Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

"Дзеці мастакоў": віртуальная выстава, прымеркаваная да Міжнароднага дня абароны дзяцей

Здзяйсняючы прагулкі па музейных залах, знаёмячыся з творамі сусветнага мастацтва, мы дзівімся і захапляемся шэдэўрамі, створанымі мастакамі. Мы глядзім на мастака, як на творцу. Але рэдка задумваемся, якімі сем’янінамі, бацькамі былі нашы куміры; каму прысвячалі свае творы і кім захапляліся. Хто глядзіць на нас з дзіцячых партрэтаў, што належаць пэндзлю вядомых майстроў жывапісу, графікі, скульптуры?

У адзінай “галерэі” – віртуальнай выставе – сабраны выявы тых, хто быў для творцаў не толькі раднейшым і бліжэйшым за ўсіх, цешыў, служыў вечнай крыніцай прыгажосці, але і натхняў на стварэнне шэдэўраў. Гэта іх дзеці – “Дзеці мастакоў”. Віртуальная выстава знаёміць з партрэтамі дзяцей мастакоў, адлюстраваных у творах, якія знаходзяцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Фёдар Бруні. Партрэт сына, канец 1840 пачатак 1850-х

Ужо ў першай зале пастаяннай экспазіцыі музея, дзе прадстаўлены творы з калекцыі рускага мастацтва, побач з працамі вялікага Карла Брулова вісіць дзіцячы партрэт, які прыцягвае сваёй выразнасцю. З партрэта на нас глядзіць, падобна анёлу, пяшчотны твар хлопчыка, па-майстэрску ўпісаны ў авальную форму. Мяккі абрыс, кучары да плячэй, вялікія карыя вочы, пульхныя вусны – усё гэта надае мадэлі непаўторнае хараство і чароўнасць. Хто ж гэта мілае стварэнне?

На партрэце выяўлены старэйшы сын мастака і рэктара Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Фёдара Бруні – Мікалай Аляксандр Бруні.

Гісторыя сямейства Бруні ахоплівае цэлае стагоддзе і налічвае некалькі пакаленняў. Хоць у гэты час у Расіі працавала шмат майстроў замежнага паходжання, таленавітыя прадстаўнікі прозвішча Бруні занялі сваё пэўнае месца ў рускай мастацкай культуры XIX стагоддзя.

У Фёдара Бруні было трое сыноў, і доўгі час лічылася, што на партрэце быў намаляваны сын Канстанцін. Аднак пазней, параўноўваючы гэты твор з яшчэ адной працай, якая цяпер захоўваецца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, даследчыкі прыйшлі да думкі: на палатне мастак намаляваў свайго старэйшага сына Мікалая Аляксандра.

Пра Мікалая Бруні вядома зусім няшмат, у адрозненне ад яго брата Юлія, які атрымаў у спадчыну талент бацькі. Мікалай памёр рана, ва ўзросце трыццаці трох гадоў, перажыўшы бацьку ўсяго на два гады. Але род Бруні не загас і знайшоў свой працяг і ў дваццатым стагоддзі.

Віктар Васняцоў. Партрэт сына, 1892

На “Партрэце сына” рускі мастак-казачнік адлюстроўвае свайго васьмігадовага сыночка Мішу. У руках хлопчыка кніга. Аб чым ён задумаўся? Як перамагчы трохгаловага змея? Ці як рассмяшыць царэўну Несмяяну? Пра што сумуе Алёнушка на беразе ракі? А можа, пра тое, як ажыццявіць падарожжа да зорак на дыване-самалёце? Усе гэтыя казкі аб чараўніцтве, часе і прасторы, якія ажывалі на палотнах яго бацькі, ён не раз чуў і чытаў.

У Віктара Васняцова было пяцёра дзяцей: тры сыны і дзве дачкі. Але Міхаіл быў любімай мадэллю бацькі, і на многіх сваіх палотнах мастак маляваў менавіта яго. У Кіеве, ва Уладзімірскім саборы, куды пераехала сям’я Васняцовых, калі Мішу не было яшчэ і года, Віктар Васняцоў захаваў рысы свайго маленькага сына ў абліччы Немаўляці Хрыста на руках Маці Божай. І здаецца, што з ранніх гадоў яму быў наканаваны шлях духоўнага служэння. Нават імя сваё Міхаіл атрымаў у гонар дзеда, парафіяльнага святара Міхаіла Васільевіча. Магчыма, у будучыні гэта і адыграла важную ролю ў жыцці хлопчыка, які пасля стаў рэлігійным дзеячам у Празе.

Аднак было ў юнага Мішы яшчэ адно дзіўнае і важнае захапленне – астраномія. Калі Мішу было 7 гадоў, бацька купіў тэлескоп, і хлопчык штодня назіраў далёкія зоркі і сонечныя плямы, імкнучыся спасцігнуць нябесныя таямніцы. Праз гады хлопчык вырас, але застаўся верны свайму захапленню. Скончыўшы з залатым медалём мужчынскую гімназію, Міхаіл паступіў на матэматычны факультэт па спецыяльнасці “астраномія”. А пасля атрымання ўніверсітэцкай адукацыі і праходжання вайсковай службы заняўся навуковай працай і чытаў папулярныя лекцыі па астраноміі ў таварыстве “Веды”, выкладаў у гімназіі і іншых дзіцячых установах. А калі атрымаў пасаду асістэнта ў Адэскай універсітэцкай абсерваторыі, то вымяраў палажэнні сонечных плям на старых негатывах, назіраў камету Галея і сонечнае зацьменне, пра што напісаў пазней навуковыя працы. Дзіцячае захапленне і мары перараслі ў даследаванні і навуковыя дасягненні.

Ці не пра далёкі космас задумаўся наш маленькі герой?

 

Барыс Кустодзіеў. У Цераме (Мой дом), 1914–1918

Сярод плеяды мастакоў, якія натхняліся сваімі дзецьмі, вылучаецца Барыс Кустодзіеў. З дапамогай пэндзля і алоўка мастак выказвае любоў да сваіх дзяцей – Кірыла і Ірыны. На працягу ўсяго жыцця – у эцюдных накідах, у партрэтах і жанравых кампазіцыях – з цеплынёй і пяшчотай ён фіксуе ўзроставыя змены і сталенне сваіх дзяцей, адлюстроўвае іх у розных жыццёвых сітуацыях.

Барыс Міхайлавіч з вялікай любоўю і пяшчотай ставіцца да свайго першынца – сына Кірыла, які з’явіўся на свет 11 кастрычніка 1903 года. У лістах да сваёй жонкі Юліі Кустодзіевай мастак называе маленькага Кірыла “Кірылькам”, “Кірай” і нават “таўсцягам”. У зборы нашага музея ёсць два партрэты Кірыла, што дазваляюць бачыць, якім быў сын вядомага мастака, як ён з хлопчыка-падлетка ператвараецца ў маладога мужчыну – будучага тэатральнага мастака Кірыла Барысавіча Кустодзіева.

Барыс Кустодзіеў. Партрэт К. Б. Кустодзіева, 1910-я

Барыс Кустодзіеў. Партрэт К. Б. Кустодзіева, 1922

Барыс Кустодзіеў не толькі адлюстроўвае сына на партрэтах, але і звяртаецца па дапамогу да Кірыла пры стварэнні мужчынскіх вобразаў. Аднак любімай мадэллю мастака была яго малодшая дачка Ірына, ці як бацька любіў яе называць Ірынушка, ці проста Путя (яго вызначэнне для поўнай, дзябёлай жанчыны).

Першы малюнак, які адлюстраваў нованароджаную Ірынушку, быў зроблены Барысам Міхайлавічам ужо праз чатыры гадзіны пасля з’яўлення дачкі на свет. Пасля Ірына Барысаўна ў сваіх успамінах адзначыць: “...нешта чырвонае, крывое, запялёнутае, як галубец”. Праз год, у 1906-м, у садзе Паленавых Кустодзіеў напісаў партрэт сваёй жонкі Юліі Яўстаф’еўны Прашынскай, якая трымае на руках маленькую Ірачку. Эцюд да гэтай карціны – “Бэз” – сёння знаходзіцца ў зборы нашага музея.

Барыс Кустодзіеў. Ю. Я. Кустодзіева з дачкой. Эцюд да карціны “Бэз”, 1906

З тых самых часоў і да апошніх дзён жыцця Барыса Кустодзіева Ірына будзе служыць свайму бацьку ўпадабанай мадэллю. Так, партрэт гадавалай Ірынушкі ў прыгожай блакітнай сукенцы, якая трымае ў руках цацачнага пеўніка, мы можам бачыць у пастаяннай экспазіцыі Мастацкага.

Барыс Кустодзіеў. Партрэт Ірыны Кустодзіевай, 1906

Дачка дагадзіла Кустодзіеву ва ўсім – вырасла ў “яго гусце”. Аляксандр Бенуа жартаваў: “Ірына пастаралася – зусім дакладна ведала, што трэба Барысу Міхайлавічу для мадэлі!”. Яна пазіравала бацьку для партрэтаў, персанажаў карцін, вокладак, гравюр, ілюстрацый. У 1920 годзе Барыс Міхайлавіч напіша партрэт Ірыны ў профіль, у ярка-сіняй сукенцы, з яблыкамі на сподку. Будзе любавацца, ганарыцца і прыгаворваць: “Ёсць партрэт Лавініі, дачкі Тыцыяна, з яблыкамі, а цяпер – Пуця Барысаўна, дачка Кустодзіева, з яблыкамі!”. Вобраз Ірыны прысутнічае ў “Рускай Венеры”, “Купчысе з люстэркам”, “Купальшчыцы” і іншых творах мастака.

Барыс Кустодзіеў. Ірына Кустодзіева на канапе, 1924

На акварэльнай працы “Ірына Кустодзіева на канапе”, якая знаходзіцца ў калекцыі нашага музея, мастак адлюстроўвае спячую дачку з нагамі на спінцы канапы. Ірына – будучая актрыса, вярнулася пасля чарговага занятку “біямеханікай”.

Праз два гады, у 1926 годзе, Барыс Кустодзіеў напіша апошні партрэт сваёй дачкі ў сіняй сукенцы з аголеным левым плячом і будзе марыць аб партрэце Ірыны пастэллю. Але, на жаль, з-за цяжкай хваробы не зможа ажыццявіць сваю задуму. Увечары 25 мая 1927 года ён намалюе з Ірыны карыкатуру, на наступны дзень – 27 мая – мастака не стане.

Аляксандр Герасімаў. Партрэт дачкі, 1932

Натхняўся вобразам уласнай дачкі і вядомы рускі і савецкі жывапісец Аляксандр Герасімаў.

Сваю дачку – Галіну Аляксандраўну – мастак пісаў неаднаразова: і ў дзяцінстве, і ў юнацтве. Дачка, якая валодала ўседлівасцю і цярплівасцю, была для мастака любімай мадэллю. Усе лепшыя пачуцці, усе багатыя магчымасці жывапісца Аляксандр Міхайлавіч аддаў гэтаму вобразу.

У зборы нашага музея ёсць два творы Аляксандра Герасімава, на якіх мы можам убачыць Галіну. “Партрэт дачкі”, дзе дзяўчынка-падлетак адлюстравана за чытаннем кнігі, – яшчэ адно пацвярджэнне ўседлівасці і цярплівасці юнай мадэлі. Галіна сканцэнтравана і пагружана ў кніжную гісторыю. Мы бачым дзяўчынку, выяўленую на фоне люстэрка, і яе адлюстраванне ў ім, што надае шматмернасць вобразу і дае магчымасць разгледзець юную Галіну з розных бакоў. Праца, напоўненая некаторай цішынёй і лірызмам, воляй-няволяй спыняе погляд гледача і прымушае задумацца.

Аляксандр Герасімаў. Сямейны партрэт, 1934

Пройдзе два гады, і Аляксандр Герасімаў напіша свой вядомы “Сямейны партрэт”, дзе адлюструе сябе, сваю малодшую сястру Аляксандру Міхайлаўну Разіну, жонку Лілію Мікалаеўну і дачка Галіну. Сям’я размесціцца за чайным сталом на адкрытай тэрасе. Асаблівую яркасць, урачыстасць гэтаму палатну надасць пышна напісаны нацюрморт з велізарным букетам кветак.

Атрымліваць асалоду ад гэтага выдатнага сямейнага партрэта супрацоўнікі і госці Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь змогуць дзякуючы той самай дзяўчынцы з партрэта – дачцэ мастака Аляксандра Герасімава. Бо менавіта Галіна Аляксандраўна ў 1966 годзе пагодзіцца прадаць гэты шэдэўр дырэктару музея Алене Васільеўне Аладавай.

 

Зінаіда Серебрякова. Каця з нацюрмортам, 1923

Выявы сваіх дзяцей сталі адной з ключавых тэм і ў творчасці мастачкі Зінаіды Серабраковай.

На партрэце-нацюрморце, у якім старанна выпісана смачна раскладзеная разнастайная “ежа”, адлюстравана Каця – самая малодшая з чатырох дзяцей мастачкі. Кацечка (астатнія дзеці называлі яе Катом) – гэта “фарфоровая далікатная статуэтка з залацістымі валасамі і пяшчотным тварыкам цудоўнай афарбоўкі”.

Зінаіда Серебрякова шма разоў адлюстроўвала сваіх дзяцей, яна жыла імі і любіла бясконца. Усе яе дзеці таксама малявалі з ранняга дзяцінства. А як жа інакш? Калі іх мама паходзіла з сапраўднай багемнай сям’і. Зінаіда належала да клана Бенуа-Лансерэ, дзе кожны быў калі не архітэктарам, то мастаком. Час праводзілі за чытаннем і абмеркаваннем кніг, хатнімі тэатральнымі пастаноўкамі, гульнёй на музычных інструментах і, вядома, маляваннем – у сямействе Бенуа-Лансерэ гэта было “таксама натуральна, як і дыхаць”. Як успамінала Кацярына: “Мы ўсе ні ў каго не вучыліся, і мама ні ў каго не вучылася. Як толькі дзіця нараджаецца, даюць у рукі аловак – і адразу малюем”.

Таму і не дзіўна, што ўсе дзеці Зінаіды Серабраковай пражылі доўгае, насычанае творчасцю жыццё.

Кацярына вырасла і стала мастачкай. Яна пісала пейзажы і нацюрморты, вырабляла макеты гістарычных інтэр’ераў, была заўсёды “правай рукой” мамы і захавальніцай яе спадчыны.

Праца “Каця з нацюрмортам” рускай мастачкі Зінаіды Серабраковай падводзіць некаторую нябачную рысу, падзяляючы серыі партрэтаў дзяцей рускіх і беларускіх мастакоў. Аднак мы не можам абыйсці ўвагай твор “Сябры”, што належыць пэндзлю рускага мастака Аляксандра Маравава, які напісаў партрэт дачкі свайго сябра, вядомага беларускага мастака Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі.

Аляксандр Мараваў. Сябры, 1908

Аляксандр Мараваў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў быў самым блізкім сябрам, “дарагім таварышам” Бялыніцкага-Бірулі. У 1906 годзе Вітольд Каятанавіч з сям’ёй – жонкай і дачкой, Мараваў і Багданаў-Бельскі пасяліліся ў сядзібе “Гарусава”, размешчанай на беразе возера Удомля. Жывучы ў адным доме, Мараваў не мог не заўважыць вялікую любоў свайго сябра Вітольда Каятанавіча да дачкі. Верагодна, гэтая бацькоўская любоў і паслужыла натхненнем для Аляксандра Маравава, які ў 1908 годзе ў сядзібе “Гарусава” напісаў партрэт пяцігадовай Любашы з сабакам. Гэтая праца “Сябры” ўдзельнічала на перасоўнай выставе, затым стала ўласнасцю Вітольда Каятанавіча і да 1958 года знаходзілася на дачы “Чайка”. Пасля паступіла ў збор нашага музея.

Бялыніцкі-Біруля вельмі любіў сваю адзіную дачку, у сваіх лістах да яе ён ласкава называў яе “мая Любаша”, “Любусік”, “Любусенька” і нястомна паўтараў: “...памятай, што гонар мой – ты. Самае дарагое, што ёсць у мяне, – гэта ты, жывапіс і “Чайка”, “Павер, што больш за ўсё на свеце я люблю цябе” (з лістоў Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі дачцэ).

Дачка бацьку горача любіла, заўсёды называла яго “папаня”, а часам жартаўліва “Граф”. У лістах бацьку прызнавалася: “Дарагі мой, мне часам здаецца, што ні адна дачка ва ўсім белым свеце не бачыць столькі пяшчоты і клопатаў ад свайго татачкі, колькі бачу іх я. Усе мае сябры, уся мая тэатральная трупа ведае, які незвычайны ў мяне татачка”.

Маленькая Любаша Бялыніцкага-Бірулі вырасце злёгку распешчанай (адаб’ецца абажанне бацькі). Будзе разумнай, энергічнай жанчынай (як пра яе ўспамінаюць сучаснікі). Стане актрысай маскоўскіх тэатраў, у тым ліку Тэатра драмы, “МХАТа”, выйдзе замуж (двойчы). Акцёрская кар’ера дачкі Бялыніцкага-Бірулі, на жаль, складзецца няўдала, што шмат у чым разбурыць лёс Любові Вітольдаўны. Жыццё яе скончыцца трагічна: падчас купання на возеры, ратуючыся ад буры, Люба выплыве на бераг, дзе і спыніцца яе сэрца. Любові Вітольдаўне Бялыніцкай-Бірулі не будзе на той момант і сарака пяці гадоў.

Такія розныя вобразы, людзі і лёсы ўтоены за партрэтамі дзяцей рускіх мастакоў і дзяцей іх калег. Як малявалі сваіх дзяцей беларускія мастакі, што ўкладвалі ў іх дзіцячы вобраз, якая будучыня чакала маленькіх мадэляў знакамітых бацькоў – пра гэта пойдзе гаворка ў другой частцы віртуальнай выставы “Дзеці мастакоў”.

Аўтары тэксту і складальнікі: загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы Кацярына Ляшкевіч, старшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы Алёна Машчонак