Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Да 175-годдзя Мікалая Мікалаевіча Ге

М.М. Ге – адзін з самых своеасаблівых і значных рускіх мастакоў другой паловы 19 стагоддзя. У яго творчасці знайшлі адлюстраванне перш за ўсё маральна-этычныя праблемы, якія хвалявалі перадавую рускую інтэлігенцыю таго часу. М.Ге працягваў традыцыі Аляксандра Іванова, які верыў сілу мастацтва, здольную ператварыць чалавека.

Па сваіх поглядах на сучаснае жыццё Ге быў блізкі І.М. Крамскому і Л.М.Таўстому. Назваўшы адну са сваіх карцін «Што ёсць ісціна?», мастак паказаў, што імкнецца ставіць перад сабой самыя складаныя пытанні, якія хвалююць чалавецтва на працягу стагоддзяў. У пошуках адказу Ге звярнуўся да сюжэтаў, узятых з Евангелля. Карціны «Тайная вячэра», «Што ёсць ісціна?», «Галгофа», «Распяцце» вызывалі ў гледачоў самыя розныя водгукі—ад захопленых да крайне адмоўных. Яны хвалявалі, прымушалі разважаць, і гэта было галоўнае.

«Ахілес, які аплаквае Патрокла».1855 г.

Унук французскага эмігранта, М.Ге дзяцінства і юнацтва правёў на Украіне. Вучыўся будучы мастак на матэматычным факультэце Кіеўскага, а потым Пецярбургскага універсітэтаў. У 1850 годзе Ге паступіў у Акадэмію мастацтваў у майстэрню прафесара П.В. Басіна. У Нацыянальным Мастацкім музеі знаходзіцца карціна «Ахілес, які аплаквае Патрокла» (п.,а.147,5х172,5.Зправа ўнізе: Николай Ге.1855.Набыты ў 1957г. у прыватнага ўладальніка), напісаная ў гады навучання ў 1855 годзе. Следуючы класічнай традыцыі акадэмічнай школы, Ге звяртаецца да сюжэта з «Іліяды» Гамера.

«Рымлянка». 1857 г. Эцюд для ненапісанай карціны «Смерць Віргініі». п.,а. 58х42,5. 

Патрокл загінуў у баі, пераможаны рукой Гектара. У журботна-урачыстай позе са слязьмі на вачах нахіліўся над целам любімага сябра Ахілес. Побач з пасцеллю стаіць чароўна-прыгожая багіня Феціда--маці Ахілеса, якая прынесла сыну новыя, выкаваныя Гефестам, цудоўныя залатыя даспехі. З вялікім масйстэрствам Ге выпісвае ўзбраенне старажытнагрэчаскіх воінаў. Гераічныя характары, барэльефная кампазіцыя, лакальная сістэма каларыту прадстаўляюць нам узор акадэмічнай карціны, за якую М.Ге быў прысуджана малая залатая медаль. Скончыўшы Акадэмію мастацтваў, М.Ге адправіўся ў замежнае падарожжа. Ён пабываў у Германіі, Швейцарыі, Францыі, Італіі. У Рыме была задумана карціна «Смерць Віргініі». У зборы музея знаходзіцца эцюд да яе — «Рымлянка»(1857.Эцюд для ненапісанай карціны «Смерць Віргініі» на сюжэт аднайменнай трагедыі В.Альфіеры. п.,а. 58х42,5. Злева ўнізе:1857.Римъ.Н.Ге; ніжэй:n2. Набыты ў 1959г. у прыватнага ўладальніка.). На ім адлюстравана італьянская дзяўчына з жывымі чорнымі вачамі, апранутая ў сіні, упрыгожаны чырвонымі стужкамі гарсаж. Эцюд напісаны па-майстэрску, шырока і свабодна, у ім ззяе сонца Італіі, якая захапіла не аднаго рускага мастака. Чароўнасць гэтай краіны пакараліся С.Шчадрын, А.Кіпрэнскі, К.Брулоў. У эцюдзе адчуваецца несумненны ўплыў «вялікага Карла», пад уздзеяннем карцін якога знаходзілісь тады многія маладыя мастакі. Сонца і паветра Італіі зрабілі на М.Ге дабратворны ўплыў, што выявілася ў высвятленні і ўзбагачэнні яго колеравай палітры. У Італіі выспела задума карціны «У Гефсіманскім садзе».

Вобраз Хрыста прывабліваў увагу мастакоў ва ўсе часы. У рускім мастацтве другой паловы 19 стагоддзя да яго звярталісь І.Крамскі, В.Паленаў, М.Несцераў. Кожны мастак па-свойму разумеў і ўвасобліваў гэты вобраз. М.Ге ў Хрысце шукаў высокі этычны ідэал, бачыў у ім перш за ўсё чалавечую, а не боскую прыроду.

У зборы музея знаходзіцца эцюд мужчынскай галавы («Мужчынская галава».1868. Фларэнцыя. Эцюд для карціны «У Гефсіманскім садзе» 1869г., што знаходзіцца ў ДТГ. П.,а.54,5х43,1. Зправа ўнізе: Александру Авакумову Куринному отъ Ник.Ге. Набыты ў прыватнага ўладальніка ў 1957г.). Твар адлюстраванага на эцюдзе чалавека скарае велічэзнай унутранай сілай, яго вочы праніцаюць душу. Перад намі прарок, які ведае ўсе таямніцы і глыбіні чалавечай прыроды. Створаны Ге вобраз Хрыста поўны драматызму. Яркі кантраст святла і ценю, вытрыманая ў карычневых танах колеравая гама надае яму асаблівую выразнасць.

«Мужчынская галава».1868. Эцюд для карціны «У Гефсіманскім садзе» 1869 г. П.,а.54,5х43,1

М.Ге звяртаўся не толькі да рэлігійных сюжэтаў. Яго карціна «Пётр Першы дапытвае царэвіча Аляксея Пятровіча ў Пецяргофе» стала прыкметнай з’явай у рускім гістарычным жывапісе другой паловы 19 стагоддзя. М.Ге быў таленавітым партрэтыстам, ім створаны выдатныя партрэты знакамітых сучаснікаў мастака – А.І.Герцэна і Л.М.Таўстога. Усё жыццё М.Ге пакутліва шукаў ідэал маральнасці і дабра. Яго духоўныя запатрабаванні былі надзвычайна высокімі, і гэта надавала яго творчасці напружаны, рамантычны характар, які адказваў самым надзённым запатрабаванням часу.


Тэкст – Загадчык сектара экскурсійнай і лекцыйнай работы НММ РБ М.А.Шчарбакова
Ілюстрацыйны рад (фатаграфаванне) - Д.Н. Казлоў

Аўтары праекту выказваюць асобую ўдзячнасць: 
Захавальніку фонда, вядучаму навуковаму супрацоўніку А.Д. Шапашнікавай, супрацоўніку тэхнічнай службы В.В. Мішчанка, за за дапамогу ў арганізацыі выстаўкі.