Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Анатоль Тычына – летапісец Мінска. Каляровыя лінарыты 1940–1950-х гадоў. Віртуальная выстава да 120-годдзя з дня нараджэння мастака

З кнігі Л.Д. Налівайка “Анатоль Мікалаевіч Тычына. Мой Мінск”. Мінск, Белпрынт. 2008

Сярод 233 твораў Анатоля Тычыны, якія знаходзяцца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, чвэрць (60 твораў) прысвечаны Мінску. Гэту тэму можна назваць скразной у творчасці мастака.

Адной з самых трагічных падзей горада была Другая сусветная вайна. Як Герніку, Мінск спасцігла жудаснае разбурэнне. Горад палыхаў ужо ў першыя дні вайны. Мастак перажыў 1100 дзён акупацыі ў родным горадзе і быў сведкам таго драматычнага жыцця, якое доўжылася пад уладаю акупантаў да 3 ліпеня 1944 года. Тычына быў адным з першых, хто ўзяўся за аловак, каб маляваць горад нават у такім пакалечаным стане. Хадзіў сярод руін і адчуваў вострую патрэбу перадаць знявечаны, спалены, разбураны вобраз роднага горада, які панёс ахвяры, спазнаў знішчэнні, але выстаяў. Мінск выглядае надзвычай напружаным, затоеным у сваіх маўклівых абрысах. Мастак малюе горад падчас акупацыі пасля ваенных бамбардзіровак, якія, на шчасце, абмінулі гістарычны цэнтр, не закранулі сабораў.

Новы этап працы над стварэннем серыі “Мінск” пачынаецца адразу пасля вайны. Аднаўленне разбураных гарадоў і ў першую чаргу Мінска становіцца галоўнай нацыянальнай ідэяй: Мінск успрымаецца не толькі сталіцай Беларусі, але і горадам-узорам сацыялістычнага будаўніцтва для ўсяго СССР. З’яўляюцца першыя праекты аднаўлення Мінска, у якіх актыўны ўдзел прымалі архітэктары Масквы і Ленінграда – А. Шчусеў, У. Сямёнаў, А. Мардвінаў, М. Колі, Б. Рубаненка, І. Лангбард, Н. Трахтэнберг.

Для перадачы большай эмацыянальнай напоўненасці, радасці адраджэння горада, які прайшоў праз агонь і полымя, хаця і атрымаў жорсткія раны ад бомбаў і снарадаў, Тычына звяртаецца да каляровага лінарыту. У кампазіцыях адчуваецца смелы паварот ад класічнага краязнаўчага падыходу погляду на горад да ансамблевага, абагульненага віда гарадскога пейзажа. Гэта быў крок наперад, бо Мінск развіваўся надалей, і мастак фіксуе ўсё новыя манументальныя палацы, што ўзнікалі ўздоўж праспекта імя Сталіна (1951–1961). Можна сцвярджаць, што дзякуючы каляровым лінарытам Анатоля Тычыны менавіта стылістыка “ампіра” галоўнага праспекта Мінска застаецца для даследчыкаў і рэстаўратараў сапраўдным набыткам, дакументам.

У 1950-я гады будынкі галоўнага праспекта імя Сталіна мелі “каляровы выгляд”, які дакладна перададзены А. Тычынам. Архітэктары выкарысталі “ноу-хау” 1950-х: “тэхніку каляровага выканання” архітэктурных паверхняў – складаныя дэкаратыўна-апрацоўчыя растворы, напаўняльнікам для якіх служылі мармуровая і каменная мука, кварцавы пясок і іншыя элементы з дадаткамі фарбаў. Знаўцы гэтых тэхналогій сцвярджаюць, што “прыгажосць і ўрачыстасць сваёй першапачатковай аддзелкі хаваюцца ў нашы дні пад пазнейшымі напластаваннямі будынкаў”. Фасады ўпрыгожваліся керамічнымі плітамі, таніраванай сілікатнай цэглай, для будаўніцтва прымяняліся металургічныя шлакі сталеліцейных цэхаў, цагляныя панэлі. Мінск станавіўся прыцягальным узорам для будаўнікоў новых сацыялістычных гарадоў усяго Савецкага Саюза.  

Мінск 1950-х прадстае на гравюрах Тычыны адной з самых маладых еўрапейскіх сталіц, якая мае свой вобразны характар: “Новыя дамы на Прывакзальнай плошчы” (1952), “Плошча Перамогі” (1956), “Ля сквера Янкі Купалы” (1957).

Бясспрэчным шэдэўрам мастака стаў від на Траецкую гару з будынкам Генеральнага штаба з новага маста над Свіслаччу – “Над ракой Свіслач” (1954). Па сваёй вобразнай значнасці ў беларускай графіцы яму на сёняшні дзень няма роўных. Тычына паказаў, што Мінск стаў адным з самых прыгожых пасляваенных гарадоў Беларусі. Ён мае свой “твар”, сваю гармонію і перспектыву развіцця. Ён паўстаў з руін і пераможна ўзвысіўся на пагорках, на шырокіх вуліцах, бульварах і праспектах.

Графіка 1950-х адрозніваецца разнастайнасцю і багаццем матываў. З асаблівай увагай ён адлюстроўвае месцы, звязанныя з уласнай біяграфіяй, асабістым жыццём. Выбар некаторых помнікаў невыпадковы, бо мастак звязваў з імі сустрэчы са знакамітымі людзьмі, з якімі супрацоўнічаў на розных этапах свайго плённага 89-гадовага жыцця.

На вуліцы каля сучаснай плошчы Перамогі ён сустрэў сваё каханне – маладую вучаніцу, потым артыстку эксперыментальных тэатраў Зінаіду Кавалеўскую, сям’я якой жыла побач з домам, дзе ў 1923 быў адкрыты Дом-музей 1 з’езда РСДРП, дзе суседзямі былі Янка Купала і яго жонка Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. У Мінску ён пазнаёміўся з Ф. Выхадцавым – мастацтвазнаўцам, супрацоўнікам музея, які стаў яго найлепшым сябрам, мастакамі М. Філіповічам і А. Астаповічам. Сярод яго аднадумцаў былі культурны дзеяч У. Ластоўскі, гісторык мастацтва М. Шчакаціхін, краязнаўца М. Каспяровіч, бібліяфіл А. Шлюбскі, мастак Я. Ціхановіч, мастацтвазнаўцы В. Шматаў, У. Бойка і інш. Тычына планаваў зрабіць вялікі гарадскі цыкл, але не паспеў давесці яго да канца. Мабыць, і немагчыма давесці гэтыю працу да поўнага завяршэння... 

Майстэрства Тычыны-графіка атрымала высокую адзнаку мастацтвазнаўцаў, аб чым сведчыць факт набыцця ў 1947 годзе Траццякоўскай галерэяй лінарытаў “Вясна” і ў 1954 годзе – “Над ракой Свіслач”. 

Ля дома Чырвонай арміі; 1940  

Савецкая вуліца; 1940  

Вуліца Карла Маркса; 1949 

Новыя дамы на Прывакзальнай плошчы; 1952 

Галоўны ўваход на стадыён “Дынама”; 1952 

Праспект імя У.І.Леніна; 1956 

Ля сквера Янкі Купалы; 1957 

Вячэрні матыў; 1957 

Восеньскі дзень; 1972 

11.05.1897 Анатоль Мікалаевіч Тычына нарадзіўся ў мястэчку Грузджай Шаўляйскага павета, Літва

1911 Удзельнік выстаўкі Паўночна-Заходняга края (г. Шаўляй). Работы адзначаны дыпломам 1 ступені

1914–1915 Вучоба ў Пензенскім мастацкім вучылішчы (выкладчыкі К.А. Савіцкі і І.С. Горушкін-Саракапудаў)

1915–1921 Праца рабочым на чыгунцы, вучоба на мастацкіх курсах “Таварыства мастакоў і аматараў мастацтва стэпавага края” г. Омска, заканчэнне мастацка-прамысловай школы г. Омска (выкладчык А.М. Кліменцьеў)

1919 Удзел у выставе Таварыства мастакоў і аматараў мастацтва стэпавага края (Омск).

1922–1924 Праца мастаком пры Упраўленні заходняй чыгункі г. Мінска

1923–1925 Выкладчык малявання ў мінскай чыгуначнай школе

1924–1941 Супрацоўніцтва як мастака-ілюстратара з Беларускім дзяржаўным выдавецтвам, беларускімі газетамі і часопісамі (“Маладняк”, “Малады араты”, “Беларуская вёска”, “Наш край”, “Беларускі піянер”, “Чырвоная Беларусь”).

1925–1933 Праца ў Музеі катаргі і ссылкі г. Мінска (з 1929 г. – Музей рэвалюцыі), сябра камісіі гісторыі мастацтва Інстытута беларускай культуры

1927–1932 Удзел у экспедыцыях па зборы ўзораў народнага мастацтва, сябра Усебеларускага аб’яднання мастакоў (1927–1932), таварыства “Прамень” (1928)

1928 Выхад кнігі А. Шлюбскага “Exlibrisы А. Тычыны”

1932–1938 Член вытворча-кааператыўнага таварыства “Белмастак”

1933 Суправаджэнне народнага паэта Янкі Купалы ў паездцы па Палессі з мэтай падрыхтоўкі ілюстрацый да паэмы “Над ракой Арэсай”     

1935 Узяў шлюб з Зінаідай Сямёнаўнай Кавалеўскай (1917) – актрысай эксперыментальнага тэатра, жыве ў Мінску

1936 Нараджэнне дачкі Алы

1936–1941 Дагаворы на мастацка-афарміцельскія работы з Упраўленнем па справах мастацтваў пры СМ БССР, Мінскім гаркамам, выдавецтвамі, Белдзяржэстрадай, Белдзяржкіно і інш. установамі

1938–1941 Удзел у афармленні беларускага павільёна Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы (УСГВ), Масква

З 1938 сябра Саюза мастакоў БССР

З 1940 сябра Саюза мастакоў СССР

1941–1944 Нямецка-фашысцкая акупацыя Мінска. Працягвае творчую працу над гарадскім пейзажам, ілюструе беларускія казкі

1944–1945 Распрацоўка эскізаў афармлення першага Літаратурнага музея Я. Купалы ў Доме прафсаюзаў на пл. Свабоды, 23 (1944–1945)

1947 Дзяржаўная Траццякоўская галерэя набыла пейзаж “Вясна” (папера, каляровы лінарыт)

1954 Дзяржаўная Траццякоўская галерэя набыла каляровы лінарыт “Над ракою Свіслач”

1956 Афармленне беларускага раздзела выставы па народнай асвеце на ХIХ Міжнароднай канферэнцыі ў Жэневе

1957 Перадача калекцыі ўласных твораў графікі (гарадскі пейзаж, экслібрыс, малюнак, ілюстрацыя), а таксама твораў кніжнага знака XVIII–XX стст. Дзяржаўнаму мастацкаму музею

1959 Нараджэнне ўнука Уладзіміра (1959–2004)

1960 Выстава экслібрысаў з прыватнага збору мастака ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР

1961–1980 Удзел у рабоце секцыі графікі Саюза мастакоў Беларусі, Міністэрства культуры БССР. Перадача сваіх твораў Літаратурнаму музею Янкі Купалы, Беларускаму Дзяржаўнаму музею-архіву літаратуры і мастацтва, Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнай бібліятэцы імя У.І. Леніна, музеям РСФСР (Ленінград, Омск), ЛССР і інш. Узнагароджаны граматамі, дыпломамі МК БССР, Беларускім саюзам мастакоў

1975 Выхад у свет кнігі “Беларускі экслібрыс” (сумесна з В.Ф. Шматавым)

22.12.1986 Памёр у Мінску. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Мінску

1997 Выстава да 100-годдзя мастака ў Нацыянальны мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь

2004 Перадача архіва мастака ад ўдавы З.С. Тычыны Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь

2006 Тры творы А. Тычыны ўвайшлі ў пастаянную экспазіцыю беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь 

2007 У сувязі з 110-годдзем мастака Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь хадайнічаў аб наданні адной з новых вуліц горада Мінска імя Анатоля Тычыны