Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

"Плынь часу" творы мастакоў Беларусі – юбіляраў 2019 года

Выставы гэтага кшталту пачалі праводзіцца ў музеі 11 гадоў таму, хоць, на жаль, бывалі не штогод. Юбілей як нагода ў пэўнай ступені з’яўляецца фармальнасцю, але тым не менш дазваляе дастаць са сховішчаў вядомыя ўжо толькі музейшчыкам работы напаўзабытых майстроў, а таксама шырэй паказаць творчасць больш вядомых мастакоў і здзейсніць такім чынам своеасаблівы працяг і дапаўненне пастаяннай экспазіцыі. Некалі гэтыя творы былі абраны для музея на выставах, у майстэрнях як лепшыя, годныя, з павагай, любоўю, часам у гарачых абмеркаваннях і дыскусіях, а пасля апынуліся ў запасніках па-за мастацкім жыццём на доўгія гады. Відавочна, што музей не можа экспанаваць усё, што ёсць у яго фондах, выставачная плошча заўсёды абмежаваная, але паказ работ, якія часам дзесяцігоддзямі “спалі” ў сховішчах, уяўляецца свайго кшталту аднаўленнем справядлівасці. І, магчыма, спадзяемся, нехта з гледачоў знойдзе новага “суразмоўцу” ў такім творы. Шэраг мастакоў паказаны ў калекцыі музея даволі поўна – і гэта дазваляе ў межах агульнай экспазіцыі рабіць персанальныя міні-выставы. Часам мастак прадстаўлены толькі адным творам, і ён “вандруе” з выставы на выставу, але неаднолькава гучыць у розных экспазіцыйных кантэкстах.

Часавыя межы гэтай выставы – каля 100 гадоў: ад пачатку ХХ стагоддзя да пачатку ХХІ. Быццам археолагі ці геолагі, мы можам трапіць у гушчу часу і бачыць у работах розных эпох, як у археалагічных “культурных слаях” або вертыкальным разрэзе глебы, асаблівасці асобных перыядаў гісторыі і культуры. Кожная сацыяльна-палітычная парадыгма непазбежна накладвае адбітак на сучасную яму культуру ўвогуле і індывідуальную творчасць у прыватнасці. У той жа час мастацтва – гэтая нейкая паралельная жыццю рэальнасць, якая існуе па сваіх законах, суадносіцца з той ці іншай эпохай, але і няредка супрацьстаіць ёй. Хоць звычайна мастак каардынуе сваю творчасць вольна ці нявольна, з пераважнымі ці вядомымі яму густамі публікі і ідэалагічнымі ўстаноўкамі, патрабаваннямі, падпарадкоўваючыся ім ці пагарджаючы імі, усё ж кожны дзеяч мастацтва ўвасабляе, выяўляе менавіта сваё бачанне свету, чалавека і прыроды.