Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Фердынанд Рушчыц: віртуальная выстава да 150-годдзя з дня нараджэння

У 2020 годзе адзначаецца памятная дата – 150 гадоў з дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца (1870–1936). Выбітны пейзажыст, графік, тэатральны дэкаратар і педагог, Рушчыц пакінуў глыбокі след у мастацтве і культурна-грамадскім жыцці былой Рэчы Паспалітай. Фердынанд Рушчыц – яркі прадстаўнік сімвалізму ў мастацтве, які злучыў традыцыі нацыянальнага жывапісу і заходнееўрапейскіх тэндэнцый, ключавая фігура мастацкага жыцця Віленшчыны ў міжваенны перыяд. Ён стаў важнай асобай для культуры сучаснай Беларусі, Літвы і Польшчы. Палотны мастака захоўваюцца ў музеях вышэйпералічаных краін, а таксама ў еўрапейскіх і амерыканскіх музейных і прыватных зборах.

Фердынанд Рушчыц нарадзіўся ў 1870 годзе ў сям’і Эдуарда Рушчыца (1810–1910) і Ганны Маргарэты Альвіны Мунк (1837–1918). Эдуарду Рушчыцу належаў маёнтак Багданава, які ён атрымаў у спадчыну пасля смерці бацькі Фердынанда Рушчыца. Пасля смерці брата Эмануіла Эдуард і другі маёнтак – Вайганы – стаў уласнасцю Рушчыца. Род Рушчыцаў (герб Ліс) паходзіў з Буга, дзе ўжо на рубяжы XV–XVI стагоддзяў яны валодалі спадчынным маёнткам Кодзені, які прадалі ў 1511 г. Сапегам. Багданава належала Рушчыцам з 1827 года, калі Фердынанд Рушчыц, дзед мастака, купіў яго на таргах. Пасля студзеньскага паўстання 1863 года Рушчыцы былі вымушаны пакінуць Багданава і здаць яго ў арэнду. Месцам пастаяннага жыхарства яны аблюбавалі Лібаву (сёння – Ліепая), дзе Эдуард Рушчыц атрымаў пасаду ў дырэкцыі Лібава-Роменскай чыгункі, што тады будавалася.

Фердынанд Ручшыц, Мінск 1879 год. З калекцыі сям’і Фердынанда Рушчыца

 Фердынанд Ручшыц, Мінск 1885 год. З калекцыі сям’і Фердынанда Рушчыца

У 1877 годзе сям’я Рушчыцаў назаўсёды пакідае Лібаву і пераязджае ў Мінск, дзе Эдуард Рушчыц стаў працаваць начальнікам аддзела рахункаў ва Упраўленні Лібава-Роменскай чыгункі.

У 1882 годзе малады Фердынанд пайшоў у 2 клас Дзяржаўнай мужчынскай гімназіі, якую скончыў у 1890 годзе з залатым медалём. У школе Фердынанд Рушчыц наведваў факультатыўныя заняткі па малюнку; яго першым настаўнікам быў Кузьма Якаўлевіч Ермакоў, выпускнік Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу.

Увосень 1890 года па волі бацькі Фердынанд паступае на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага Імператарскага ўніверсітэта і адначасова як вольны слухач наведвае Імператарскую Акадэмію мастацтваў. Пасля двух гадоў вучобы на юрыста Фердынанд Рушчыц пакідае ўніверсітэт і здае конкурсны экзамен у Акадэмію мастацтваў. Першыя два гады ён вучыцца ў Івана Іванавіча Шышкіна і па яго парадзе ў 1894 і ў 1895 гадах падчас вакацый здзяйсняе дзве паездкі ў Крым. У 1895 годзе пасля адстаўкі Шышкіна Рушчыца разам з іншымі студэнтамі прымаюць у майстэрню прафесара Архіпа Іванавіча Куінджы (1842–1910). Тут яго калегамі сталі знакамітыя ў будучыні мастакі: Аркадзь Аляксандравіч Рылоў, Аляксандр Аляксеевіч Барысаў, Мікалай Канстанцінавіч Рэрых, Вільгельм Пурвіт, Канстанцін Урублеўскі.

Фердынанд Ручшыц, студэнт юрыдычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага Імператарскага універсітэта,1890 год 

З калекцыі сям’і Фердынанда Рушчыца

4 кастрычніка 1897 года Фердынанд Рушчыц скончыў Імператарскую Акадэмію мастацтваў, атрымаўшы званне мастака. На выставе дыпломных работ экспанавалася тры яго творы – “Вячэрняя зорка” (Gwiazdę wieczorną), “Трытоны” (Trytony) і “Вясна” (Wiosnę), якую набыў для сваёй калекцыі ў Маскве Павел Міхайлавіч Траццякоў.

Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў, аж да 1904 года, Фердынанд Рушчыц у асноўным жыў у Багданаве, якое паступова вяртала сваё ранейшае аблічча. Гэта было заслугай яго бацькі Эдуарда, што ў 1895 годзе пакінуў Мінск і пасяліўся ў Багданаве.

Першыя гады пасля заканчэння Акадэміі Рушчыц падтрымліваў цесны кантакт з Архіпам Куінджы, старымі сябрамі і з мастацкім асяроддзем Пецярбурга. У лютым 1898 года ён прыняў удзел у Вясновай акадэмічнай выставе, прадэманстраваўшы карціну “Млын на заходзе сонца” (Młyn o zachodzie słońca). Купля гэтай працы маскоўскім калекцыянерам Савам Марозавым за 600 рублёў дазволіла мастаку здзейсніць амаль трохмесячнае падарожжа па мастацкіх цэнтрах Еўропы, такіх як Берлін, Дрэздэн, Мюнхен, Парыж, Базель, Венецыя, Вена.

Булгак Ян (1876–1950). Фердынанд Рушчыц у сваім кабінеце ў Багданаве. 1911. Таніраваны бром. 38,8х28,6

З калекцыі сям’і Фердынанда Рушчыца

Вярнуўшыся восенню 1898 года ў Багданава, Фердынанд Рушчыц стварае адзін з самых сваіх знакамітых твораў – “Зямля”. У 1898–1899 гадах ім былі напісаны “Млын” (Młyn), “Крэва” (Krewo), “Апошні снег” (Ostatni śnieg) і “Балада” (Balladę), якая пазней стала ўласнасцю Генрыха Сянкевіча (знішчана падчас Варшаўскага паўстання ў 1944 годзе).

У далейшым Рушчыц яшчэ двойчы прымаў удзел у Вясновых выставах Акадэміі мастацтваў: у 1899 годзе паказваў “Зямлю”, а ў 1900 – “Баладу”. У 1899 і 1901 гадах па запрашэнні Сяргея Дзягілева і Аляксандра Бенуа мастак прадставіў шэраг сваіх твораў на выставе аб’яднання “Свет мастацтва”. Апошні раз Рушчыц экспанаваўся ў Расіі ў 1902 годзе ў Маскве.

З 1903 г. мастак супрацоўнічаў з Казімірам Стаброўскім, Ксаверыем Дунікоўскім і Каралем Ціхым па пытаннях арганізацыі Варшаўскай школы прыгожых мастацтваў. У 1904 годзе разам з Конрадам Кржыжаноўскім пачаў выкладаць жывапіс. У 1907 Рушчыц пакінуў Варшаўскую школу і ненадоўга пераехаў у Кракаў, дзе працаваў на кафедры пейзажа Акадэміі прыгожых мастацтваў. Кантакт з кракаўскім мастацкім асяроддзем паглыбіў інтарэс Рушчыца да графічнага мастацтва. Падчас знаходжання ў Кракаве ён спрабуе свае сілы ў каляровай літаграфіі, выконваючы для Асацыяцыі польскіх мастакоў эстамп “Касцёл у Літве”.

 

Булгак Ян (1876–1950). Сядзіба ў Багданаве. 1925. Бром таніраваны. 11,1х14,5

З калекцыі сям’і Фердынанда Рушчыца

Узімку 1904 г. у Багданаве мастак піша лірычнае палатно “Зімовая казка” (Bajka zimowa), а ў лютым пачынае працу над карцінай “Карабельная легенда” (Legendą żeglarską), вядомай пад назвай Nec mergitur, якая звязана з дэвізам Парыжа: Fluctuat nec mergetur (“Гайдаецца на хвалях, але не тоне”).

У 1907 годзе ў Багданаве Рушчыц заканчвае твор “Гняздо” (Gniazdo), малюючы фрагмент сямейнага дома. Гэта апошні жывапісны твор мастака, да станковага жывапісу Рушчыц больш не вернецца.

У 1908 годзе мастак пераехаў у Вільню, дзе актыўна ўдзельнічаў у мастацкім і грамадскім жыцці горада: быў ініцыятарам выдання і графічным афарміцелем многіх часопісаў і кніг, аўтарам афіш і плакатаў. Ён прымаў удзел у рэстаўрацыі капэлы выявы Маці Божай Вастрабрамскай, уваходзіў у камітэт па ўзвядзенні помнікаў Адаму Міцкевічу і Станіславу Манюшку ў Вільні, пісаў артыкулы пра помнікі даўніны Вільні. У гэты час Рушчыц актыўна займаўся сцэнаграфіяй – ён аформіў пятнаццаць тэатральных пастановак у Варшаве і Вільні, у прыватнасці, п’есы Юліуша Славацкага і Станіслава Выспяньскага.

У 1912 годзе Фердынанд пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, дваццацігадовай Рэгінай Роўк, дачкой Оскара Роўка (Oscar Rouck, 1850–1917), начальніка Віленскага аддзялення Санкт-Пецярбургскага таварыства страхавання ад агню, уладальніка сядзібы Парудаміна каля Вільні.

Гольч Ядвіга (1866–1936). Партрэт Фердынанда Рушчыца (1870–1936), жывапісца. Фотаздымак. 14,4x10,6 

Нацыяльны музей у Варшаве. Инв. 59214/10

У 1919 годзе Фердынанд Рушчыц займаўся арганізацыяй факультэта прыгожых мастацтваў у адноўленым Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя, у далейшым быў яго дэканам (да 1933). У красавіку як дэлегат польскіх мастакоў удзельнічаў у арганізацыі першай Выставы польскага мастацтва ў Гран-Пале ў Парыжы. Французскі ўрад набыў з выставы карціну Рушчыца “Подых вясны” (Powiew wiosny) для Люксембургскага музея і ўзнагародзіў мастака ордэнам Ганаровага легіёна.

У 1931 годзе Фердынанд Рушчыц узначаліў мастацка-гістарычную камісію ў Камітэце выратавання Віленскай базілікі, пацярпелай падчас паводкі. 1 верасня 1931 года ў сутарэннях віленскага кафедральнага сабора былі адкрыты каралеўскія пахаванні караля Аляксандра Ягелончыка і дзвюх жонак Жыгімонта II Аўгуста – Лізаветы Габсбург і Барбары Радзівіл. Рушчыц рабіў малюнкі інтэр’ера крыпты і каралеўскіх рэшткаў. Ён прымаў удзел у работах па ўзвядзенні ў саборы каралеўскага маўзалея пад капліцай Св. Казіміра.

30 кастрычніка 1932 года ноччу ў мастака здарыўся прыступ паралічу, у выніку якога ён страціў рухомасць правай рукі і не змог гаварыць. Толькі дзякуючы адданасці і намаганням жонкі і дачкі жыццё Рушчыца падоўжылася на цэлых чатыры гады. У першы перыяд хваробы Рушчыц знаходзіўся ў Вільні. У 1933 годзе стан яго здароўя настолькі палепшыўся, што ён мог здзяйсняць непрацяглыя прагулкі па горадзе разам з суправаджаючым. У 1935 годзе мастак назаўжды пераехаў у Багданава. Ён навучыўся пісаць левай рукой, спрабаваў маляваць. У гэтыя гады ім былі створаны шматлікія малюнкі членаў сям’і, напісаны некалькі эцюдаў з багданаўскімі матывамі. Аднак да канца жыцця мастак працягваў працаваць толькі левай рукой.

Булгак Ян (1876–1950). Партрэт Фердынанда Рушчыца

Апублікаваны ў часопісе “Польскі фатограф” №1 за 1939 год

4 красавіка 1936 года Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Ігнацій Масьціцкі (Ignacy Mościcki) прысвоіў Фердынанду Рушчыцу званне ганаровага прафесара Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні.

Мастак памёр 30 кастрычніка 1936 года ў Багданаве, 3 лістапада быў пахаваны на сямейных могілках.

Пасля смерці Фердынанда Рушчыца ў Вільні, Варшаве, Кракаве былі створаны шматлікія ганаровыя і выканаўчыя камітэты па ўвекавечанні яго памяці. Ганаровы камітэт у Вільні арганізаваў вялікую выставу твораў Фердынанда Рушчыца, адкрыццё якой адбылося 24 кастрычніка 1937 года. Пазней гэтая выстава экспанавалася ў Варшаве і Кракаве. У Варшаве на доме, у якім мастак жыў у 1904–1905 гадах, была ўсталявана мемарыяльная дошка; адзін з панадворкаў Віленскага ўніверсітэта названы імем Рушчыца.

Булгак Ян (1876–1950). Багданава. Пейзаж. 1911. Адбітак 1937 г. Бром, 28, 3х38,8

З калекцыі сям’і Фердынанда Рушчыца

Імя Фердынанда Рушчыца ўнесена ЮНЕСКА ў каляндар памятных дат на 2020 год. Урачыстае адкрыццё Года Рушчыца адбылося 27 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Віртуальная выстава на сайце нашага музея – гэта толькі адно мерапрыемства з цэлага шэрага падзей, запланаваных да святкавання Года Рушчыца ў Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены работы з беларускіх, польскіх і літоўскіх музейных і прыватных збораў – Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага музея ў Варшаве, Нацыянальнага музея ў Кракаве, Акруговага музея ў Торуні, Літоўскага мастацкага музея, а таксама з прыватнай калекцыі ўнука мастака, яго цёзкі, Фердынанда Рушчыца.

Да нядаўняга часу ў зборы нашага музея захоўвалася толькі адна праца Фердынанда Рушчыца – “Ля касцёла” 1899 года, набытая ў 1957 годзе ў ленінградскага калекцыянера А.І. Шустэра. У лістападзе 2019 г. пры фінансавай падтрымцы ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна былі набыты з калекцыі ўнука мастака Фердынанда Рушчыца і перададзены ў дар яшчэ тры жывапісныя работы, якія адносяцца да ранняга перыяду творчасці майстра.

Выказваем шчырую падзяку за прадстаўленыя матэрыялы Нацыянальнаму музею ў Варшаве, Нацыянальнаму музею ў Кракаве, Акруговаму музею ў Торуні, а таксама ўнуку мастака спадару Фердынанду Рушчыцу.

Аўтары тэксту і складальнікі - Аляксей Мацюшонак і Юлія Лісай