Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Выстава Іагана Людвіга Блойлера (1792–1850) «Падарожжа па Рэйне» са збору Нацыянальнага музея Ліхтэнштэйна

З 3 мая па 8 ліпеня 2019 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца выстава пейзажнай графікі Іагана Людвіга Блойлера “Падарожжа па Рэйне”, арганізаваная сумесна з Нацыянальным музеем Ліхтэнштэйна пры актыўнай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі. У экспазіцыі будуць прадстаўлены 40 гуашаў, створаных у першай палове XIX стагоддзя. Гэта выстава нашых калег у рамках 300-годдзя Княства Ліхтэнштэйн і 80-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – адказ на выставу беларускіх абразоў XVII–XX стст., якая ўрачыста адкрылася 27 сакавіка і будзе працаваць па 10 чэрвеня 2019 г. у Нацыянальным музеі Ліхтэнштэйна. 

Іаган Людвіг (Луі) Блойлер (1792–1850) — выдатны швейцарскі мастак-пейзажыст. Галоўны яго твор — серыя «Падарожжа па Рэйне». Яна складаецца з 80 работ, выкананых у тэхніцы гуашы, дзе Рэйн і яго ваколіцы прадстаўлены гледачу на ўсім працягу вялікай ракі — ад вытокаў у Швейцарскіх Альпах да вусця ў Паўночным моры.

Серыя «Падарожжа па Рэйне» стваралася ў перыяд з 1827 па 1842/43 гады, але накіды рэйнскіх пейзажаў Блойлер пачаў рабіць яшчэ ў 1817–1818 гадах, падчас падарожжа па даліне Рэйна. Работы тыражаваліся ва ўласным выдавецтве майстра ў каляровым і чорна-белым выкананні і прадаваліся падарожнікам. Да папак з работамі дадаваліся карты Рэйна, каб падарожнікам лягчэй было знайсці месцы, прадстаўленыя мастаком.

Іаган Людвіг Блойлер добра ведаў густы публікі і разумеў, якія канкрэтна матывы будуць карыстацца найбольшым попытам. Яго пейзажы, як правіла, яркія, сонечныя, з вытанчана выпісанай прыродай, на іх заўсёды яснае надвор’е і блакітнае неба. Асабліва папулярнымі былі віды Сярэдняга Рэйна з характэрнымі для гэтых месцаў крутымі скаламі, старасвецкімі гарадамі, руінамі замкаў. Але, паколькі задумай мастака было паказаць Рэйн на ўсім яго працягу, у серыі прадстаўлены і такія месцы, якія даволі рэдка з’яўляліся ў творах мастакоў таго часу. На многіх работах швейцарскага майстра бачныя выявы людзей, што займаюцца сваімі будзённымі справамі: пасвяць скаціну, сякуць дровы, палююць, косяць траву, ловяць рыбу, гутараць. Цікавыя таксама гарадскія пейзажы, дзе І.Л. Блойлер паказаў сябе выдатным майстрам жанру вядуты — дэтальна прапісанага будзённага гарадскога пейзажу.

Пейзажы Іагана Людвіга Блойлера карысталіся вялікай папулярнасцю, сярод заказчыкаў яго работ былі не толькі звычайныя аматары падарожжаў, але каралеўскія і імператарскія дамы Аўстрыі, Англіі, Францыі, Прусіі, Даніі, Расіі.

Калекцыя арыгінальных гуашаў з серыі «Падарожжа па Рэйне» была падаравана Нацыянальнаму музею Ліхтэнштэйна прыватным калецыянерам Адульфам Петэрам Гоапам (1921–2011), які сабраў 77 з 80 работ гэтай серыі.

Куратар выставы Франц Корзун, навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь