Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Ліза Саціліс - Джорджа дэ Кірыка. Скульптура, графіка з прыватнай калеуцыі

Грэцыя назаўжды застанецца каралевай

прыгажосці, культуры ішчодрасці

Ліза Саціліс

Грэчаская зямля стала радзімай двух вядомых мастакоў ХХ стагоддзя – Джорджа дэ Кірыка і Лізы Саціліс, а найбагацейшая грэчаская гісторыя і міфалогія – крыніцай бясконцага натхнення для іх творчасці.

Джузэпэ Марыя Альберта Джорджа дэ Кірыка нарадзіўся 10 ліпеня 1888 года ў Волаce ў сям’і нашчадка знатнага роду сіцылійскага паходжання, інжынера чыгункі ў Фесаліі Эварыста дэ Кірыка (1841–1905) і Джэмы Чэрвета (1852–1936), якая паходзіла з сям’і генуэзцаў. Атрымаўшы першапачатковую адукацыю ў афінскім Політэхнічным інстытуце (1903–1906), Джорджа дэ Кірыка паступіў у Вышэйшую мастацкую школу ў Афінах, дзе яго настаўнікамі былі Георгіас Якавідзіс (1853–1932) і Георгіас Ройлас (1867–1928) – выдатныя грэчаскія мастакі таго часу. Далейшае навучанне дэ Кірыка працягнуў у Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў у Мюнхене (1906–1909). Малады мастак зведаў моцны ўплыў сімвалістаў Макса Клінгера (1857–1920) і Арнольда Бёкліна (1827–1901). Менавіта ў Мюнхене пад уздзеяннем новай для дэ Кірыка філасофіі Фрыдрыха Вільгельма Ніцшэ (1844–1900), Артура Шапенгаўэра (1788–1860) і Ота Вейнінгера (1880–1903), а таксама музыкі Рыхарда Вагнера (1813–1883) зараджаецца асаблівы творчы светапогляд мастака, які стаў асновай яго будучага метафізічнага жывапісу. Дэ Кірыка захоплена вывучае сусветную культуру і міфалогію, спрабуючы знайсці адказы на хвалюючыя яго пытанні, звяртаецца да паэзіі ператварэнняў як спосабу адкрыць у сабе здольнасці назіральніка, разважае над працэсамі, якія бяруць свой пачатак у прадметным свеце.

Праз тры гады дэ Кірыка вяртаецца ў Італію, дзе ў Фларэнцыі жыве яго сям’я. Тут ён стварае свае першыя метафізічныя творы, якія акумулююць саму сутнасць творчых шуканняў мастака: успаміны дзяцінства, уражанні ад грэчаскай культуры, літаратуры і сучасныя яму філасофскі настрой. На сваім аўтапартрэце 1911 года (палатно, алей, 70,5x54 см, прыватны збор) Джорджа дэ Кірыка зрабіў надпіс, які стаў крэда ўсяго творчага шляху мастака: Што яшчэ мне любіць, як не загадку?.

З 1911 года дэ Кірыка рэгулярна падарожнічае і жыве ў Парыжы, пастаянна знаходзячыся ў асяроддзі майстроў авангарда – Пабла Пікаса (1881–1973), Жоржа Брака (1882–1963), Андрэ Дэрэна (1880–1954), Гіёма Апалінэра (1880–1918). Маладога мастака цікавяць сучасныя авангардныя плыні, у прыватнасці кубізм з яго аналітычным падыходам да перадачы формы. Аднак, як сведчыць Апалінэр, дэ Кірыка вельмі хутка адыходзіць ад парыжскага авангарда, каб ствараць сваё ўласнае мастацтва, дзе абядноўваюцца, зяўляюцца разам пустыя палацы, вежы, сімвалічныя прадметы і манекены....

Скарыстоўваючы сінтэз розных уплываў, дэ Кірыка выпрацоўвае асновы метафізічнага жывапісу, для якога характэрны паэзія нерухомасці, застыласці, напружанасці ў падачы формы і каларыту, пэўная жорсткасць лініі і рэзкасць святлоценявых пераходаў. Эстэтыка метафізізму абапіралася на поўнае адмаўленне рэчаіснасці; у ёй метафара і мара сталі асновай для выхаду думкі за рамкі звычайнай логікі, а кантраст паміж рэалістычна дакладна адлюстраваным прадметам і дзіўнай атмасферай, у якую ён змешчаны, узмацняў ірэальны эфект.

Фарміраванне групы мастакоў, што прытрымліваліся эстэтыкі метафізізму, адбылося ў 1916 годзе. Да родапачынальніка метафізічнага жывапісу дэ Кірыка далучыліся такія майстры, як Карла Кара (1881–1966), Філіпа дэ Пізіс (1896–1956), малодшы брат мастака Андрэа, які ўзяў сабе псеўданім Альберта Савініа (1891–1952), Джорджа Марандзі (1890–1964) і інш.

У пачатку 1920-х гадоў дэ Кірыка ўдасканальвае жывапісную тэхніку ў Рыме і Фларэнцыі, у 1925 годзе перасяляецца ў Парыж, дзе яго з захапленнем прымаюць сюррэалісты, аддаючы належнае яго ранняму метафізічнаму жывапісу. У гэты час дэ Кірыка піша ў больш традыцыйнай манеры, працуючы над манументальнымі кампазіцыямі на антычныя тэмы. У 1932 годзе ён зноў пераязджае ў Італію, у 1935–1938 гадах працуе ў ЗША, а з 1944 пастаянна жыве ў Рыме. У пасляваенны час мастак працуе ў насычанай “барочнай” жывапіснай манеры, адначасова ствараючы шматлікія версіі ўласных метафізічных работ 1910–1920-х гадоў. Ён “капіруе” свае раннія працы, дадаючы новыя дэталі, прыўносячы новы сэнс. Станоўча настроеная крытыка назвала гэты перыяд неаметафізічным, тлумачачы яго асаблівым разуменнем ідэі “вечнага вяртання” філасофіі Ніцшэ.

Аддаючы перавагу жывапісу, Джорджа дэ Кірыка праявіў сябе як таленавіты скульптар, малявальшчык і гравёр; ён шмат працаваў над афармленнем дэкарацый і стварэннем касцюмаў для оперы і балета, выступаў як тэарэтык мастацтва, быў аўтарам шматлікіх філасофскіх даследаванняў, палемічных артыкулаў і аглядаў, аўтабіяграфіі, раманаў, паэтычных твораў.

Мастак адносна позна звярнуўся да скульптуры, хаця вядомы яго першыя “пробы” 1910-х гадоў. У 1940 годзе, ва ўзросце 52 гадоў, дэ Кірыка пачаў ствараць тэракотавыя статуэткі, “надаючы аб’ём” абраным героям свайго мастацкага “рэпертуару” – вершніку на кані, Трубадуру, Гектару і Андрамасе, Музе і розным варыянтам Археолагаў. Героі яго жывапісных і графічных твораў, здабыўшы трохвымернасць, станавіліся больш рэальнымі, што дыхалі жыццём, і пры гэтым менш трывожнымі, за іх двухмерных “двайнікоў”. Другі перыяд працы над скульптурнымі кампазіцыямі пачаўся ў 1968 годзе, калі ва ўзросце 80 гадоў дэ Кірыка вырашыў адліць свае раннія тэракоты ў бронзе. Адлівы канца 1960–1970-х гадоў былі выкананы ў мастацкай ліцейні майстэрні Банвічыні, заснаванай у 1960-х гадах у Вероне. Мастак лічыў: “Калі скульптура цвёрдая, гэта не скульптура. Скульптура павінна быць мяккай і цёплай; тады яна будзе не толькі мець усю мяккасць жывапісу, але і яго колеру. Прыгожая скульптура заўсёды жывапісная”. І нібы дэманструючы літаральную маляўнічасць сваіх пластычных твораў, дэ Кірыка размаляваў шэраг з іх уручную, як на выставе “Сівілы” (1970), адначасова адраджаючы традыцыі паліхромнай старажытнагрэчаскай скульптуры.

Пачынаючы з сярэдзіны 1920-х гадоў мастак звяртаецца да гравюры, працуючы ў тэхніцы літаграфіі і афорта. Ім былі створаны шырокія цыклы ілюстрацый да “Каліграм” Гіёма Апалінэра (1930), “Свецкай містэрыі” (1928) і «Міфалогіі» (1934) Жана Както (1889–1963). У станковых гравюрах дэ Кірыка ўзнаўляе вобразы, сюжэты і формы свайго жывапісу, свабодна або дакладна паўтараючы ўласныя вядомыя кампазіцыі. Прадстаўленыя на выставе гравюры дэ Кірыка ілюструюць традыцыйныя для творчасці мастака сюжэтныя матывы – герояў грэчаскай міфалогіі, выдатных высакародных коней, бясконцыя і разнастайныя загадкі майстра. Большасць з пазнейшых гравюр дэ Кірыка былі зроблены ў знакамітай друкарскай майстэрні Альберта Капрыні ў Рыме, якая існавала з 1950 па 1998 год.

Старажытны свет уяўляе сабой канстанту ў жыцці і творчасці Джорджа дэ Кірыка. Адносіны з Грэцыяй, яго радзімай, вывучэнне класіцызму або майстроў, якія ў сваю чаргу былі зачараваны антычнасцю, філасофскія разважанні зрабілі старажытнае асноўным элементам усёй творчасці мастака. Па словах дэ Кірыка, аднаўленне пачуцця старажытнага пры дапамозе працэсу пераймання азначае выяўленне і разуменне яго патаемнай сутнасці для стварэння новых міфаў. Дэ Кірыка пастаянна звяртаўся да гэтага далёкага мінулага, чэрпаючы ў ім натхненне, захоўваючы яго характар, каб адлюстраваць яго існасць. Мастак падобны на ўласных “Археолагаў”, якія, замест таго каб рэканструяваць наша мінулае, хутчэй нагадваюць аракулаў, што фармулюць новыя загадкі.

Ліза Саціліс нарадзілася ў Афінах у гераічнай грэчаскай сям’і, якая ўнесла значны ўклад у незалежнасць нацыі. Выпускніца Акадэміі прыгожых мастацтваў Брэра ў Мілане, у маладосці яна прымала ўдзел у нацыянальных і міжнародных выставах, стаўшы ўладальніцай такіх буйных і прэстыжных узнагарод, як нацыянальная прэмія Мікеці (1958, 1959, 1960, 1962), прыз Рамазоці (1961), залаты медаль Акадэміі Карары (1961), залаты медаль прэзідэнта Італьянскай Рэспублікі і інш.

Творчы дэбют Лізы Саціліс адбыўся ў 1959 годзе ў Галерэі Армас у Афінах. Ужо ў наступным годзе яе персанальная выстава экспанавалася ў Галерэі Русо ў Рыме, а ў 1961 годзе – у Галерэі Джан Ферары ў Мілане. У 1964 годзе творы маладой мастачкі былі прадстаўлены ў залах дзяржаўных музеяў Берліна. У 1965–1985 гадах Ліза Саціліс эксклюзіўна працуе для легендарнага калекцыянера і галерыста Аляксандра Іоласа (Канстанцін Кутсудзіс, 1907–1987), які супрацоўнічаў з вялікімі майстрамі авангарднага мастацтва: Эндзі Уорхалам (1928–1987), Рэнэ Магрытам (1898–1967), Сальвадорам Далі (1904–1989), Джорджа дэ Кірыка і інш. У гэты час яе выставы праходзяць у Парыжы, Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесе, Мілане, Афінах, Мадрыдзе, Рыме, Венецыі, Жэневе, Токіа, Бейруце.

Ліза Саціліс – надзвычай рознабаковы мастак. Яна эмацыянальны жывапісец, у чыёй палітры цёплыя і экзатычныя колеры і пачуццёвыя адценні ўцягнуты ў загадкавую, бясконцую і яркую гульню; аўтар станковых і манументальных жывапісных твораў (роспісы капэлы святога Антонія Падуанскага ў царкве Сан-Джавані Батыста ала Крэта, Мілан). Захоплены малявальшчык, майстар дэкаратыўнага мастацтва і сусветна вядомы ювелір, на выставе Ліза Саціліс прадстаўлена перш за ўсё як таленавіты скульптар. На працягу некалькіх гадоў яна была адзінай памочніцай Джорджа дэ Кірыка ў яго вялікіх скульптурных праектах, якія фінансаваліся Аляксандрам Іоласам. Менавіта Саціліс быў аказаны гонар рэтушаваць васковыя мадэлі мастака перад адліўкай у бронзе. Як і большасць пластычных твораў Джорджа дэ Кірыка скульптура Лізы Саціліс адліта метадам страчанага воску ў ліцейнай майстэрні Бонвічыні ў Вероне, а большасць з кампазіцый пакрыта золатам у 24 караты. Такое ж чыстае золата, часам у спалучэнні з 22- і 18-каратным, мастачка выкарыстоўвае пры стварэнні сваіх ювелірных упрыгожванняў.

Творы Саціліс адрознівае дзіўная натуральнасць і прастата, яны надзвычай паэтычныя. Сіла паэзіі мастачкі – у яе прыроднай веры, векавой і падсвядомай, якая зыходзіць з самых глыбінь старажытных міфаў. Гэта вера ў свае гены, вера ў старажытную, амаль першабытную творчасць. У творах Лізы Саціліс міф самасцвярджаецца, прадстаўляючы ўвесь свой складаны метафарызм як загадку, якую трэба разгадваць. Мастачка адлюстроўвае ўсю моц сваёй радзімы, Грэцыі – сонечнага, энергічнага і магутнага свету, дзе радасць з’яўляецца дамінуючай нотай.

“Тварэнні Лізы Саціліс – гэта не што іншае, як адчыненыя вокны, якія праецыруюцца ўжо не вонкі, а ўнутр мастака, са свайго роду наборам люстэркаў, што бясконца ствараюць адно адлюстраванне ў другім. Гэта вокны, адкрытыя ў свядомасць, створаныя мудрасцю старажытнай Грэцыі; што насычаюцца законам проціваг, фантазій і маляўнічых рэалій, чужых для сучаснай эпохі і акропленых крыніцай міфа і мары”, – пісаў пра творчасць мастачкі міланскі калекцыянер і арт-дылер, куратар яе некалькіх персанальных выстаў П’ер Калусян Велісіоціс.

Трансфармаваныя старажытныя міфы ў сучаснасць, якія ствараюць новыя міфы, пераасэнсоўваючы аскепкі мінулага, згубленага назаўжды і ўяўнага як цэнтр залатога веку, абое грэчаскія па нараджэнні, але агульнаеўрапейскія па характары сваёй творчасці мастакі – Джорджа дэ Кірыка і Ліза Саціліс – увасабляюць філасофскую канцэпцыю “вечнага вяртання”, дэманструючы сваім мастацтвам непарыўную сувязь паміж класічным светам і сучаснасцю.

Ліза Саціліс вядома як калекцыянер і мецэнат. У яе зборы – творы сучасных мастакоў і прадметы старажытнага грэчаскага, кітайскага, індыйскага, аўганскага, мезаамерыканскага і афрыканскага мастацтваў. У кастрычніку 2020 года Ліза Саціліс перадала ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь выдатны ўзор італьянскага ткацтва – арнат, датаваны другой паловай XVI – пачаткам XVII стагоддзя.