў мястэчцы Кібарты Сувалкскай губерні. Каля сям’я пераехала ў Маскву, 13-гадовага Ісаака аддалі ў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідцтва ў пейзажную майстэрню А.К. Саўрасава. Знакаміты мастак зрабіў на юнаго вучня вялікі ўплыў, навучыў бачыць сапраўдную прыгажосць у звычайных, сціплых з’явах прыроды. Маладога Левітана заўважыў П.М. Траццякоў: на одной з выставак ён набыў карціну «Восеньскі дзень. Сакольнікі». Да таго, як стаць вядомым мастаком, Левітан жыў у бядоце і нават галадаў, але яго заўсёды падтрымлівалі тытанічная праца і страсная прага да жыцця. У творчасці І.І. Левітана рускі нацыянальны пейзаж дасягнуў сваёй вершыні, набыў глыбокае філасофскае гучанне. У выяўленчым мастацтве рубяжа 19-20 стагоддзяў да пейзажа ўзнік асобы інтарэс. Набліжалась першая руская рэвалюцыя 1905 года, асабліва востра паўставалі праблемы, звязаныя з будучыняй Расіі. Перажыванні, пачуцці і настроі людзей, выяўленыя ў вобразах прыроды, былі сугучны эпохе прадчуванняў і перамен, часу Блока, Урубеля, Скрабіна.

У віртуальнай выстаўцы ўдзельнічаюць сем твораў І.І. Левітана са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Адзін з ранніх – «Нацюрморт з медным збанам» (1880-я гг. П., а. 49,6х39,9. Злева ўнізе: И. Левитанъ. Набыты ў прыватнага ўладальніка ў 1946 годзе.) У 1882 годзе ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідцтва А.К. Саўрасава змяніў В.Д. Паленаў. Магчыма, у яго майстэрні была напісана карціна, якая знаходзіцца ў музеі. Нацюрморт адрознівае прыгажосць каларыту, тонкае пачуццё фактуры разнастайных прадметаў, пышных тканін.

Сапраўднай стыхіяй Левітана стаў пейзаж «настрою», у якім станы прыроды і чалавека складана пераплялісь, натхняя адзін аднаго.

У карціне «Асінавы гаёк. Шэры дзень» (1884 г. П., а. 38,5х 27,3. Злева ўнізе: И. Левитанъ. Набыты ў 1966 г. у прыватнага ўладальніка.) адлюстраваны глухі куток лесу, зарослы асінамі. Дрэвы замерлі ў прадчуванні навальніцы, ледзьве чутнае шапаценне лісця. Святло пахмурнага дня, якое паступова згасае, надае пейзажу мяккасць, стварае лірычны настрой. У паветры, што напаўняе невялікае палатно, адчуваецца пах дажджу. У пейзажы знайшлі адлюстраванне пленэрныя пошукі, характэрныя для часу.

Як мастака лірычнага накірунку, Левітана прывабліваюць вясна, восень, раніца, змярканне, вечна зменлівая стыхія – вада. У карціне «Паводка» (1885 г. П., а. 93,5х156,5. Злева ўнізе: И. Левитанъ 85. Набыты ў прыватнага ўладальніка ў 1954 г.) рака, што шырока разлілася, затапіла драўляныя будынкі на краю вёскі. Нізка навіслае над вадой неба з шэрымі аблокамі, якія клубяцца, нараджае ў душы смуту і трывогу. Мастак як быццам прадчувае грозныя падзеі, што надвігаюцца на Расію. У свавольстве стыхіі адчуваеццца прысутнасць магутных сіл прыроды, перад якімі чалавек бездапаможны і слабы.

Любімы Левітанам восеньскі матыў гучыць у карціне «Восень» (1889 г. П., а. 45х75,7. Зправа ўнізе: И. Левитанъ. Паступіла ў 1946 г. з БДМІВОВ.). Узлесак. На пушыстай, яшчэ зялёнай траве бачныя сляды колаў. Бярозкі ў залатым восеньскім убранні здаюцца асабліва тонкімі і кволымі на фоне старых цёмна – зялёных елак. Пейзаж пранізаны пачуццём смутку – лета ўходзіць.

Пейзаж «Восень» (1894 г. П., а. 37,9х56,4. Зправа ўнізе: И. Левитанъ 94 г. набыты ў 1945 г. у прыватнага ўладальніка.) блізкі па матыву «сялянскім» пейзажам В. Сярова і К. Каровіна. Змрочны восеньскі дзень, сумнае шэрае неба. На першым плане – луг, зарослы звялай травой. У далечыні – хаты і ўзлесак ў іржава-залатым убранні. Пейзаж напісаны ў высакароднай серабрыста-шэрай і вохрыста-карычневай колеравай гаме. У невялікай карціне Левітан сумеў стварыць паэтычны вобраз Расіі, адлюстраваць яе няяркую, шчымлівую чароўнасць. «Восень» пакарае не толькі лірычным настроем, але і нараджае думкі пра будучыню роднай зямлі.

Левітан часта пісаў эцюды дрэваў у пару росквіту. У зборы музея знаходзіцца этюд «Квітнеючыя яблыні» (1896 г. П. на к. 17х24,4. На падрамніку надпіс: Этюд И.И. Левитана. Удостоверяю И. Остроуховъ. Набыты ў 1959 г. у прыватнага ўладальніка.).

Адлюстраваны куток сада, асветлены цёплым майскім сонцам. Жывапіс эцюда вызначае такая свежасць і непасрэднасць погляду, што здаецца, мы адчуваем пах землі, маладога лісця, водар яблыневых кветак. Колеравая гармонія карычневых, зялёных, белых таноў стварае атмасферу свята, у ёй гучыць радасны матыў веснавога аднаўлення прыроды.

І.І. Левітан часта бываў за мяжой, наведаў Італію, Францыю, Германію, Фінляндыю, Аўстрыю. Эцюд «Альпы», які знаходзіцца ў зборы музея, напісаны ў 1897 годзе. (Альпы. Этюдъ. 1897 г. Х.,м.26,5х35,4. Зправа ўнізе: Этюдъ моего брата И. Левитана А. Левитанъ. Набыты ў 1945 г. у прыватнага ўладальніка.).З высокага пагорка адкрываецца від на квітучую даліну, што ахінута найтанчэйшай зеленавата-бэзавай смугой. Удалечыні ўзвышаецца вяршыня гары ў ззянні вечных снягоў. Пяшчотная колеравая гама стварае светлы, урачысты настрой. Чароўная прыгажосць зямлі, гармонія свету ўвасоблены ў эцюдзе пэндзлем вялікага майстра.

І.І. Левітан быў глыбока сучасным мастаком. Уся яго творчасць насычана думкамі аб Расіі, яе лёсе, рускім народзе. У одным з пісьмаў з-за мяжы Левітан пісаў: «Нет лучшей страны, чем Россия! Только в России может быть настоящий пейзажист». Усім сваім жыццём І.І. Левітан даказаў вернасць гэтага сцвярджэння.

Аўтары праекту: 
Тэкст – Загадчык сектара экскурсійнай і лекцыйнай работы НММ РБ М.А.Шчарбакова 
Ілюстрацыйны рад (фатаграфаванне) - Д.Н. Казлоў

Размяшчэнне на сайце – Загадчык сектара мультымедыйных тэхналогій НММ РБ П.А. Яніцкая

Аўтары праекту выражаюць асобую ўдзячнасць: 
Захавальніку фонда, вядучаму навуковаму супрацоўніку А.Д. Шапашнікавай, супрацоўніку тэхнічнай службы В.В. Мішчанка, за за дапамогу ў арганізацыі выстаўкі.