Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Міжнародны выставачны праект «Сальвадор Далі»

З 16 сакавіка па 30 чэрвеня 2019 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе працаваць Міжнародны выставачны праект «Сальвадор Далі», арганізаваны сумесна з ААТ “Інвестыцыйная кампанія «Гальперын і сыны”. Выстава праходзіць у рамках святкавання 80-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У экспазіцыі будуць прадстаўлены больш за 100 твораў скульптуры, графікі, ювелірнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створаныя адным з найбуйнейшых мастакоў ХХ стагоддзя. Таксама ў рамках выставы ў гарадской прасторы будуць размешчаны дзве манументальныя скульптуры Сальвадора Далі.

Выстаўленыя экспанаты з’яўляюцца часткай калекцыі «Сусвет Далі» (Dali Universe), якая лічыцца адным з самых вялікіх прыватных збораў скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Сальвадора Далі. Заснавальнік калекцыі і старшыня кампаніі «Сусвет Далі» Беніяміна Леві, італьянскі арт-дылер і калекцыянер, працаваў са знакамітым іспанскім мастаком у 1960-х гг., калі і пачаў збіраць калекцыю, асаблівую ўвагу надаючы трохмерным аб’ектам. Сёння Беніяміна Леві прызнаны як вядучы эксперт па бронзе Сальвадора Далі.

Творы з гэтай калекцыі былі прадстаўлены больш чым ў ста прэстыжных музеях і месцах па ўсім свеце, гэтыя выставы наведалі больш за дванаццаць мільёнаў чалавек. Такая незвычайная калекцыя адкрывае малавядомы аспект працы Далі, надаючы скульптуры галоўную ролю.

Сальвадор Далі – найбольш вядомы мастак сюррэалізму, што знайшло сваё адлюстраванне ва ўсіх сферах яго творчасці – жывапісе, скульптуры, дызайне, графіцы, кіно, модзе. Далі ўжываў сюррэалістычную канцэпцыю ва ўсім, пра што ён гаварыў і рабіў. Яго смеласць і мяцежныя адносіны да мастацтва аддалілі яго ад іншых і дазволілі яму стварыць некаторыя з самых вядомых і пазнавальных твораў ХХ стагоддзя. Нават праз трыццаць гадоў пасля смерці майстра ўплыў яго мастацтва можна ўбачыць па ўсім свеце.

Імя Далі чароўнае, яно застаецца культавым для сучаснага мастацтва.

Рэкамендаваны ўзрост для наведвання выставы 16+

Кошт білетаў на выставу – ад 15 рублёў. Падрабязнасці па спасылцы