Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Да 145-годдзя Аляксандра Якаўлевіча Галавіна 1863–1930

«…В нынешнем веке пишут все тяжелое, ничего отрадного. Я хочу, хочу отрадного и буду писать только отрадное». Гэтае жаданне «ўцешнага», жаданне змен, выказанае Валянцінам Сяровым, адчувалі ў канцы XIX стагоддзя многія маладыя мастакі.

Перадзвіжніцтва і акадэмізм – два асноўных кірункі ў тыя гады – перажывалі сур’ёзны крызіс. Змяняліся ўяўленні аб тым, якім павінен быць прадмет мастацтва і што ёсць прыгажосць у сучасным жыцці. Складаліся новыя прынцыпы мастацкага мыслення. На выстаўках 1880–90-х гадоў з’явіліся «Дзяўчынка з персікамі» В. Сярова, «Дэман, які сядзіць» М. Урубеля, «Прывід отраку Варфаламею» М. Несцерава, «Парыжскае кафэ» К. Каровіна. Узнікалі новыя мастацкія аб’яднанні, сярод якіх самым значным стаў «Мир искусства» (1898). «Заснавальнікі» гэтага творчага саюза А. Бенуа, К. Сомаў, Я. Лансерэ, Л. Бакст, С. Дзягілеў былі перакананы, што мастацтва павінна не толькі выкрываць заганы грамадства, але і дарыць людзям радасць, эмацыянальную асалоду прыгажосцю формы, колеру, ліній, а для гэтага неабходны высокі ўзровень культуры і прафесійнае майстэрства самога мастака. Шукаў свой шлях у складанай мастацкай прасторы тых гадоў і Аляксандр Галавін, які ўвайшоў у «Мир искусства» ў 1899 годзе.

Галавін нарадзіўся ў Маскве ў сям’і святара (быў самым малодшым, 12-м дзіцём). Дзіцячыя гады правёў у падмаскоўным Пятроўскім-Разумоўскім, дзе бацька служыў настаяцелем царквы пры Пятроўскай лясной і земляробчай акадэміі. Дзяцей з ранняга ўзросту далучалі да тэатра, музыкі, літаратуры. Аляксандр добра іграў на раялі, марыў стаць оперным спеваком. Захапленне жывапісам прышло ў старэйшых класах гімназіі. У 1881 годзе Галавін паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства на архітэктурнае аддзяленне, але праз два гады перавёўся на жывапіснае. Яго настаўнікамі былі І. Пранішнікаў, У. Макоўскі, В. Паленаў. Уплыў Васілія Дзмітрыевіча Паленава – выдатнага жывапісца і таленавітага педагога – быў асабліва моцным. Паленаў ужо ў студэнцкіх работах Галавіна адзначаў рэдкае пачуццё каларыту. У 1889 і 1897 гадах Галавін пабываў у Парыжы, дзе наведваў музеі, выстаўкі, майстэрні. Вялікае ўражанне на яго зрабілі карціны Манэ, Пісаро, Рэнуара, Ван-Гога, Гагена. Малады мастак браў урокі ў Акадэміі Каларосі і прыватнай школе Віцці. Яго жывапіснае майстэрства памацнела, тэхніка стала больш свабоднай, упэўненай. У 1898 годзе Галавіна запрасілі ў маскоўскі Вялікі тэатр, і з тых часоў жыццё яго назаўжды было звязана са сцэнай. Галавін стаў першым у гісторыі тэатра мастаком, «ствараўшым» спектакль, у якім грым, касцюмы і дэкарацыі ўяўлялі сабой адзіны мастацкі ансамбль. Вялікім поспехам карысталіся аформленыя ім оперы «Пскавіцянка» Рымскага-Корсакова і «Барыс Гадуноў» Мусаргскага, дзе спяваў вялікі Фёдар Шаляпін. Больш за 10 гадоў Галавін працаваў з Мейерхольдам у Александрынскім тэатры Пецярбурга. У 1908 годзе мастак стаў галоўным дэкаратарам імператарскіх тэатраў, а ў 1912 быў абраны сапраўдным членам Імператарскай Акадэміі мастацтваў.

У 1928 годзе Галавін першым з савецкіх тэатральных мастакоў атрымаў званне народнага артыста РСФСР.

У Нацыянальным мастацкім музеі знаходзяцца дзевяць жывапісных і графічных твораў, якія належаць пэндзлю Аляксандра Якаўлевіча Галавіна. Мы раскажам аб шасці найбольш значных работах.

Мастакі-«мирискусники» паэтызавалі мінулае, шукалі «прыгажосць, якая прайшла» ў мастацтве мінулых стагоддзяў. Асабліва прыцягвала іх XVIII стагоддзе – стагоддзе пышных «галантных свят», мудрагелістых убораў, прыгожага флірту.

У жаноцкай і грацыёзнай «Маркізе» (тэмпера, акварэль), створанай Галавіным у 1908 годзе, як бы ажывае дух эпохі ракако – пачуццёвы і капрызны. Лёгкім серабрыстым ценем слізгае яна па алеях парка, какетліва трымаючы ў адной руцэ букецік кветак, а другой абапіраючыся на ручку парасоніка. Уласцівае ракако адчуванне эфемернасці жыцця, стаўленне да яе як да гульні, маскараду, тэатральнага дзейства знаходзіла водгук у шматлікіх творах мастакоў «Мира искусства», і Галавін тонка перадае ў сваёй «Маркізе» своеасаблівую «сувязь часоў». Вытанчаная каляровая гама – спалучэнне шэрых і аліўкавых тонаў – нараджае адчуванне, што мы бачым не саму прыгожую даму, а яе адлюстраванне ў пацьмянелым ад часу старадаўнім люстэрку.

Індывідуальны стыль Галавіна складаўся падчас работы над тэатральнымі пастаноўкамі. Не забыліся і парыжскія ўражанні: на творчасць мастака прыкметны ўплыў аказалі французскія постімпрэсіяністы. Ствараючы вобраз, Галавін акцэнтуе плоскасць, актыўна выкарыстоўвае дэкаратыўную выразнасць колеру, складаны лінейны рытм. Гэтымі рысамі адзначаны партрэт М.Э. Траянавай (1916 год, тэмпера, гуаш).

Актрыса пецярбургскага тэатра А.С. Суворына Марыя Эдуардаўна Траянава намалявана ў рост на фоне тэатральнай дэкарацыі. Кампазіцыя партрэта будуецца як дэкаратыўнае пано, у якім эмацыянальны стан мадэлі перадаецца напружаным рытмам ліній і жывапісных плям. Плоскасць палатна мастак падкрэслівае выразнай лініяй сілуэту, які як бы знаходзіцца ў атачэнні паветранай жамчужна-ружовай сукенкі, яркай плямай прыбранай квятчастай шалі, кінутай на крэсла. У партрэце Траянавай Галавін дэманструе свой бліскучы дэкаратыўны дар і магчымасці тэмперы – тэхнікі, якую мастак асабліва любіў. Тэмпера ў спалучэнні з гуашшу надае жывапіснаму ладу карціны высакародную, вытанчаную далікатнасць.

Лінейны рытм, які «струменіцца», вызначае кампазіцыйнае рашэнне партрэта Яўгеніі Паўлаўны Чудоўскай, драматычнай актрысы правінцыяльных тэатраў (1922–24 гады, тэмпера, гуаш).

Асабліва выразнай лініяй Галавін акрэслівае сілуэт Чудоўскай, якая сядзіць у крэсле. Строгасць матава-чорнага касцюма змякчаюць светлыя бурштынавыя каралі, з якімі тонка гарманіруюць кветкі ружовай фуксіі, што стаяць побач з крэслам.

Стрыманая каляровая гама – сугучча чорнага, белага, ружовага, зялёнага – падкрэслівае артыстызм, вытанчанасць, прыгажосць мадэлі.

Каляровай вытанчанасцю і прыгажосцю формы адрозніваюцца пейзажы Аляксандра Галавіна.

У «Восеньскім пейзажы» (канец 1910-х гадоў, тэмпера) незвычайны пункт гледжання – зверху, як бы з балкона; таму ўзнікае адчуванне лунання, павольнага слізгацення над залаціста-зялёнай драўнянай «безданню». Скрозь галіны і лісце, якія ўтвараюць на плоскасці палатна складаны ўзор, праглядвае бледнае неба. Ствалы дрэў імкліва «рухаюцца» ўверх, надаючы кампазіцыі складнасць і дынамізм. Сваім вобразным ладам «Восеньскі пейзаж» блізкі да дэкаратыўнага пано.

«Дача», напісаная ў 1907–1910 гадах (тэмпера), сагрэта лірычным пачуццём. Коміны старой хаты, акружанай з ўсіх бакоў дрэвамі, нагадваюць вежы замка Спячай прыгажуні, які таіцца ў глыбіні ляснога царства. Дзякуючы тэмперы, каляровая гама пейзажу, вытрыманая ў зялёных і карычневых тонах, адрозніваецца дзіўнай мяккасцю і пяшчотай.

Не выпадкова адным з улюбёных жанраў мастака стаў нацюрморт: яшчэ хлопчыкам Галавін гадзінамі прастойваў ля акон аранжарэй акадэміі земляробства, любуючыся багаццем квітнеючых там раслін. Сцеблы, лісце, пялёсткі Галавін выпісваў, па яго словах, з «батанічнай дакладнасцю». Нацюрморт «Кветкі» (1910-я гады, акварэль, гуаш) чаруе гледача прыгажосцю ліній, якія сплятаюцца ў мудрагелісты ўзор, вытанчанасцю каляровай гармоніі. З сапраўдным артыстызмам Галавін захаваў у ім дасканаласць форм Прыроды, іх багацце і разнастайнасць.

У 1903 годзе ў адным са сваіх артыкулаў Аляксандр Бенуа пісаў: «…Для нас мир, несмотря на … всю современную жестокость и пошлость жизни, … все еще полон прелести, а главное полон обещаний. Не все еще – полотно железной дороги, не все – мостовая: кое-где еще растет зеленая травка, сияют и пахнут цветы. И среди этих цветов – главный и самый таинственный, самый чарующий, самый божественный – искусство…».

Гэтай «Чароўнай кветцы» ўсё сваё жыццё прысвяціў выдатны рускі мастак Аляксандр Якаўлевіч Галавін.

Аўтары праекта: 
Тэкст – Заг. сектара лекцыйна-экскурсійнай работы аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ М.А. Шчарбакова
Ілюстрацыйны ряд (ацыфроўка твораў) – Д.М. Казлоў

Размяшчэнне на сайце - Заг. сектара мультымедыйных тэхналогій аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ П.А. Яніцкая

Аўтары праекта выказваюць асаблівую падзяку: 
Захавальніку фонда, малодшаму навуковаму супрацоўніку Ю.У. Лісай за дапамогу ў арганізацыі выстаўкі.