Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Гісторыя аднаго твора. “Пантаміма” Сяргея Судзейкіна

 Я был весь в пёстрых лоскутьях,

Белый, красный, в безобразной маске.  

Хохотал и кривлялся на распутьях,

И рассказывал шуточные сказки...

Александр Блок (18801921)

«Песня Арлекино», апрель 1903

 

Гэтыя радкі як нельга лепш апісваюць персанажа з палатна Сяргея Юр’евіча (Георгіевіча) Судзейкіна (1882–1946) “Пантаміма” (1914) са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Хто гэты невядомы герой у “стракатых абрэзках”, што забаўляе натоўп? Вядома ж, гэта Арлекін – сімвал тэатра, свята і карнавала. Пад чары гэтага акцёра трапілі многія вялікія майстры: Поль Сезан, Пабла Пікаса, Марк Шагал.

Не выключэнне і Сяргей Судзейкін. Гэты тэатральны мастак-авангардыст – адзін з лепшых у XX стагоддзі. Паплечнік знакамітага рэжысёра Усевалада Меерхольда, ён супрацоўнічаў з камернымі тэатрамі і літаратурна-мастацкімі кабарэ. У 1920 годзе Судзейкін эмігрыруе ў Парыж, дзе становіцца сцэнографам кабарэ “Лятучая мыш”, афармляе два спектаклі для трупы Ганны Паўлавай. Праз два гады ён уладкаваўся ў Нью-Ёрку, дзе афармляе для тэатра “Метрапалітэн Опера” балеты Ігара Стравінскага “Пятрушка” (1925), “Салавей” (1926), оперы “Садко” Мікалая Рымскага-Корсакава (1930), “Лятучы галандзец” Рыхарда Вагнера (1931)...

У імкненні аб’яднаць жывапіс і тэатр ён дабіўся такога сінкрэтызму, што нават самыя лаяльныя да майстра крытыкі ў пачатку яго творчай кар’еры наракалі, як нялёгка адрозніць карціну, прызначаную для выставы, ад эскіза дэкарацыі будучага спектакля.

У карціне “Пантаміма” Судзейкін звяртаецца да падобнай арганізацыі прасторы, дае дэкаратыўна-метафарычнае абазначэнне асяроддзя, ахвотна выкарыстоўвае сімволіку тэатральнай абстаноўкі, касцюмаў. Але “Пантаміма” – гэта не жывапіс у тэатры, а тэатр у жывапісе. І нават больш – гэта карціна-спектакль.

На невялікім па памерах палатне разыгрываецца мізансцэна з камедыі дэль артэ. Сюжэт просты і наіўны: дзве пары закаханых хочуць пажаніцца, старыя, як прынята, перашкаджаюць іх каханню, а слугі дапамагаюць перахітрыць старых.

Немудрагелістая сцэнка, якая паказвае на заднім плане закаханых, а наперадзе слуг, што ўдзельнічаюць у інтрызе, з першага погляду можа здацца найбольш простай. Але гэта толькі самы верхні сэнсавы пласт, пад якім ёсць падтэкст: гэта і магчымасць адчуць хісткасць мяжы паміж тэатрам і жыццём, фантазіяй і рэальнасцю, і спроба містыфікаваць штодзённасць, “схаваць” яе ў сцэнічнай прасторы.

У сціплым сюжэце вобраз Арлекіна змяшчае намёкі на характар сучасніка, на жыццё мастака наогул, паказвае абагульнены вобраз артыста, які вечна іграе і імправізуе.

Дык хто ж такі Арлекін? Шут, паяц, артыст, мастак або нехта з нас? Яго гісторыя налічвае паўтысячагоддзя, і за гэтыя гады вобраз зведаў значныя змены. У Францыі ён ператварыўся ў Дамініка, а ў Германіі стаў Гансвурстам.

Першыя згадкі пра яго можна знайсці ў “Боскай камедыі” Дантэ ў выглядзе Алехіна – кіраўніка банды дэманаў. Але асаблівую папулярнасць ён знаходзіць у вулічным італьянскім тэатры, спалучае ў сабе рысы фарсу і “вучонай камедыі”. У гэтым тэатры, як на карнавале, дзеючыя асобы насілі маскі і мелі пры сабе атрыбуты, што тлумачылі і высмейвалі тыпажы з рэальнай рэчаіснасці: купца-скупянды, вучонага-шарлатана і г.д. У паказе не было дакладнага сцэнарыя: кіраўнік групы задаваў сюжэт, а акцёры імправізавалі на вачах у гледача. Дзеянне перамяжоўвалася з танцамі, песнямі, жартамі і лаянкай на ўсіх італьянскіх прыслоўях, што асабліва весяліла публіку.

Маска Арлекіна была самай распаўсюджанай. У пачатку сваёй “кар’еры” ён размаўляў на бергамскай гаворцы. Гэта быў надзвычай прастадушны і дурны селянін, які прыехаў у Венецыю ў пошуках лепшага жыцця. Яго касцюм – сялянская палатняная кашуля і доўгія шырокія панталоны, рознакаляровыя латкі на вопратцы.

Арлекін з характарам вялікага дзіцяці быў трусаватым, вечна галодным і скнарам, але пры гэтым абаяльным. Імкнучыся дапамагчы свайму гаспадару, ён усё рабіў не так. Па сутнасці, гэта была маска балвана, які заказваў сабе труну і збіраўся быць на ўласным пахаванні. І нават драўляны меч не ратаваў яго. Арлекіна лупілі і падманвалі.

У ХVII стагоддзі латкі на касцюме Арлекіна ператварыліся ў сіметрычныя трохвугольнікі, на галаве – капялюшык, упрыгожаны заечым хвосцікам, што сімвалізавала баязлівасць. Але самае галоўнае – з гэтага часу Арлекін перастаў быць грубым, невуцкім чалавекам і стаў больш падобны да блазна.

У ХVIII стагоддзі Арлекін стаў спрытным інтрыганам, а жарты сталі саркастычнымі. Ад вясковай коснаязычнасці не засталося і следу, і ён мог весці дыялог на некалькіх мовах. Цяпер Арлекін – галантны любы і вынаходлівы прытворшчык ў касцюме, які аблягае, што гаворыць аб выкрутлівасці і хітрасці персанажа. Капялюш з заечым хвастом быў заменены на фарсістую трохвуголку.

К ХХ стагоддзю Арлекін становіцца і персанажам выяўленчага мастацтва, і ўвасабленнем вобраза мастака-імправізатара, не абмежаванага традыцыйнымі тэмамі і сюжэтамі. Ён становіцца неаддзельным ад багемнай сферы, стаўшы абагульненым вобразам артыста або мастака. А яго касцюм з рознакаляровых кавалкаў з’явіўся ўвасабленнем стылістычнага кактэйлю, “коўдры з абрэзкаў” творчых магчымасцей пачатку ХХ стагоддзя.

Новае пакаленне мастакоў, ламаючы ўсе стэрэатыпы, нібы забываючы эстэтычныя нормы і здаровы сэнс, змагло аб’яднаць любых персанажаў, людзей і міфічных істот, выкарыстоўваць прыёмы маштабнай несуразмернасці, карацей, магло не турбаваць сябе законамі анатоміі, перспектывы і логікі. Гэтым і тлумачыцца асаблівая прыхільнасць мастакоў ХХ стагоддзя да адлюстравання блазнаў, цыркачоў, клоўнаў, скамарохаў. Арлекін і мастак фактычна сталі сінонімамі.

Трэба сказаць, працы Сяргея Судзейкіна сёння знаходзяцца ў вядучых музеях свету, разышліся па самых багатых прыватных калекцыях. У зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь ёсць адна з самых характэрных яго работ – карціна “Пантаміма”, якая і ў наша прагматычнае стагоддзе здольная бударажыць свядомасць, выклікаючы цэлы паток асацыяцый і ўражанняў.

 

Кацярына Ізафатава,

старшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы

Артыкул апублікаваны ў часопісе “Алеся” №4/2015