Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Чырвоны - код нацыі. Сакральнасць, эстэтыка, улада

З 4 красавіка пачне працаваць выстава "Чырвоны - код нацыі. Сакральнасць, эстэтыка, улада"

Кожнае грамадства ў працэсе свайго станаўлення і развіцця вылучае архетыпічныя колеры сваёй культуры, дае ім азначэнні і надзяляе іх сэнсам, выпрацоўвае для іх коды і каштоўнасці, рэгламентуе іх ужыванне і задачы. Для беларускай культуры адным са знакавых колераў з’яўляецца чырвоны. Яго прысутнасць у шырокім спектры твораў нацыянальнага мастацтва, у якім гарманічна перапляліся традыцыі розных этнасаў, канфесій, стыляў і напрамкаў, гаворыць як пра яго архетыпічную ўніверсальнасць, так і пра багатыя асацыятыўныя магчымасці. Выставачны праект “Чырвоны – код нацыі. Сакральнасць, эстэтыка, улада” ставіць сваёй задачай рэпрэзэнтаваць значнасць і полісемантычную вобразнасць чырвонага колеру ў беларускай культуры.

Чырвоны, як ніякі іншы, больш складана паддаецца дакладнай сэнсавай расшыфроўцы і дыферэнцыяцыі. У залежнасці ад кантэксту або адцення ён можа прымаць дыяметральна супрацьлеглыя значэнні; так, у роўнай ступені, а часам і ў адным творы ён выступае ў якасці сімвала кахання і нянавісці, жыцця і смерці, надзеі і пакуты, абароны і небяспекі, чароўнага і дэманічнага. Гэтая варыятыўнасць абумоўлена тым, што чырвоны – адзін з самых старажытных колераў, які пачаў выкарыстоўваць чалавек у розных сферах свайго жыцця: духоўнага, сацыяльнага, палітычнага. На працягу некалькіх тысячагоддзяў міжкультурных абменаў гэты колер здолеў назапасіць багаты сімвалічны дыяпазон значэнняў. Па гэтай прычыне дастаткова не проста зафіксаваць тонкія нюансы пераходу ад эстэтычнай функцыі чырвонага да сімвалічнага яго значэння ў творы мастацтва. Цяжка вызначыць, дзе майстар II стагоддзя нашай эры уяўляў межы эстэтычнага і рэлігійна-сімвалічнага характару, ствараючы бронзавыя падвескі з чырвонымі эмалямі, якія, магчыма, сімвалізавалі жывую і апатрапейную сілу. Ды і наогул ці існавалі такія межы ў свядомасці старажытных майстроў? Тая ж сітуацыя назіраецца ў хрысціянскім мастацтве, калі на абразе пралітая кроў пакутнікаў сімвалічна выяўляецца праз мастацкасць чырвоных адзенняў, роўна як і адзнака спадчыннай арыстакратычнай ўлады праз геральдычныя чырвоныя шчыты і выпісаныя чырвоныя элементы верхняга адзення – кунтуша, захаваныя на сармацкіх партрэтах. Гэтую амбівалентнасць чырвонага можна прасачыць у дзясятках твораў, прадстаўленых на выставе, – ад старажытнабеларускага да сучаснага актуальнага мастацтва. Экспазіцыя выбудавана ў форме “дыялогу” твораў розных эпох, відаў і стылістычных кірункаў, дзе чырвоны колер асэнсоўваецца з пазіцый сакральнасці, эстэтыкі і ўлады, дэманструючы шматвяковы вопыт асэнсавання карціны свету і спосаб самапазнання нашага народа.

Выказваем шчырую падзяку за прадастаўленыя работы Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнаму цэнтру сучаснага мастацтва, Веткаўскаму музею стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, вучэбнай лабараторыі музейнай справы гістарычнага факультэта БДУ, Галерэі “ХО”, а таксама Shuba Gift Factory за распрацоўку тэматычнай сувенірнай прадукцыі, якую можна будзе набыць у музейным кіёску.   

Выстава будзе экспанавацца да 2 жніўня 2020 года.