Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Выстава “Чаму Ты Мяне пакінуў?”

З 17 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі пачне сваю працу новы выставачны праект “Чаму Ты Мяне пакінуў?”, які рэпрэзентуе самую трагічную і таямнічую падчас усяго евангельскага апавядання падзею – распяцце Ісуса Хрыста. Стан пакінутасці і адзіноты Збавіцеля раскрыюць творы сакральнага мастацтва з калекцыі мастацкага музея: драўляныя разьбяныя скульптуры XVII–XX стагоддзяў, напрастольныя крыжы і абразы. Большасць прадметаў на выставе экспануецца ўпершыню.

Сярод сотняў прадметаў сакральнага зместу з фондаў музея ў чатырох выставачных залах першага паверха будуць прадстаўлены толькі каля трыццаці ўнікальных экспанатаў.

Адкрые экспазіцыю рэдкая для Беларусі скульптура, якая паказвае Хрыста ў вязніцы. Паводле народнай інтэрпрэтацыі, у ёй Ісус праводзіць адну з самых складаных начэй – ноч перад распяццем. Напрастольныя крыжы розных канфесій прадставяць умоўны экскурс у іканаграфію распяцця. І завершыць экспазіцыю кульмінацыйная частка праекта – куратарская інсталяцыя, што сімвалізуе Галгофу.

Большасць драўляных скульптур, паказаных на выставе, маюць шматлікія страты і дэманструюцца ў пазбаўленым глянцу выглядзе, што і з’яўляецца канцэптуальнай падставай галоўнай куратарскай ідэі праекта – увасабленне тэмы богапакінутасці. Пашкоджаная часам і ўмовамі бытавання матэрыя культавых помнікаў узмацняе перадачу болю і пакут Хрыста.

Асаблівасцю экспазіцыйнага рашэння выставы з’яўляецца інавацыйны падыход да рэпрэзентацыі твораў сакральнага мастацтва: мінімалістычны дызайн інсталіравання, аўдыяльнае суправаджэнне і светлавое афармленне.

У рамках выставы будзе праведзены шэраг куратарскіх экскурсій.

 

Куратар выставы Дзмітрый Салодкі – старшы навуковы супрацоўнік
аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст.