Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

1957 год – новая старонка ў гісторыі музея (архіўныя фотаздымкі)

5 лістапада 1957 года Дзяржаўны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь пераехаў у новы будынак так пачалася новая старонка ў гісторыі музея. Мы прапануем Вам некалькі ўнікальных фотаздымкаў з архіва музея і ўспамінаў найстарэйшай супрацоўніцы музея Ірыны Васільеўны Назімавай аб пераездзе ў новы будынак (артыкул “Да 50-годдзя будынка музея” быў напісаны ў чэрвені 2006 года).

У жыцці чалавека (як і ў творчасці мастака) бываюць пераломныя даты, якія завяршаюць адзін і пачынаюць другі перыяд. Для мяне такім знамянальным стаў 1957 год, калі я скончыла Акадэмію мастацтваў у Ленінградзе, пераехала ў Мінск і была запрошана легендарнай Аленай Васільеўнай Аладавай на працу ў створаную ёй пасляваенную Карцінную галерэю. У той час яна размяшчалася ў Доме прафсаюзаў на плошчы Свабоды. Тут ужо шмат гадоў працавалі загадчык фондамі П.М. Герасімовіч, навуковыя супрацоўнікі А.Д. Палеес, А.В. Васілеўская, Р.А. Баравік і майстар на ўсе рукі В.Б. Зелянко.

У 1957 году калектыў галерэі папоўніўся маладымі супрацоўнікамі, якія скончылі розныя ВНУ, але якія гарэлі жаданнем працаваць на ніве мастацтва. Першым быў залічаны ў штат Г.І. Кароль, галантнасць якога адпавядала “сану манарха”. Маім самым блізкім сябрам на ўсё жыццё стала мастацтвазнаўца А.К. Рэсіна, якая адрознівалася ад усіх найвышэйшым прафесіяналізмам, аналітычным розумам і шчырасцю характару. Бібліятэкай загадвала В.І. Колас, якая ціха і спакойна разбірала стосы кніг. У аддзеле навуковай прапаганды працавалі ўжо дасведчаная, але незвычайна сціплая і добрасумленная Н.М. Бараноўская, а таксама В. М. Чуркіна, Э.І. Вецер і Р.Р. Бадзін, якія хутка засвойвалі новую для іх навуку. Амаль адначасова з імі прыйшоў сівабароды фатограф І.І. Салавейчык, заўсёды свяціўся добрай усмешкай. Склаўся цудоўны, дружны калектыў, перад якім стаяла адказная задача: падрыхтаваць фонды галерэі да пераезду ў новы (пабудаваны паводле праекта архітэктара М.І. Бакланава) будынак на вуліцы Леніна, 20. У кожнага з нас быў свой участак працы. Памятаю, што я займалася інвентарызацыяй і апісаннем твораў рускага дарэвалюцыйнага мастацтва.

Незадоўга да лістападаўскіх святаў да пад’езда Дома прафсаюзаў падалі грузавік, на які пагрузілі скульптуру і супрацоўнікаў, каб тыя беражліва падтрымлівалі ў дарозе мармуровыя, гіпсавыя і драўляныя галовы.

Для большай устойлівасці давераных нам шэдэўраў мы абдымалі іх за шыі. Карціна была амаль сюррэалістычная. Некалькі рэйсаў на машыне змяніліся пешымі працэсіямі работнікаў галерэі ўсіх узростаў, якія пераносілі на руках карціны. Залочаныя разьбяныя рамы для зручнасці транспарціроўкі мы надзявалi на шыю і, гледзячы адзін на аднаго, не маглі ўтрымацца ад смеху. Успаміналі “Хросны ход у Курскай губерні” І.Я. Рэпіна. Урачыстасць падзеі і камізм сітуацый выклікалі радаснае ўзбуджэнне і ўдзельнікаў пераезду, і выпадковых прахожых. На жаль, гэтыя яркія моманты гісторыі музея захаваліся толькі ў нашай памяці.

Пасля сціплых канцылярскіх пакояў Дома прафсаюзаў новы будынак з беламармуровымі лесвіцамі і калонамі здаваўся казачным палацам, увасабленнем мары.

Храм мастацтва, што ўмясціў скарбы Карціннай галерэі, быў названы Дзяржаўным мастацкім музеем БССР. Ён стаў родным домам для ўчарашніх студэнтаў, якія распачалі тут свой працоўны шлях.

Натхнёныя прыкладам нястомнай Алены Васільеўны, мы забывалі пра час, выконваючы любую неабходную ў дадзены момант працу: выціралі пыл, мылі шкло, цягалі подыумы для скульптур і карцін, пакуль яны не знаходзілі сваё пастаяннае месца ў зале. У зносінах з Аленай Васільеўнай набываўся бясцэнны вопыт экспазіцыйнай работы.

Музей адчыніў свае дзверы для гледачоў у дні, калі ўся краіна (СССР) адзначала 40-гадовы юбілей Кастрычніцкай рэвалюцыі. На вернісажы, вядома, была рэспубліканская эліта, але я яшчэ нікога не ведала, таму афіцыйныя ўрачыстасці мне не запомніліся. Затое назаўжды застаўся ў памяці грандыёзны вечар, які мы наладзілі для саміх сябе пасля пераезду, 5 лістапада. Адкуль толькі браліся сілы на тое, каб збегаць дадому пераапрануцца, а потым сервіраваць святочны стол, выступаць з жартаўлівымі пародыямі, іграць на раялі, спяваць дуэтам і танцаваць, танцаваць да ўпаду ў велізарным мармуровым вестыбюлі! О, маладосць!

Энергія Алены Васільеўны, яе добрасардэчнасць і шчодрасць душы, самазабыўная любоў да мастацтва і свайго дзецішча дазволілі стварыць у музеі непаўторную атмасферу захопленасці агульнай справай і ўзаемнай сімпатыі, а гэта ператварала ў свята і працу, і нефармальную гутарку калег.

Ірына Васільеўна Назімава

 

                                                                                                                                                                                                                            

 Будаўніцтва ішло доўгіх семь гадоў і завяршылася к 5 лістапада 1957 года. Аўтарам праекта, першага спецыяльнага распрацаванага для музея будынка ў СССР, стаў архітэктар Міхаіл Бакланаў. 

Архітэктар Міхаіл Бакланаў

Два тыдні да адкрыцця рабілася экспазіцыя ў 10 залах. Супрацоўнікі пад кіраўніцтвам А.В. Аладавай працавалі да глыбокай ночы

І вось знамянальная дата – першыя наведвальнікі ўвайшлі ў новы будынак музея, з нагоды свята ўпрыгожаны дывановымі дарожкамі. Архіў захаваў фатаграфіі тых людзей – працоўных, школьнікаў, інтэлігенцыю. Усіх перапаўняў гонар: музей к 1957 году дзякуючы гераічнай падзвіжніцкай працы дырэктара А.В. Аладавай змог аднавіць колькасць даваеннай калекцыі – тры тысячы экспанатаў.

 І.В. Назімава праводзіць экскурсію ў зале Старажытнабеларускага мастацтва. 1957

В.М. Чуркіна праводзіць экскурсію ў зале Рускага мастацтва. 1957

 А.В. Васілеўская праводзіць экскурсію школьнікам у зале Рускага мастацтва. 1957

Фатограф І.І. Салавейчык з І.В. Назімавай. 1957

Інфармацыю да выставы падрыхтавалі: Валянціна Фёдараўна Баслык і Валянціна Мікалаеўна Башак, вядучіе архівісты Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь