Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Аляксандр Самахвалаў: віртуальная выстава адной карціны "На дзяжурстве. Пачатак блакады"

Самахвалаў Аляксандр Мікалаевіч (1894–1971) – асоба выключная ў савецкім мастацтве. Ён адзін з тых выдатных майстроў, на чыіх вачах ішло будаўніцтва новай краіны, чыя творчая індывідуальнасць сфарміравалася ў перыяд бурнага і кіпучага росквіту мастацкага жыцця, актыўных творчых эксперыментаў, пошукаў сучаснай выяўленчай мовы і стылю ў савецкім мастацтве 20–30-х гадоў XX стагоддзя.

Індывідуальны стыль А.М. Самахвалава складваўся пад уплывам творчасці і тэарэтычных пошукаў у галіне перспектывы і каларыту К.С. Пятрова-Водкіна. Таксама найважнейшае ўздзеянне на фарміраванне творчага метаду мастака аказала вывучэнне старажытнарускага манументальнага жывапісу ў храмах Ноўгарада і паблізу яго, удзел у рэстаўрацыі фрэскавага жывапісу ў Георгіеўскім саборы ў Старой Лáдазе, а таксама асаблівае праніклівае ўспрыманне сучаснасці. “Я мастак, які жыве ўсхваляваным жыццём, сучаснасцю. Нішто не праходзіць міма маёй увагі. Асабліва тое, што валодае рысамі, сэнсам і значэннем сённяшняй рэчаіснасці”, – адзначае сам майстар у кнізе ўспамінаў “Мой творчы шлях”.

Вострае і глыбокае дачыненне да імгненнасці сапраўднага адгукнулася ў мастака імкненнем знайсці характэрныя з’явы і вобразы сучаснасці. Найбольш выразна ўвасобіўся дух часу ў жаночых вобразах А.М. Самахвалава, менавіта ў іх асабліва ярка бачыў мастак сучасную эпоху.

Пэндзлю майстра належыць “Савецкая Джаконда” – знакамітая “Дзяўчына ў футболцы”, напісаная ў 1932 годзе, якая адразу атрымала захопленыя водгукі крытыкаў, а пазней залаты медаль Міжнароднай выставы ў Парыжы ў 1937 годзе. Выдатная серыя акварэльных работ і жывапісных палотнаў “Метробудаўніцы” 1930-х гадоў, вобразы спартсменак у карцінах “Пасля кросу”, “Фізкультурніца” 1935 года і шэраг іншых выдатных твораў. Да іх ліку належыць і палатно “На дзяжурстве. Пачатак блакады”, якое знаходзіцца ў зборы нашага музея, напісанае мастаком у 1943 годзе ў Новасібірску, куды ён быў эвакуіраваны з Ленінграда ў 1941 годзе разам з Акадэмічным тэатрам драмы імя А.С. Пушкіна, для якога афармляў спектаклі.

Натхнёны беспрэцэдэнтным прыкладам мужнасці жыхарак блакаднага Ленінграда, якія служылі ў падраздзяленнях мясцовай супрацьпаветранай абароны, А.М. Самахвалаў стварае вялікую сюжэтную карціну, дзе малюе дзяўчыну – байца падраздзялення назірання, апавяшчэння і сувязі на пасту дома побач з Адміралцействам.

Падчас блакады з верасня 1941 года па студзень 1944 года Ленінград пастаянна падвяргаўся налётам авіяцыі і артабстрэлу. У задачы назіральнікаў, або вышкавых, як яны самі сябе называлі, уваходзіла сачыць за тым, дзе ў раёне ўпаў снарад або бомба, і неадкладна перадаваць звесткі ў штаб, каб там ведалі, куды высылаць пажарнае або санітарнае падраздзяленне. З вясны 1942 года падраздзяленні мясцовай супрацьпаветранай абароны на восемдзесят пяць працэнтаў былі ўкамплектаваны жанчынамі, таму што пасля цяжкай блакаднай зімы 1942 года многія мужчыны загінулі ад голаду, іншыя пайшлі на фронт. Ленінградская жаночая армія, пераадольваючы неверагодныя пазбаўленні і цяжкасці, з рызыкай для жыцця, самааддана займалася ліквідацыяй наступстваў налётаў авіяцыі, несла дзяжурства на вышках, абясшкоджвала бомбы і міны, разбірала завалы, тушыла пажары, хавала загінуўшых і аказвала медыцынскую дапамогу пацярпелым.

У карціне мастак дасягае найвышэйшай мастацкай выразнасці, выбудоўваючы кампазіцыю так, што яе аснову склала ўнутрана дынамічная пастава гераіні, пабудаваная па прынцыпе класічнага кантрапоста. Гранічнае эмацыянальнае напружанне, гатоўнасць да дзеяння, непахісная воля і самаадданасць надаюць вобразу непазбежны гераічны пафас, які памякчаны відавочнай жаноцкасцю і тонкай лірыкай дэталяў. А.М. Самахвалаў здолеў унесці ў аблічча сваёй гераіні тую ступень абагульнення, якая дазваляе кожнай з шаснаццаці тысяч дзяўчат, што служылі ў падраздзяленнях мясцовай супрацьпаветранай абароны, убачыць у ёй сябе.

Пластычна выразная постаць дзяўчыны вылучаецца сваімі дасканалымі формамі на фоне горада і здаецца высечанай з мармуру.

Міжволі хочацца параўнаць гераіню карціны са старажытнагрэчаскай багіняй перамогі Нікай. Сапраўднай і бясспрэчнай рэмінісцэнцыяй антычнасці выступаюць скульптуры на вежы Адміралцейства. Вартаўніком ленінградскага неба выступае скульптура вядомага эпірскага палкаводца Піра, мацнейшага праціўніка Рыма, якая ўзвышаецца на фоне гарызонту, што патанае ў дыме і агні.

Трагічную атмасферу горада, палаючага ў зарыве пажару, стварае каларыт карціны, пабудаваны ў вельмі тонкіх градацыях пурпурна-сіняга, бэзавага, амаранта-ружовага, залаціста-жоўтага колераў.

Як і лепшыя працы 20–30-х гадоў XX стагоддзя, твор А.М. Самахвалава “На дзяжурстве. Пачатак блакады” 1943 года адзначаны такімі рысамі яго добра вядомага стылю, як манументальнасць, выразная скульптурная пластыка форм, тонка распрацаваны танальны каларыт, імкненне стварыць узнёслы і ёмісты вобраз сучаснасці.

Гэта вялікафарматная (270 х 275 см) карціна паступіла ў збор музея ў 1946 годзе з фондаў Дырэкцыі мастацкіх выстаў і панарам СССР. Больш за 70 гадоў твор захоўваўся ў фондах музея, накатаны на вал, таму што патрабавалася прафесійная рэстаўрацыя. На працягу гэтага года рэстаўратары Святлана Дзікуць і Аляксандр Кірэль займаліся рэстаўрацыяй палатна. Пасля завяршэння ўсіх рэстаўрацыйных мерапрыемстваў карціна ўпершыню экспануецца ў сценах НММ РБ да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Аўтар тэксту і скадальнік - Васілеўская А. Г.