Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Партрэт Ганны Хрысціны Любамірскай. Да атрыбуцыі аднаго партрэта

Сярод вялікай колькасці адзінак калекцыі рускага жывапісу ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (НММ РБ) захоўваецца жаночы партрэт, які істотна адрозніваецца стылістыкай і больш нагадвае творы еўрапейскіх мастакоў эпохі барока. На ім адлюстравана жанчына сярэдняга ўзросту, якая сядзіць у крэсле, левай рукой падтрымлівае галаву і адначасова абапіраецца на падушку. На твары дамы лёгкая ўсмешка. Прычоска з завіткамі ўпрыгожана залатой дыядэмай з вялікімі каштоўнымі камянямі. Апранута жанчына ў сінюю сукенку, перацягнутую поясам з каштоўнымі камянямі. Правую руку дама працягвае амуру. За партрэтаванай злева бачна калона, на якой вісіць лук і калчан са стрэламі. Справа пейзаж з дрэвамі (іл. 1). У навуковым пашпарце твор атрыбутаваны як капійная выява імператрыцы Кацярыны ІІ. Аўтар невядомы. Партрэт памерамі 121х97 см выкананы алеем на палатне. Твор паступіў у музей у 1963 г. разам з экспанатамі, перададзенымі ад розных асоб і ўстаноў у парадку вяртання фондаў даваеннай карціннай галерэі. Аб тым, што экспанат сапраўды знаходзіўся ў зборах Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, сведчыць нумар на падрамніку “268 ГКГ”, напісаны простым алоўкам. Такія ж трохзначныя нумары прысутнічаюць і на шэрагу іншых твораў з даваенных калекцый, якія паходзілі з Нясвіжскага замка, напрыклад, на партрэце Дамініка V Гераніма Радзівіла. Пасля вайны партрэт Дамініка трапіў у Наўгародскі дзяржаўны аб’яднаны музей-запаведнік, дзе захоўваецца і сёння [4, с. 171–181].

У нас выклікала сумненне атрыбуцыя дамы як расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. Прычоска, дэталі сукенкі больш адпавядаюць модзе не апошняй чвэрці, а самага пачатку XVIII ст. Рысы твару і пастава намаляванай падаліся знаёмымі. Параўнанне Кацярыны ІІ з партрэтам Ганны Хрысціны Радзівіл з Любамірскіх на гравюры майстэрні Г. Ляйбовіча (іл. 2), а таксама з аналагічным малюнкам у альбоме радзівілаўскіх партрэтаў “Icones familiae ducalis Radivilianae” пераканалі ў ідэнтычнасці абедзвюх асоб [1, с. 227–228].

Ганна Хрысціна Радзівіл з Любамірскіх (? – 1701) была дачкой Барбары з Тарлаў і Георгія (Рыгора) Себасцьяна Любамірскага. У 1672 г. узяла шлюб з канюшым літоўскім Францішкам Стэфанам Сапегам. У іх нарадзілася сямёра дзяцей – тры сыны і чатыры дачкі. Пасля смерці Францішка Стэфана Сапегі другім мужам Ганны стаў Дамінік І Мікалай Радзівіл, для якога яна таксама з’яўлялася другой жонкай. Шлюб адбыўся 26 верасня 1692 г. Ганна Хрысціна перажыла другога мужа на чатыры гады. Памерла ў лістападзе 1701 г. Пахавана ў Кракаве ў касцёле святога Пятра ў айцоў-езуітаў. Нашчадкаў ад шлюбу з Радзівілам не мела [6].

Інвентары і вопісы Нясвіжскага замка, у якіх пералічваюцца творы мастацтва, неаднаразова згадваюць выяву гэтай жанчыны. У вопісе 1939 г. значыцца: “Портрет Анны Христины Любомирской Радзивилловой. 1706. Масло. 1,20х0,96. № 136. Комната проходная к гостинным вправо от рыцарского зала. 2-й этаж” [2, с. 73–100]. Вельмі важна, што памеры супадаюць з памерамі твора са збораў НММ РБ. У вопіcе 1928 г. гэты ж партрэт пазначаны пад № 109. У інвентары 1857 г. партрэт запісаны як “Ганна з князёў Любамірскіх, дачка Рыгора Любамірскага, Маршалка вялікага Кароннага. Жонка Дамініка І Радзівіла, канцлера і ваяводы Віленскага. Пакаленны. № 35. У пакоях князя Станіслава. Адноўлены” [5, арк. 7]. Такі ж нумар (№ 35) пастаўлены белай фарбай у левым ніжнім вуглу палатна ёсць і на партрэце з Нацыянальнага мастацкага музея. Відавочна, што ва ўсіх выпадках гаворка ідзе пра адзін і той жа партрэт.

Яшчэ адным аргументам на карысць таго, што на партрэце менавіта жонка Дамініка І Радзівіла служыць параўнанне Кацярыны ІІ з выявай Ганны Хрысціны работы невядомага мастака, якая надрукавана ў альбоме Н. Высоцкай “Радзивиллы. Несвиж. Замок” (іл. 3). На жаль, у кнізе адсутнічаюць звесткі пра сучаснае месцазнаходжанне прыведзенага партрэта. Толькі пазначаны спасылкі на кнігу польскіх даследчыкаў, прысвечаную іканаграфіі дома Сапегаў, з якой, мабыць, і ўзята ілюстрацыя [3, с. 122]. Верагодна, гэта пазнейшая копія з партрэта, які захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусі. Таксама можна дапусціць, што партрэт з НММ паслужыў правобразам для гравюры, якая была створана ў нясвіжскай майстэрні Гірша Ляйбовіча.

Партрэт Ганны Хрысціны мог быць напісаны каля 1692 года, калі яна стала жонкай Дамініка І Мікалая Радзівіла. Відаць, якраз тады твор і патрапіў у Нясвіж у якасці падарунка для мужа. Лук і калчан са стрэламі разам з выявай амура, які трымае партрэтаваную за руку, можна растлумачыць як намёк на хуткае вяселле. Падобныя партрэты сустракаюцца ў еўрапейскім жывапісе. Напрыклад, выява Марыі Юзэфы Саксонскай або партрэты дам, якія належаць пэндзлю Нікаля дэ Ларжыльера. Аўтара ж нашага партрэта, верагодна, трэба шукаць сярод мясцовых мастакоў, якія працавалі па заходнееўрапейскіх узорах.

Такім чынам, дзякуючы іканаграфічнаму параўнанню, жаночы партрэт з калекцыі рускага жывапісу ў зборах НММ РБ атрыбутаваны намі як выява Ганны Хрысціны Радзівіл з Любамірскіх, што паходзіць са збораў Радзівілаў у Нясвіжы. Памылковая атрыбуцыя такога твора, як партрэт імператрыцы Кацярыны ІІ, хутчэй за ўсё ўратавала яго ад перадачы ў Польшчу, як гэта сталася з вялікай колькасцю нясвіжскіх карцін.

 Анатоль Сініла

Крыніцы і літаратура

 

1. Бажэнава, В. Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII–XIX стагоддзяў. “Icones familiae ducalis Radivilianae” / В.Д. Бажэнава; пер. на англ. мову: Ю.В. Бажэнаў [і інш.]. – Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. – 524 с.

2. Высоцкая, Н., Михальченко, А. О Несвижской коллекции по документам ЦК КПБ 1939–1941 гг. / Н. Высоцкая, А. Михальченко // Вяртанне. Кн. 7. Нясвіжскія зборы Радзівілаў: іх фарміраванне, гістарычны лёс, цяперашняе месцазнаходжанне і шляхі выкарыстання: зб. арт. / Рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. – Мінск: Беларускі фонд культуры, 2002. – 368 с.

3. Высоцкая, Н. Радзивиллы. Несвиж. Замок. Книга II. Часть І. / Н. Высоцкая. Редкол. Т. Габрусь [и др.]. – Минск: Мастацкая літаратура. 2014. – 352 с.: ил.

4. Карпова, В., Синило, А. Портрет Доминика V Иеронима Радзивилла. Атрибуция и история бытования / В. Карпова, А. Синило // Acta Аnniversaria. Зборнік навук. прац Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” / уклад. З.Л. Яцкевіч; рэдкал. Ю.М. Бохан [і інш.]. – Нясвіж: НГКМЗ “Нясвіж”, 2015. – Т. 1. – С. 171–181.

5. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ) – Ф. 694. – Воп. 1. – Спр. 108. – Апісанне партрэтаў, карцін і гармат Нясвіжскага замка князёў Радзівілаў.

6. Internetowy Polski Słownik Biograficzny [żródło elektroniczne]. – Tryb dostępu: http: // www.ipsb.nina.gov.pl/a/biografia/dominik–mikolaj–radziwill–h–traby. – Data dostępu: 10.11.2016