Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Выстава адной карціны. М.В. Данцыг “Сонечны кантынент”

У рамках святкавання Міжнароднага дня абароны дзяцей у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава адной карціны - М.В. Данцыг “Сонечны кантынент” 1977 года.

Палатно прысвечана выдатнаму беларускаму мастаку, заслужанаму настаўніку Беларусі Сяргею Каткову.

Сяргей Каткоў належыць да таго тыпу мастакоў, якія пакінулі нам не толькі сваю бясцэнную спадчыну ў выглядзе шматлікіх твораў мастацтва, але і выхавалі цэлую плеяду таленавітых мастакоў, архітэктараў, дызайнераў. Сярод іх – Май Данцыг, Уладзімір Тоўсцік, Васіль Сумараў, Зоя Літвінава, Леанід Левін, Вольга Сазыкіна, Леанід Хобатаў і іншыя. Сёння цяжка сказаць, колькі хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат праходзілі навучанне ў выбітнага педагога і проста сябра. Бо не ўсе прыходзілі да майстра з мэтай стаць мастаком. Некаторыя бралі ўрокі толькі дзеля эстэтычнага выхавання. Аднак усе незалежна ад таго, стаў вучань мастаком, лекарам, дыпламатам або навукоўцам, выказваюць падзяку свайму настаўніку.

Сваю дзейнасць студыя выяўленчага мастацтва Палаца піянераў, у якой выкладаў С. Каткоў, пачала ў 1936 годзе. “Туды ляцелі як на крылах”, – успамінае вучань Сяргея Каткова мастак Валерый Рагалевіч. Чаму? Ды таму, што да ўсіх сваіх вучняў Каткоў ставіўся, як да ўласных дзецей. Ён не ўказваў на недахопы, вучыў не толькі перадаваць адбітак на воднай роўнядзі або прамень святла ў небе, але, перш за ўсё, развіваў творчы пачатак, вучыў глядзець на свет уласным поглядам.

Менавіта ўнікальнасць кожнага дзіцячага погляду і ўзнавіў Май Данцыг у сваёй працы “Сонечны кантынент”, адлюстраваўшы студыю Сяргея Каткова. Жывапісец умоўна падзяліў гіганцкае палатно (яго памер складае 3х5 метраў) на асобныя фрагменты, дзе кожны юны мастак выбудоўвае сваю карціну будучыні. Адзін бачыць у ім будаўніцтва новых дамоў, другі – вясельную ўрачыстасць, трэці задумваецца пра ўборку ўраджаю ў полі, чацвёрты адлюстроўвае ў небе голуба свету ў палёце. Тут ёсць будынкі і дрэвы, танкі і трактары, касманаўты і вайскоўцы. Здаецца, нішто не ўтаіцца ад дзіцячага позірку...

Разнастайнасць малюнкаў, адлюстраваных на палатне, дазваляе адчуць рэальную атмасферу студыі Каткова. Як казаў сам аўтар карціны Май Данцыг: “Усе малюнкі – сапраўдныя, якія перамаляваны мной з сапраўдных дзіцячых малюнкаў. Я проста прыйшоў у студыю, адабраў самыя добрыя малюнкі, і яны ў мяне тут адлюстраваны, я нічога не выдумляў”.

У цэнтры кампазіцыі Май Данцыг выявіў Сяргея Каткова і, мабыць, дзяўчынку, якая толькі што прыйшла да яго ў студыю і трымае ў руках чысты ліст паперы – свой будучы малюнак.