Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Выстава "Два светы рускага іканапісу. Помнікі XVII стагоддзя са збору Музея рускай іконы"

З 22 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі пачне працаваць часовая выстава "Два светы рускага іканапісу. Помнікі XVII стагоддзя са збору Музея рускай іконы".

Прадстаўленыя на выставе помнікі са збору Музея рускай іконы адносяцца да XVII стагоддзя – аднаго з самых складаных і супярэчлівых перыядаў у рускай культуры, які невыпадкова атрымаў назву «эпохі змен». Іканапіс гэтага часу завяршае шматвяковую гісторыю развіцця старажытнарускага мастацтва і стаіць напярэдадні рэалістычнага жывапісу Новага часу. Менавіта ў гэты перыяд адбываецца паступовае «абміршчэнне» мастацтва – узрастае цікавасць іканапісцаў да асобы чалавека і да навакольнага свету. З сярэдзіны стагоддзя ўзмацняецца ўплыў еўрапейскай мастацкай культуры, што прыводзіць да істотнага пашырэння кола сюжэтаў і ўскладнення іканаграфіі.

Правадніком новых ідэй выступае іканапісная майстэрня Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля, у якой канцэнтруюцца лепшыя ізографы і нават працуюць замежнікі. Менавіта тут адбываецца трансфармацыя выяўленчай мовы рускай іконы – уводзіцца так званы «жывападобны» стыль, які адрозніваецца імкненнем да больш рэалістычнай трактоўкі асабістага пісьма, выкарыстання святлоценявой мадэліроўкі, перадачы аб’ёмнай пластыкі формы. Эстэтычны крытэрый з гэтага часу з’яўляецца асноўным пры ацэнцы твора рэлігійнага жывапісу, а паняцце «боскага» нярэдка падмяняецца паняццем «прыгожага».

Важнай вяхой у гісторыі XVII стагоддзя сталі рэформы патрыярха Нікана (1652–1666), якія паслужылі прычынай расколу ў царкоўных колах і ў грамадстве. Заўзята выступаючы супраць жывапісных новаўвядзенняў, стараверы захоўвалі і шанавалі «дараскольныя» іконы, засцерагаючы «тонкасць старажытнага пісьма», любыя змены ў якім былі для іх падобнымі на святатацтва. Такім чынам, у сярэдзіне XVII стагоддзя адбылося «раздваенне» рускага царкоўнага мастацтва, прычым адзін са шляхоў – «жывападобны» стыль майстроў Аружэйнай палаты – афіцыйна падтрымліваўся царом і патрыярхам і паступова атрымаў шырокае распаўсюджванне ў правінцыі. Другі падвяргаўся пастаянным рэпрэсіям і ганенням, што ў наступным, XVIII стагоддзі, прывяло да поўнага неразумення і адмаўлення мастацкай мовы старажытнай рускай іконы.

Важную ролю ў эвалюцыі рускай культуры XVII стагоддзя адыграў неверагодны эканамічны ўздым, які актывізаваў царкоўнае будаўніцтва і спрыяў росквіту гандлю, узвышэнню купецтва, якое стала сур’ёзным заказчыкам. На арэну мастацкага жыцця паступова выходзяць новыя цэнтры перш за ўсё Паволжа – Яраслаўль, Кастрама, Ніжні Ноўгарад, якія вылучаюцца яркай самабытнасцю традыцый; набіраюць сілу і паўночныя гарады – Вялікі Усцюг, Халмагоры.

Разнастайнасць рускага жывапісу гэтага часу можна прасачыць па шырокім коле помнікаў, якія належаць Музею рускай іконы. Творчасць сталічных ізографаў дэманструе цэлы шэраг твораў, якія былі выкананы як у пачатку царавання дынастыі Раманавых і адрозніваліся традыцыйнасцю прыёмаў, так і тых, што былі створаны ў зусім новым духу Аружэйнай палаты ў другой палове – канцы XVII стагоддзя. Значная колькасць помнікаў музея адносіцца да мастацтва вядучых іканапісных цэнтраў Паволжа. Асаблівай увагі заслугоўваюць працы яраслаўскіх майстроў, якія адрозніваюцца вытанчанасцю арнаментаў, удасканаленай графікай і дэкаратыўнасцю пісьма. Розныя мастацкія напрамкі ахопліваюць шырокае кола ікон, звязаных з мастацтвам Цверы, Растова, Пскова, Разані, што ў XVII стагоддзі не страцілі значэння заканадаўцаў іконаграфічных і стылістычных новаўвядзенняў. Вялікую цікавасць уяўляюць творы, напісаныя ў розных іканапісных цэнтрах шырокіх зямель Рускай Поўначы: Волагды, Архангельска, Каргапаля, Паважжа. Яны адрозніваюцца не толькі наіўнай і немудрагелістай мовай, фальклорнасцю жывапісу, відавочна блізкай да народнай мастацкай культуры, сярод іх выяўляюцца і прыклады рэдкіх іконаграфічных зводаў i святых.