Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Нямецкі жывапіс і гравюра XVII – пачатку XX стагоддзя

З 31 жніўня 2020 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе экспанавацца выстава “Нямецкі жывапіс і гравюра XVII – пачатку XX стагоддзя”.

Збор нямецкага мастацтва XVII–XXI стагоддзяў у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь хоць і саступае па сваёй значнасці і колькасці зборам французскай і італьянскай мастацкіх школ, але ўключае ў сябе нямала цікавых, пераважна жывапісных і графічных твораў XVII–XX стагоддзяў.

Адной з характэрных асаблівасцей нямецкага мастацтва XVII–XVIII стагоддзяў была моцная залежнасць ад агульнаеўрапейскіх мастацкіх традыцый. Велізарнае ўздзеянне на мастакоў Германіі аказала мастацтва Галандыі, Фландрыі, Італіі, Францыі. Так, у цеснай сувязі з італьянскім мастацтвам развівалася творчасць Іагана Генрыха Шонфельда (1609–1682/1683). На выставе экспануецца жывапіснае палатно “Купанне”, створанае мастаком, які належыць да кола Шонфельда. Жывапісная свабода форм, іх пластычная ўстойлівасць, спалучэнне вымыслу і ўяўлення – характэрныя асаблівасці твораў мастакоў гэтага кола. Невядомы жывапісец стварае нейкі ідэалістычны свет, у якім амаль класічныя па прапорцыях чалавечыя фігуры, скульптура, мудрагелістая архітэктура і пейзаж злучаны ў адно эмацыянальнае цэлае.

Нярэдка нямецкія майстры запазычвалі матывы ў жывапісцаў іншых краін. Падобнае характэрна для творчасці нямецкіх мастакоў, што пісалі карціны ў духу галандскіх майстроў. У XVIII стагоддзі з’яўляюцца так званыя “рэмбрантэскі” – творы, выкананыя пад уплывам вялікага галандца. Гэта пераважна партрэты, якія паказваюць старых у экзатычных усходніх касцюмах, у берэтах, турбанах, упрыгожаных каштоўнымі брошкамі. Прыклады такіх партрэтаў у калекцыі музея – “Стары ў турбане” і “Партрэт невядомага” невядомых мастакоў XVIII стагоддзя. Выразнасць, асаблівая экспрэсіўнасць вобраза дасягаюцца ў іх перш за ўсё за кошт характарнасці мімікі, эфекту рэзкіх кантрастаў святла і ценю.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя значным мастацкім цэнтрам у Еўропе стаў Дрэздэн. З 1727 года кіраваў Школай малявання і жывапісу ў Дрэздэне (з 1764 – Дрэздэнская акадэмія выяўленчых мастацтваў), заснаванай у 1680 годзе, вядомы французскі мастак Луі Сільвестр (1675–1760). Побач з ім працавалі таленавітыя мясцовыя мастакі, якія пісалі пераважна партрэты польскай і саксонскай шляхты. Сярод іх Ганна Разіна (Барбара Разіна) Лішэўска (Лісеўска) (1713–1783), аўтар “Партрэта Міхала Казіміра Агінскага” (каля 1755) – аднаго з яркіх прыкладаў нямецкага параднага партрэта XVIII стагоддзя ў калекцыі музея. Кампазітар і мецэнат, стваральнік опернага тэатра і капэлы ў Слоніме, першы будаўнік Агінскага канала, чалавек, імя якога непарыўна звязана з культурай Беларусі, Міхал Казімір Агінскі (1730–1800) прадстаўлены на партрэце як палкаводзец. Тэатральнасць і дэкаратыўнасць кампазіцыі, урачыстасць і велічнасць паставы як мага лепш адпавядаюць зместу партрэта – праслаўленню ваеннай доблесці партрэтаванага.

Фрыдрых Гартман Барызьен (1724–1796) вучыўся ў дрэздэнскай Школе малявання і жывапісу, але ў другой палове XVIII стагоддзя працаваў пераважна на тэрыторыі Расійскай Імперыі (Араніенбаўм, Масква, Санкт-Пецярбург, Пецяргоф, Рыга) і Курляндыі пры двары герцага Курляндскага Петэра (Пятра) фон Бірана (1724–1800) у Мітаве. З творчасцю Барызьена ў калекцыі музея знаёміць “Партрэт Аляксея Дандукавіча Дандукова” (1761), уладальніка маёнтка Раманава (цяпер – Леніна) Аршанскага павета Магілёўскай губерні. Князь Аляксей Дандукоў (каля 1734–1781) – хан калмыкаў Бага-Цахурскага і Эркеценеўскага ўлусаў, які знаходзіўся на рускай службе, прадстаўлены ў поўнай страявой форме секунд-ротмістра Асобнай коннай роты сухапутнага шляхецкага кадэцкага корпуса. У партрэце Барызьен умела спалучае барочную параднасць і дакладную перадачу індывідуальных рыс мадэлі з ярка выяўленымі мангалоіднымі рысамі твару з шырокімі скуламі.

Адным з выбітных партрэтыстаў другой паловы XVIII стагоддзя быў Антон Граф (1736–1813). Швейцарац па паходжанні, ён вучыўся ў 1753–1756 гадах у Іагана Ульрыха Шэленберга (1709–1795) у Вінтэртуры, пазней у Іагана Якаба Хайда (1668–1748) у Аўгсбургу. Працаваў у Ансбаху, Аўгсбургу, Рэгенсбургу, з 1766 года як прыдворны жывапісец у Акадэміі жывапісу, скульптуры, гравюры і архітэктуры ў Дрэздэне. Граф стварыў шырокую партрэтную галерэю сваіх сучаснікаў, у тым ліку выдатных нямецкіх пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў і навукоўцаў: Готхальда Эфраіма Лесінга (1729–1781), Іагана Крыстафа Фрыдрыха фон Шылера (1759–1805), Іагана Готфрыда Гердэра (1744–1803), Мозэса Мендэльсона (1729–1786), Крыстафа Марціна Віланда (1733–1813) і інш. У калекцыі музея знаходзіцца “Партрэт невядомай” (1770-я), які захаваў рамантычны вобраз маладой жанчыны з высокай напудранай прычоскай паводле моды эпохі ракако, прыкрытай мантыльяй, у прыгожай сукенцы паланэз з накідкай на плячах. Граф дэманструе віртуознае майстэрства перадачы фактуры розных матэрыялаў – аксаміцістасць скуры, бляск атласу, бязважкасць карункаў, мігценне жэмчугу.

Акрамя партрэта ў нямецкім мастацтве першай паловы XVIII стагоддзя вядучае месца займаў дэкаратыўны жывапіс. Многія мастакі-дэкаратары афармлялі пышныя барочныя збудаванні, упрыгожваючы фрэскамі інтэр’еры палацаў і цэркваў, стваралі алтарныя выявы. Нярэдка ўзорамі для пераймання служылі роспісы венецыянскіх майстроў, якія працавалі ў Германіі, як, напрыклад, фрэскавае ўбранне Вюрцбургскай рэзідэнцыі Джавані Батыста Цьепалы (1696–1770). Над афармленнем былой рэзідэнцыі князёў-архіепіскапаў Вюрцбурга працаваў і паўднёва-германскі жывапісец Іаганес Цык (1702–1762), які распісаў так званую “Садовую залу”. Вядомы пераважна як аўтар манументальных роспісаў, Цык працаваў і як станковы жывапісец. На выставе прадстаўлена яго жывапіснае палатно “Юдзіф і Алаферн” (канец 1740-х – 1750-я). Калі ў манументальных роспісах Цыка выяўляецца відавочны ўплыў італьянскага мастацтва, то станковыя кампазіцыі позняга перыяду дэманструюць тое, што мастак бліскуча ведаў творчасць Рэмбранта, некаторыя працы якога ён нават капіраваў. У вялікага галандца Цык “запазычвае” схему драматычных кампазіцый, характэрныя светлавыя эфекты і нават тыпы фігур біблейскіх сцэн. “Юдзіф і Алаферн” адрознівае эфектная кампазіцыя з бліскучай кампаноўкай фігур і вострым святлом, што ўзмацняе агульнае драматычнае гучанне палатна.

Пры каралі Фрыдрыху Вялікім (1712–1786) у Германіі ўзмацняецца ўплыў французскага прыдворнага мастацтва, творы французскіх майстроў становяцца прадметам калекцыяніравання і пераймання. З выканання мініяцюр і эмаляў па французскіх узорах і стварэння кампазіцый у духу Антуана Вато (1684–1721), Нікаля Ланкрэ (1690–1743), Жана-Батыста Сімяона Шардэна (1699–1779) пачынаў сваю мастацкую дзейнасць адзін з выбітных нямецкіх мастакоў XVIII стагоддзя Даніэль Хадавецкі (1726–1801). З творчасцю мастака на выставе знаёміць жывапіснае палатно “Менуэт у парку”. Твор практычна без змен паўтарае асноўную частку кампазіцыі “Хараство балю” (каля 1715–1717, палатно, алей, 52,5x65,2 см, Даліджская карцінная галерэя, Лондан, інв. № DPG156) Антуана Вато. Хадавецкі толькі змяняе “акружэнне” галантнай сцэны, размяшчаючы людзей у цені дрэў на беразе вадаёма на фоне горнага пейзажу з руінамі. Такая ж кампазіцыя выкарыстоўваецца мастаком і ў палатне “Менуэт у парку” (1760-я, палатно, алей, 74х115 см) з калекцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве (цяпер – на дэпазіце ў палацы ў Вілянуве). Можна меркаваць, што абедзве кампазіцыі Хадавецкага былі створаны на аснове гравюры (1730) Жэрара Жан-Батыста Скоціна (1698 – пасля 1755).

Пад немалаважным уплывам галандскіх мастакоў развіваецца ў нямецкім мастацтве XVIII стагоддзя і батальны жанр, з якім на выставе знаёміць жывапіснае палатно “Крымская баталія” Іагана Фрыдрыха Зейпеля (другая палова XVIII – пачатак XIX стагоддзя). Кампазіцыя паказвае, верагодна, адзін з эпізодаў Руска-турэцкай вайны 1787–1791 гадоў з традыцыйнай схемай адлюстравання гарачай кавалерыйскай сутычкі на пярэднім плане.

Нямецкі жывапіс XIX стагоддзя прадстаўлены ў калекцыі музея адзінкавымі экспанатамі, сярод якіх асаблівай увагі заслугоўваюць “Сямейны партрэт” (1850) Густава Адольфа Гіпіуса (1792–1856) – таленавітага партрэтыста, літографа і педагога, які жыў і працаваў у Эстляндыі і Санкт-Пецярбургу, а таксама дзве кампазіцыі на ваенную тэматыку. Гэта “Прывал” (пасля 1840) вядомага гістарычнага жывапісца Карла Фрыдрыха Шульца (1796–1866) і “Фуражыры, якія вяртаюцца” (1875) майстра жанравага жывапісу, пейзажыста і партрэтыста Вільгельма Аляксандра Меерхейма (1815–1882).

З часоў Адраджэння гравюра з’яўляецца адным з найпапулярнейшых відаў выяўленчага мастацтва Германіі. Творы вядомага нямецкага гравёра Мельхіёра Кюзеля (1626 – каля 1683) – найбольш раннія экспанаты калекцыі нямецкай графікі музея. Адной з найбуйнейшых графічных прац гэтага майстра стала “Іканаграфія Іагана Баўра”. Над стварэннем гравюр па арыгіналах знакамітага мастака Іагана Баўра (1607–1642) Кюзель працаваў доўгія гады. Першае выданне “Іканаграфіі” пабачыла свет у Аўгсбургу ў 1670 годзе. У гэтым выданні ёсць дзве гравюры – “Дыспут” і “Уваскрашэнне Лазара”, якія прадстаўлены на выставе. 

XVIII стагоддзе – час сапраўднага росквіту рэпрадукцыйнай гравюры, якая атрымала развіццё ў канцы папярэдняга стагоддзя. Рэпрадукцыйныя гравюры карцін і малюнкаў вялікіх майстроў у гэты перыяд становяцца ўсё больш і больш папулярнымі ў асяроддзі калекцыянераў і аматараў мастацтва.

Найбуйнейшымі майстрамі нямецкай рэпрадукцыйнай графікі XVIII стагоддзя былі Георг Фрыдрых Шміт (1712–1775) і Жан Георг Віле (1715–1808). Абодва гравёры вельмі блізка звязаны з Францыяй – лідзіруючай мастацкай школай XVIII стагоддзя. І Шміт, і Віле працяглы час працавалі ў гэтай краіне і цесна супрацоўнічалі з найбуйнейшымі прадстаўнікамі французскай гравюры. Невыпадкова, што часта ў якасці арыгіналаў для сваіх гравюр яны выкарыстоўвалі або творы французскіх жывапісцаў, альбо гравіравалі жывапісныя работы, якія захоўваліся ў зборах французскіх калекцыянераў. Разам са зваротам да французскага мастацтва для нямецкай гравюры XVIII стагоддзя характэрна ўстойлівая цікавасць да нацыянальнага жывапісу, а таксама захапленне галандскім мастацтвам. На выставе прадстаўлены цэлы шэраг рэпрадукцыйных гравюр, што ўзнаўлялі жывапісныя арыгіналы, якія належалі пэндзлю як французскіх, так і галандскіх мастакоў, такіх як Андрыян ван Астадэ (1610–1685), Габрыэль Мэтсю (1629–1667), Герард Тэрбарх (1617–1681), Каспар Нетшэр (1635/1636–1684), Давід Тэнірс Малодшы (1610–1690).

Акрамя рэпрадукцыйнай гравюры, у нямецкай школе XVIII стагоддзя важнае месца займае гравюра, якую стварае майстар па ўласным малюнку. Хрысціян Вільгельм Эрнст Дзітрых (1712–1774) – жывапісец, малявальшчык, гравёр, чыё імя і слава распаўсюдзіліся далёка за межы Германіі, – быў найбуйнейшым майстрам аўтарскай гравюры. У яго творчасці знайшлі адлюстраванне ўсе павевы гэтага часу – і пошукі ўласных арыгінальных прыёмаў гравіравання, і дасягненні ў галіне тэхнікі рэпрадукцыйнай гравюры, і цікавасць і наследаванне галандскім майстрам XVII стагоддзя. Захоплены “малымі галандцамі”, Дзітрых часта вар’іраваў сюжэты, кампазіцыі, выразныя прыёмы, нават памеры твораў гэтых майстроў у сваіх графічных і жывапісных працах. Сярод прадстаўленых на выставе твораў Дзітрыха – бліскучыя кампазіцыі “Гандляр галантарэйнымі таварамі” (1741), “Венгерскі прадавец пацучынага яду” (1757), “Вандроўныя музыкі”, “Два мядзведжыя павадыры” (1764), выкананыя ў духу галандскіх майстроў, а таксама пейзажы, створаныя ім у перыяд падарожжа па Італіі.

Акрамя Берліна, дзе пры двары працавалі многія славутыя майстры, у прыватнасці Віле і Шміт, двума найбуйнейшымі мастацкімі цэнтрамі, у якіх узгадавалася не адно пакаленне нямецкіх гравёраў, былі пачынаючы з XVI стагоддзя Аўгсбург і Нюрнберг. Адной з вядомых Аўгсбургскіх сем’яў гравёраў і мастакоў была сям’я Хертэляў. У XVIII стагоддзі ў Аўгсбургу працавалі два Іагана Георга Хертэля – бацька і сын. Вядома, што абодва стваралі ў асноўным рэпрадукцыйныя гравюры. Асаблівае месца ў спадчыне Хертэляў займаюць гравюры з твораў Давіда Тэнірса Малодшага. Менавіта карціны гэтага мастака прадстаўляюць чатыры афорты з калекцыі музея. Гэта “Сялянскі танец”, “Гульцы ў карты”, “Пейзаж з трыма вандроўнікамі” і “Дом, асветлены месяцам” (усе – пасля 1748).

З Аўгсбургам звязана імя і Іагана Эліяса Рыдзінгера (1698–1767) – вядомага нямецкага жывапісца-анімаліста, малявальшчыка і гравёра. На выставе прадстаўлены афорт “Стары знясілены конь” – аркуш з серыі “Накіды некаторых коней рознага ўзросту і прызначэння, узятыя з жыцця” (1755 /?/).

Другім буйным цэнтрам гравюры ў Германіі ў XVIII стагоддзі быў Нюрнберг. На выставе экспануюцца творы двух нюрнбергскіх майстроў – Іагана Хрыстофа (Яна Хрыстофа) Дзітша (1710–1769) і Іагана Юстына Прэйслера (1698–1771). Гэта гравюры “Пейзаж з сялянскай сям’ёй” (1759) і “Пейзаж з сялянамі, якія адпачываюць” (1760) Дзітша і афорт “Тайная вячэра” Прэйслера – аркуш з серыі “Роспісы столі і скляпенняў згарэлай езуіцкай царквы ў Антверпене, створаныя Рубенсам, вялікія кампазіцыі і асобныя фігуры са Старога і Новага Запаветаў” (1735) па арыгінале Пітэра Паўля Рубенса (1577–1640).

Адной з папулярных тэхнік гравіравання ў XVIII стагоддзі было мецца-тынта, вядомае яшчэ з 1640-х гадоў. Гэтая тэхніка дазваляла дасягнуць багацця градацый і жывапіснай мяккасці танальных пераходаў – ад ценявых участкаў да самых яркіх светлавых блікаў. Дзякуючы гэтаму мецца-тынта часцей за ўсё ўжывалася для аднаўлення жывапісных твораў, выкананых алеем. На выставе прадстаўлены адзіны прыклад каляровага мецца-тынта ў зборы нямецкай графікі музея – буйнафарматная кампазіцыя “Анжаліка і Медор” Іагана Ёзэфа Фрэйдхофа (1768–1819) з арыгінала П’етра Ратары (1707–1762).

У XIX стагоддзі адным з найважнейшых жанраў, які цікавіў гравёраў, становіцца партрэт. Увага да чалавека, яго ўнутранага свету, спроба перадаць не толькі знешняе падабенства, але і духоўны стан мадэлі знайшлі сваё адлюстраванне ў выдатных узорах гравіраванага партрэта XIX стагоддзя, створаных такімі вядомымі майстрамі, як Іаган Фердынанд Крэтлаў (1767–1842) – “Партрэт графа Станіслава Патоцкага”, 1819; Фрыдрых Енцэн (1804–1875) – “Партрэт князя Міхаіла Сямёнавіча Варанцова”, пасля 1856; Вільгельм Лейбль (1844–1900) – “Партрэт маці”, 1874; “Партрэт доктара Юліуса Майра”, 1898.

Пачатак XX стагоддзя – час самых разнастайных напрамкаў у выяўленчым мастацтве, бясконцых пошукаў і шматлікіх творчых аб’яднанняў мастакоў. Германія не пазбегла гэтай агульнаеўрапейскай тэндэнцыі. Сярод твораў нямецкіх майстроў гравюры, што працавалі на мяжы XIX–XX стст., асаблівай увагі заслугоўваюць працы Кётэ Кольвіц (1867–1945), чыя творчасць глыбінёй і іроніяй сваіх вобразаў выяўляе блізкасць да экспрэсіянізму (“На поле бітвы”, 1907), Макса Лібермана (1847–1935) (“Аголены коннік на пляжы”, 1908) і Макса Слефагта (1868–1932) (“Танцоўшчыца Марыэта дзі Рыгарда”, 1904) – прадстаўнікоў нямецкага імпрэсіянізму і югендстылю.

Экспануемыя творы даюць выдатную магчымасць пазнаёміцца з працамі майстроў нямецкай школы, а таксама прасачыць развіццё і эвалюцыю мастацтва гэтай краіны на працягу XVII – пачатку XX стагоддзя.

 

Выстава будзе экспанавацца да 25 кастрычніка 2020 года.

 Куратар выставы “Нямецкі жывапіс і гравюра XVII – пачатку XX стагоддзя з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” з боку Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – Святлана Пракоп’ева, загадчык аддзела рускага і замежнага мастацтва.

 

Выявы:

Невядомы мастак XVII стагоддзя

Кола Іагана Генрыха Шонфельда (1609–1682/1683)

Купанне

Палатно, алей

  

Шульц Карл Фрыдрых. 1796–1866

Прывал. Пасля 1840

Палатно, алей

 

Дзітрых Хрысціян Вільгельм Эрнст. 1712–1774

Два мядзведжыя павадыры. 1764

Папера, афорт

 

Ліберман Макс. 1847–1935

Аголены коннік на пляжы. 1908

Аркуш з серыі “Сем афортаў”. 1909

Папера, літаграфія