Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Віртуальная выстава

22 мая 2017 года спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Алены Васілеўны Аладавай (1907–1986).

Гісторыя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь неразрыўна звязана з імем Алены Васілеўны, а яе біяграфія неаддзельная ад гісторыі музея. Алена Аладава (у дзявоцтве – Пук) працавала ў музеі з моманту яго заснавання да апошніх дзён жыцця, а з 1944 па 1977 год займала пасаду дырэктара.

Трыццаць тры гады дырэктарства Аладавай – гэта час, калі мастацкі музей, разрабаваны ў перыяд нямецкай акупацыі, быў адноўлены фактычна з нуля. Пад кіраўніцтвам Алены Васілеўны, дзякуючы яе арганізацыйным здольнасцям, уменню наладжваць кантакты і прафесійнай інтуіцыі, былі сабраны найкаштоўнейшыя калекцыі беларускага, рускага, заходнееўрапейскага і ўсходняга мастацтва, праведзена трыццаць экспедыцый па выяўленні і збіранні помнікаў старажытнабеларускага і беларускага народнага мастацтва, шырока разгарнулася выставачная і навукова-асветніцкая дзейнасць. У 1957 годзе дзякуючы намаганням Аладавай быў адчынены новы будынак музея (архітэктар М.І. Бакланаў). Стварэнне і развіццё музея стала для Алены Васілеўны сэнсам усяго жыцця.

На гэтай невялікай віртуальнай выставе прадстаўлены дванаццаць фатаграфій з архіва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, зробленых у розныя гады, – дванаццаць імгненняў з жыцця Алены Васілеўны Аладавай. Цытаты з дакументаў і ўспамінаў прыводзяцца паводле кнігі «Елена Аладова. Музей – ее судьба» (Мн.: Мастацкая літаратура, 2006).

Дзеці Васіля Ісаевіча і Алены Сільвестраўны Пук (злева направа): Лена, Валя, Таня, Коля. 1916

З успамінаў В.М. Аладава, сына А.В. Аладавай: “Алена Васілеўна як старэйшая з чатырох дзяцей напачатку была іх нянькай. Малодшая сястра Таццяна ў 16 гадоў выскачыла замуж за камсамольскага сакратара ў Парычах Васіля Самуціна (1906–1981), які ў 1930 годзе быў прызначаны рэдактарам газеты “Чырвоная змена” і перабраўся ў Мінск. Самуціну пасля арышту цесця загадалі кінуць жонку – “дачку беларускага нацдэма” – з двума дзецьмі і перабрацца ў Заходнюю Беларусь на падпольную работу.

Другая сястра, Валянціна, скончыла толькі чатыры класы і да канца сваіх дзён заставалася малапісьменнай. Яна выйшла замуж за “куставога агранома”(потым механізатара, дырэктара МТС) у в. Старое Сяло Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Ён у 1944 годзе загінуў на вайне, пакінуўшы сіротамі дваіх дзяцей.

Брат Мікалай вучыўся і працаваў памочнікам машыніста. Перад вайной служыў на флоце старшыной на падводнай лодцы. З прычыны растрат кіраўніцтва яго пасадзілі ў ваенную турму. У Вялікую Айчынную вайну трапіў у штрафны батальён, дзе “пратрубіў” усю вайну, атрымаўшы 16 цяжкіх раненняў і кучу ордэнаў”.

Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на канікулах у м. Парычы. Верхні рад, другая справа Алена Пук. 1924

З аўтабіяграфіі А.В. Аладавай (1981): “Сумяшчаючы вучобу з працай на ўніверсітэцкіх кафедрах, займалася ў вячэрняй ізастудыі і з 1925 года, часу правядзення 1-й Усебеларускай мастацкай выставы, супрацоўнічала з мастакамі па арганізацыі і абслугоўванні ўсіх рэспубліканскіх выстаў у наступныя гады. З 1927 па 1932 год уваходзіла ў маладзёжнае аб’яднанне беларускіх мастакоў “Прамень”, працавала ў БДМ па замалёўках экспедыцыйных матэрыялаў і шмат часу аддавала грамадскай працы”.

У дзень вяселля. Алена Пук (Аладава) і Мікалай Аладаў. 1928

З аўтабіяграфіі А.В. Аладавай (1981): “У 1928 годзе выйшла замуж за кампазітара М.І. Аладава. Мы дружна пражылі жыццё і выхавалі траіх дзяцей”.

З успамінаў В.М. Аладава: “Рэгістрацыі ў 1920-я гады не надавалі значэння – лічылі яе буржуазным перажыткам; афіцыйна яны зарэгістравалі шлюб толькі ў 1943 годзе ў Саратаве. Але мама з дня вяселля стала называць сябе Аладавай”.

Сямейнае шчасце на Старажоўцы (Мінск). Мікалай і Алена Аладавы з дзецьмі Вальменам і Гельмірам. 1937

З успамінаў В.М. Аладава: “Дом быў даволі стары. Затое да яго прылягаў раскошны фруктовы сад з альтанкай і будкай для вартаўніка ці садоўніка, а перад вокнамі нашай кватэры мама разбіла вялізны агародчык, дзе яна разводзіла кветкі. Алея, што вяла да дому, зарасла бэзам”.

А.В. Аладава. 1947. Два гады назад нарадзілася дачка Радаслава.

З аўтабіяграфіі А.В. Аладавай (1981): “Першае пасляваеннае дзесяцігоддзе маёй дырэктарскай дзейнасці насычана напружанымі пошукамі значных мастацкіх твораў у прыватных зборах Савецкага Саюза і афармленнем атрымання сродкаў ад урада рэспублікі на аплату набыцця выяўленых экспанатаў па спісах, што прадастаўляліся мной”.

З успамінаў Р.М. Аладавай: “Часта ўспамінаю адно з найбольш яркіх маіх дзіцячых уражанняў. Зімовы прыцемак, снежна. За акном вецер матляе галіны дрэў. Я сяджу ў мамы на каленях, і яна мне расказвае казку пра брэменскіх музыкантаў. Скрозь галіны прабіваецца агеньчык з суседняга асабняка на гары. Я ведаю, што менавіта там балююць казачныя разбойнікі. Але мне не страшна. Ад мамы зыходзіць цяпло і пахне чымсьці смачным, і я адчуваю сябе ў поўнай бяспецы… Гэтае пачуццё роднага дома, абароненасці, якое бацькі выгадавалі ў душах маіх старэйшых братоў і маёй, многае вызначала ў жыцці нашай сям’і”.

Будынак Дзяржаўнага мастацкага музея БССР да здачы гатовы! Злева направа: галоўны інжынер праекта Б. Шлосберг, міністр культуры БССР Р. Кісялёў, аўтар праекта М. Бакланаў, А. Аладава, скульптар А. Бембель. 1957

З успамінаў І.В. Назімавай, супрацоўніцы музея (1957–1990): “Напярэдадні кастрычніцкіх свят 1957 года жыхары Мінска маглі бачыць незвычайную працэсію, што рухалася па вуліцы Леніна ад плошчы Свабоды: супрацоўнікі галерэі, і пажылыя, і маладыя, неслі, як абразы, найбольш каштоўныя карціны. Залачоныя разныя рамы для зручнасці транспартавання надзяваліся на шыі. Так дружна і весела мы прымалі ўдзел у падрыхтоўцы музея да ўрачыстага адкрыцця”.

У экспедыцыі. Алена Аладава і рэстаўратар Віктар Філатаў. Брэсцкая вобласць. 1958

Са Справаздачы аб рабоце экспедыцыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР…” ад 5 жніўня 1958 года, складзенай А.В. Аладавай: “Задачай экспедыцыі было выяўленне і ўзяцце на ўлік твораў выяўленчага мастацтва беларускіх мастакоў да XIX стагоддзя, што знаходзяцца ў будынках цэркваў і касцёлаў, а таксама атрыманне ва ўласнасць Мастацкага музея БССР твораў мастацтва з дзейных культавых будынкаў, са згоды мясцовых служыцеляў культу…

У выніку работы экспедыцыі выяўлена больш за 200 твораў, якія з’яўляюцца мастацкай каштоўнасцю. Асноўную масу складаюць работы беларускіх мастакоў ад XVI да пачатку XIX стагоддзя. Знойдзены два творы жывапісу XVI стагоддзя пэндзля невядомых мастакоў. Знаходзяцца: адзін – у царкве сяла Быцень Івацэвіцкага раёна, другі – у царкве сяла Дубенец Столінскага раёна. Абодва творы маюць вялікую мастацкую каштоўнасць і з’яўляюцца самымі раннімі з захаваных твораў беларускіх мастакоў. Знойдзена таксама некалькі твораў з датай іх стварэння, што з’яўляецца рэдкасцю і мае вялікае значэнне для атрыбуцыі работ, якія не маюць датавання”.

А.В. Аладава і галоўны захавальнік музея А.І. Сакалоў каля абраза “Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Рыгор Багаслоў, Іаан Златавуст”. 1963

З успамінаў Н.Ф. Высоцкай, супрацоўніцы музея (1964–2006), загадчыка аддзела старажытнабеларускага мастацтва (1980–2006): “А.В. Аладава ўзначальвала таксама Шостую экспедыцыю 1963 года ў Брэсцкую вобласць, у складзе якой працавалі музейныя супрацоўнікі – загадчык аддзела дарэвалюцыйнага рускага і савецкага мастацтва Пётр Герасімовіч, рэстаўратар Мікалай Куйчык і мастак-афарміцель Іван Міско. Менавіта гэтай экспедыцыяй былі вывезены адзіны захаваны ў Беларусі шарашоўскі іканастас XVII стагоддзя, храмавы абраз “Выбраныя святыя”, фрагменты драўлянай разьбы і фератрон”.

Надзя Лежэ – госць музея. На першым плане злева направа: намеснік міністра культуры БССР Ю. Міхневіч, А. Аладава, народны мастак БССР А. Бембель, Н. Лежэ, мастацтвазнаўца, старэйшы навуковы супрацоўнік музея Н. Бараноўская. 1967

З успамінаў Н. Марчанкі, супрацоўніцы музея (1962–1967): “Памятаю, як прыехала да нас з падарункамі – унікальнымі рэпрадукцыямі карцін заходнееўрапейскіх жывапісцаў – французская мастачка Надзея Пятроўна Лежэ, удава знакамітага Фернана Лежэ. У кабінеце Алены Васілеўны сабралася група мастакоў і музейных супрацоўнікаў. Сядзім, гутарым. Раптам Надзея Пятроўна кажа Аладавай: “Давайце я зараз пазваню ў Парыж Марку Захаравічу… Трэба яго запрасіць у Беларусь…” Мы ўсе анямелі: як гэта, званіць самому Шагалу! Лежэ, убачыўшы нашу рэакцыю, усміхнулася: “Ды ён чакае майго званка… Я яму заўсёды кажу: Марк, Марк, чаго ты чакаеш? Трэба ехаць, гэта твая Радзіма… Вось я, калі прыходзіць жаданне, у любы час магу прыехаць у Маскву, Мінск ці ў родны Зембін…”. А мы слухаем і чакаем: пазвоніць – не пазвоніць… Не пазваніла – нешта перашкодзіла”.

А.В. Аладава ля “Партрэта доктара М.І. Бера з жонкай Н.М. Бер” В. Трапініна. 1976

З артыкула А.К. Рэсінай Здабытыя карціны”: “Дзевяць палотнаў В. Трапініна, што знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, да паступлення ў музей уваходзілі ў калекцыі розных маскоўскіх уласнікаў. Яны ўносяць вельмі істотнае адценне ў агульнавядомае ўяўленне пра своеасаблівасць творчага аблічча гэтага найбуйнейшага рускага жывапісца. Тут … “Партрэт доктара М.І. Бера з жонкай Н.М. Бер” са сваёй атрыбутыкай параднага партрэта, але трактаваны ў інтымна-лірычным ключы. Па сутнасці, гэта адно з апошніх значных палотнаў Трапініна”.

А.В. Аладава. 1976

З успамінаў Р.М. Аладавай: “Мама казала мне, што была шчаслівым чалавекам. Сапраўды, яна займалася любімай справай і ўвачавідкі бачыла яе вынікі. Было ў яе і афіцыйнае прызнанне: ганаровае званне, ордэны і медалі, якімі яна ганарылася, але з прычыны прыроднай сціпласці саромелася іх надзяваць”.

Сярод сяброў, калег і аднадумцаў. Святкаванне 70-годдзя А.В. Аладавай (у цэнтры, з букетам кветак). 1977

З успамінаў Б.А. Крэпака, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі: “У 1977 годзе Алена Васілеўна выйшла на пенсію… Але да самай смерці яна працягвала апекаваць і кансультаваць музей, які быў для яе ўсім. Без гэтага жыць яна не магла.

“Як неміласэрна ляціць час!” – з сумам сказала яна, адзначаючы сваё 70-годдзе… За акном адцвітала чаромха: быў канец мая 1977 года. Аладавай заставалася жыць яшчэ дзевяць гадоў і адзін тыдзень”.