Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Віртуальная выстава

Вядомы беларускі мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Антон Сцяфанавіч Бархаткоў (1917–2001) у сваёй творчасці звяртаўся да розных жанрах жывапісу – тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта, але больш за ўсё праславіўся як майстар пейзажа. У большасці твораў гэтага аўтара прысутнічае лірыка-паэтычны настрой, як, напрыклад, у “Партрэце жонкі” (1955) або ў адной з самых папулярных яго карцін “Першая песенька” (1957). У пейзажных працах Бархаткоў шмат у чым прадоўжыў традыцыі лірычнага “пейзажа настрою”, да якога звяртаўся ў сваёй творчасці наш зямляк Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля (1872–1957).

Паводле афіцыйных звестак Антон Сцяфанавіч Бархаткоў нарадзіўся 17 студзеня 1917 года ў вёсцы Шчаглоўка на Магілёўшчыне, але яго сын, мастак Ігар Бархаткоў, сцвярджае, што яго бацька лічыў годам свайго нараджэння 1915. У 1940 годзе Антон Бархаткоў скончыў адну з вядучых мастацкіх устаноў Расіі – Маскоўскае абласное мастацкае педагагічнае вучылішча памяці Паўстання 1905 года (цяпер – Маскоўскае дзяржаўнае акадэмічнае мастацкае вучылішча памяці 1905 года (МДАМВ); яго настаўнікамі былі вядомыя мастакі Пётр Іванавіч Пятровічаў, Мікалай Пятровіч Крымаў.

У 1940 годзе малады мастак быў прызваны ў Чырвоную Армію, дзе працягваў займацца жывапісам, удзельнічаў у выставах. Антон Бархаткоў – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. І ў гэтую суровую пару ён ствараў партрэты баявых таварышаў, пісаў пейзажы. Яго працы экспанаваліся на выставе 1944 года ў Маскве, прысвечанай 25-годдзю стварэння Беларускай ССР. Бархаткоў прымаў удзел і ў арганізацыі гэтай выставы. Пасля заканчэння вайны мастак прыязджае ў Мінск, працуе ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны загадчыкам мастацкага аддзела. Праз некалькі гадоў зноў з’язджае ў Маскву і паступае ў Маскоўскі мастацкі інстытут імя В.І. Сурыкава. Сярод яго настаўнікаў – Сяргей Васільевіч Герасімаў, Дзмітрый Канстанцінавіч Мачальскі, Пётр Дзмітрыевіч Пакаржэўскі.

Але сам Антон Бархаткоў лічыў сябе перш за ўсё вучнем Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі нягледзячы на тое, што Бялыніцкі-Біруля не займаўся педагагічнай дзейнасцю. Антон Сцяфанавіч казаў: “Але больш за ўсё я вучыўся ў Бялыніцкага-Бірулі. Амаль кожны дзень прыходзіў у яго майстэрню. А ў летнія месяцы мы разам ездзілі па Беларусі пісаць эцюды”. [Дробаў Л.М. Антон Бархаткоў. – Мінск, 1988. – С. 7–8]. Невыпадкова ў творчай спадчыне мастака ёсць два партрэты В.К. Бялыніцкага-Бірулі 1945 і 1946 гадоў.

Лірычныя пейзажы Антона Бархаткова прыцягваюць увагу праўдзівасцю, непасрэднасцю бачання, натуральнасцю кампазіцыі. Ён умеў паказаць прыроду ў розныя часы года. Разнастайныя па настроі зімовыя пейзажы, паэтычна сумныя, ціхія, з хмарным небам, блакітнавата-шэрым каларытам (“Першы снег”, “Пахаладала”, 1978), напоўненыя таямнічасцю (“Зімовыя прыцемкі”, 1982, 1991; “Перад Новым годам”, 1976), з больш інтэнсіўнымі маляўнічымі спалучэннямі (“Іней”, 1968; “Зіма ў вёсцы Гарадок”, 1985; “Зіма. Сонечны дзень”, 1999).

Як і В.К. Бялыніцкі-Біруля, Бархаткоў любіў паказваць раннюю вясну, калі снег яшчэ не зусім растаў, але прырода жыве ў чаканні перамен (“Вясна”, 1955; “Разліў на Нёмане”, 1977; “Вясна”, 1983; “Вясна на Нёмане”, 1960). У паэтычных кампазіцыях Антона Бархаткова можна ўбачыць і больш познюю вясну, дзе стан прыроды паказаны асабліва трапятліва (“Першыя ўсходы”, 1961; “Сад у квецені”, 1947; “Бярозкі зазелянелі”, 1995).

Летняя прырода таксама прадстаўлена ў творах пейзажыста пераканаўча і разнастайна. Летні настрой у палатне “Чэрвень” (1985) ствараецца маляўнічымі спалучэннямі бэзавых, белых, аранжавых тонаў і дробных, накіраваных у розныя бакі мазкоў пэндзля на зялёным фоне травы, якія перадаюць рознакаляровасць палявых кветак, іх невыказнае хараство. Гэты маляўнічы лужок кантрасна адцяняецца высокай сцяной густых зялёных елак. Творы, прысвечаныя летняй пары, розныя па настроі. У творах “Перад навальніцай” (1969), “Пахмурны дзень” (1983) ёсць пачуццё насцярожанасці, трывожнага чакання; у нацюрморце “Палявыя кветкі” (1983), пейзажы “Масток” (1984) – радасць быцця; казачнае зачараванне ў карціне “Апошні прамень” (1970). Прыцягвае мастака і зменлівы стан прыроды, напрыклад, пасля дажджу, калі ёсць адчуванне асаблівай чысціні, свежасці – “Пасля дажджу” (1976).

Антон Бархаткоў у сваіх пейзажах таксама паказвае месцы, звязаныя з жыццём выдатных людзей. І ў гэтым ён працягвае традыцыі мастацтва В.К. Бялыніцкага-Бірулі, які з’яўляецца родапачынальнікам мемарыяльнага пейзажа. У 1972 годзе напісана карціна “Любімыя дубы Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне”, дзе аўтар адлюстраваў “сілачоў вяльможных” – як называў іх сам Якуб Колас.

Восеньскую прыроду, як і іншыя часы года, не абышоў сваёй увагай мастак. У карціне “Восеньскі вечар” (1977) апошнія прамяні сонца нейкім чароўным святлом асвятляюць дрэвы, надаючы трывожную таямнічасць адлюстраванаму. Крыху сумная прыгажосць залатой восені паказана ў творы “Залатая бяроза» (1989). Глыбокая восень, настрой насцярожанага чакання змен, хуткага прыходу зімовых халадоў прысутнічае ў пейзажы “Сцюдзёны лістапад” (1973).

Працы Антона Сцяфанавіча Бархаткова разнастайныя, праўдзівыя, жыццёва пераканаўчыя, паэтычныя і тым цікавыя гледачу. Яго творы прадстаўлены ў розных зборах, у тым ліку ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, іншых музеях Беларусі, а таксама ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве.

У калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь знаходзіцца 17 твораў Антона Бархаткова, у тым ліку “Партрэт В.К. Бялыніцкага-Бірулі” (1946), “Лірычны пейзаж” (1956), “Першая песенька” (1957), “Апошні прамень” (1970), “Восеньскі вечар” (1977).

 

Алена Дзмітрыеўна Шапашнікава,

вядучы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела,

захавальнік калекцыі рускага жывапісу і жывапісу Беларусі

 

 

Выявы (усе творы – уласнасць Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Мінск):

Партрэт В.К. Бялынiцкага-Бiрулi. 1946

Кардон, алей. 59,3х46 см

КП-11254

 

Апошнi прамень. 1970

Палатно, алей. 125,5х97,5 см

КП-12553

 

Восеньскi вечар. 1977

Палатно, алей. 86,5х115,8 см

КП-17402

 

Першая песенька. (Першыя поспехі). 1957

Палатно, алей. 142х106 см

КП-03268

 

Вясна. 1962

Кардон, алей. 69,5х49,3 см

КП-11256

 

Шлях да Вязынкі. 1972

Палатно, алей. 103,5х85 см

КП-17401

 

Лірычны пейзаж. 1967

Палатно, алей. 103х83 см

КП-11237

 

Першыя ўсходы. 1963

Палатно, алей. 85х117 см

КП-09622

 

Сцюдзёны лістапад. 1973

Палатно, алей. 80х143,5 см

КП-14029

 

 

Літаратура:

1. Художники советской Белоруссии. (Справочник). Мн., «Беларусь», 1976.

2. Антон Стафанавіч Бархаткоў. Аўтар тэксту Бортнік Л.Б. Мінск, “Беларусь”, 1983.

3. Дробаў Л.М. Антон Бархаткоў. Мінск, “Беларусь”, 1988.

4. Карамазаў В. Антон Бархаткоў. Зачараваная душа. Эсэ. Выдавец Ігар Віркоўскі. Мінск, 2001.

5. Гісторыя беларускага мастацтва ў шасці тамах, т. 5. Мінск, “Навука і тэхніка”, 1992.

6. Гісторыя беларускага мастацтва ў шасці тамах, т. 6. Мінск, “Навука і тэхніка”, 1994.

7. Беларускі саюз мастакоў. Энцыклапедычны даведнік. Мінск, “Кавалер паблішэрс”, 1998.