Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Нацыянальны мастацкі музей далучыцца да Культурнай праграмы II Еўрапейскіх гульняў 2019 года

Маштабны выставачны праект «Гульні. Игры. Games», які адкрыецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Ноч музеяў 18 мая, стане адной з найбольш яркіх экспазіцый у рамках Культурнай праграмы II Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 18 мая а 20-й гадзіне.

Спорт у мастацтве – тэма вечная і непазбыўная. З часоў антычнасці традыцыі сумленных спартыўных спаборніцтваў па непарушных правілах, культ дасканалага, фізічна развітога цела былі прадметам інтарэсаў мастакоў. Адроджаная ў пачатку ХХ стагоддзя спартыўная тэматыка актуальная і ў сучасным мастацтве. Выстава прапануе гледачу прасачыць шырокую поліфанію эмоцый спартыўных спаборніцтваў: цяжкасць і драматызм барацьбы і моманты чыстых перамог, эмацыянальныя выбухі захаплення ў радасным натоўпе стадыёна і захапляльныя моманты матчаў і трэніровак, дзяцей і падлеткаў, якія з азартам гуляюць, і камандны дух масавых спаборніцтваў, імклівасць і энергію спорту, выяўленыя ў сімвалічных кампазіцыях.

Экспазіцыя размесціцца на першым паверсе галоўнага корпуса музея і аб’яднае калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея, “Галерэі ХО” і прыватных калекцый. Яна будзе ахопліваць творы розных відаў мастацтва як беларускіх майстроў старэйшага пакалення Ф. Бараноўскага, Л. Дударэнкі, І. Уласава, Б. Казакова, А. Волкава і інш., так і сучасных мастакоў – Т. Радзівілкі, В. Альшэўскага, Т. Кандраценкі, К. Хлопаова.

Куратарамі выставы выступяць:

Кацярына Ізафатава, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва;

Дзмітрый Салодкі, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва.

Выстава будзе доўжыцца з 19 мая па 30 чэрвеня.

 

Даведачна:

Культурная праграма II Еўрапейскіх гульняў стартавала з 1 мая 2019 года і ўключае ў сябе лепшыя культурныя падзеі, якія будуць праходзіць па ўсёй краіне ў маі – чэрвені 2019 года.

Культурныя мерапрыемствы падчас Гульняў пройдуць на некалькіх дзясятках пляцовак г. Мінска. Ужо задзейнічана больш за 40 устаноў культуры г. Мінска, з іх – больш за 20 музеяў, 5 тэатраў. Прыцягнуты лепшыя творчыя калектывы, музыканты, артысты. Мноства мерапрыемстваў пройдзе на гарадскіх пляцоўках.

Больш падрабязна пра Культурную праграму II Еўрапейскіх гульняў