Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

14 карцін пра каханне

14 КАРЦІН ПРА КАХАННЕ

Віртуальная выстава

з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Каханне паміж мужчынам і жанчынай здаўна было самай апетай і невычэрпнай тэмай у мастацтве, бо разабрацца ў прыродзе гэтага пачуцця канчаткова ніхто так і не змог. Першую спробу падысці да тэмы аналітычна ажыццявілі старажытныя грэкі, якія зрабілі каханне прадметам даследавання і стварылі класіфікацыю з шасці відаў гэтага пачуцця: eros (гарачае і эмацыянальнае каханне), ludus (каханне-гульня, заснаванае на флірце), storge (каханне-дружба, народжаная агульнасцю інтарэсаў), pragma (каханне, якое прадугледжвае агульныя мэты і партнёрскія адносіны), mania (ірацыянальнае каханне-апанаванасць), agape (ахвярнае каханне).

Як ні парадаксальна, тэматычны зрэз сучаснага беларускага мастацтва з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь дэманструе падобнае імкненне да дыферэнцыяцыі відаў кахання. У прадстаўленых на выставе 14 карцінах – самыя розныя трактоўкі гэтага паняцця, сярод якіх як рамантычнае каханне, так і іншыя яго формы.

Жывапіс беларускіх мастакоў, якія працавалі ў 1960-х гадах, распавядае пераважна пра каханне-партнёрства, якое прайшло выпрабаванні вайной, нягодамі і сумеснай працай (Л. Шчамялёў “Цяжкія гады”, В. Грамыка “Гудуць трактары”, М. Данцыг «Навасельцы», А. Гугель “Стары млын”, В. Тарасаў “Удваіх”). Героі карцін не дэманструюць падкрэсленую пяшчоту адзін да аднаго, паміж імі няма відавочнай эмацыянальнай сувязі, аднак абставіны матывуюць іх служыць адзін аднаму апорай і падтрымкай, на ўсё жыццё ператвараючы ў верных надзейных спадарожнікаў. Хоць без выключэнняў у гэтым шэрагу усё ж не абыходзіцца: праца А. Гугеля “Прызнанне” перадае самую што ні на ёсць традыцыйную рамантычную абстаноўку: ноч, возера ў святле месяца, лірычны “тэт-а-тэт” мужчыны і жанчыны. Зрэшты, адбітак эпохі прасочваецца і тут: мужчына – горды марак, салдат савецкай арміі з чырвонай зоркай на бесказырцы, а жанчына, хоць і апранута ў далікатную ружовую сукенку, мае моцны склад і жорсткі выраз твару чалавека, які звыкся з цяжкасцямі і самадастатковасцю.

Шчамялёў Леанід Дзмітрыевіч. Цяжкія гады. (Апалчэнец). 1964–1965

Грамыка Віктар Аляксандравіч. Гудзяць трактары. 1965

Данцыг Май Вольфавіч. Навасельцы. 1962

Гугель Адольф Самуілавіч. Стары млын. 1969

Тарасаў Вячаслаў Аляксеевіч. Удваіх. 1968

Гугель Адольф Самуілавіч. Прызнанне. 1964

Забаўна, што ў 1970-я фокус у раскрыцці тэмы кахання рэзка мяняецца і асноўнымі героямі палотнаў становяцца бесклапотныя маладыя людзі, якія жывуць суб’ектыўнымі эмоцыямі і будуюць адносіны пераважна на сяброўскай агульнасці інтарэсаў і/або рамантычным захапленні адзін адным (М. Казакевіч “Юнацтва”, В. Маркавец “Купалле”, “Свята ў Докшыцах”). Яны належаць да пасляваеннага пакалення, якое ведала голад, холад і бедствы толькі са старонак падручнікаў і яшчэ не паспела страціць наіўнасць светаўспрымання.

Казакевіч Мікалай Канстанцінавіч. Юнацтва. 1971

Маркавец Віктар Пятровіч. Купалле. 1976

Маркавец Віктар Пятровіч. Свята ў Докшыцах. 1976

1980-я, як дзесяцігоддзе, якое было адзначана рэфлексіяй на тэму застою 70-х і наступнай перабудовай, вяртаюць нас да кахання праблемнага, кахання, якое ў большасці выпадкаў асуджана на безвыходнасць (М. Ісаёнак “Спрадвечнае. Дыялог”, А. Марачкін “Вераніка і Максім”.

Ісаёнак Мікалай Іосіфавіч. Спрадвечнае. Дыялог. 1988

Марачкін Аляксей Антонавіч. Вераніка і Максім. 1981

Зусім іншымі метадамі вырашаецца любоўная тэматыка ў працах постсавецкага перыяду. Іх характарызуе не толькі прыкметны адыход ад рэалізму і іншых канонаў савецкага жывапісу, але і імкненне даваць зусім новыя для беларускага мастацтва інтэрпрэтацыі кахання як пачуцця, гендэрных роляў і самой логікі адносін паміж мужчынам і жанчынай. Пры гэтым наўрад ці мы можам гаварыць пра якое-небудзь відавочнае адзінства гэтых інтэрпрэтацый. Адзначым толькі, што жывапіс апошніх гадоў пераважна балансуе паміж каханнем-гульнёй – ludus – і каханнем-апанаванасцю – mania. Хоць разнастайнасць мяжы XX–XXI стст. у роўнай меры здольны прапанаваць і рафінаваны рамантызм (А. Сілівончык “Плыві па цячэнню”), і іранічную алюзію (А. Скавародка, “Пад небам Купалы”) і адкрыты гратэск (М. Селяшчук “Люблю цябе сустракаць”).

Сілівончык Ганна Міхайлаўна. Плывем па цячэнню. 2012

Скавародка Алег Аляксандравіч. Пад небам Купалы. 2002

Селяшчук Мікалай Міхайлавіч. Люблю цябе сустракаць. 1994

Мастацтва павінна заўсёды знаходзіцца ў руху і раз за разам у той ці іншай форме адказваць на перамены ў грамадстве. За апошнія 50 гадоў беларускае мастацтва падало мноства ракурсаў, з якіх можна разглядаць адносіны паміж мужчынам і жанчынай. Што тоіцца за словам “каханне”? Дружба і партнёрства? Натхнёнае захапленне і напружаны нерв эмацыянальных канфліктаў? Рамантычныя ілюзіі і самасцвярджэнне ўласнага эга? Наўрад ці чатырнаццаць карцін ХХ–XXI стагоддзяў здольныя даць адказы на гэтыя адвечныя пытанні, але паспрабаваць усё-такі могуць.

Аўтар тэксту: Аліна Стралкоўская, навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы