Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Браты Ткачовы. Пачатак шляху. Жывапіс са збору Бранскага абласнога мастацкага музейна-выставачнага цэнтра

7 сакавіка а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Браты Ткачовы. Пачатак шляху”.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь сумесна з Бранскім абласным мастацкім музейна-выставачным цэнтрам арганізоўваюць выставу жывапісу братоў Ткачовых – вядомых рускіх мастакоў ХХ стагоддзя,  акадэмікаў Сяргея Пятровіча (1922 г.н.) і Аляксея Пятровіча (1925 г.н.). Цэнтральнай тэмай творчасці мастакоў з’яўляецца руская вёска і яе жыхары. Шырока прадстаўлена таксама ваенна-патрыятычная тэма, да якой мастакі звяртаюцца на працягу жыцця.

Музей братоў Ткачовых у Бранску быў адкрыты ў 1995 годзе, у яго аснову лёг дар мастакоў гораду як даніна родным мясцінам (мастакі родам з вёскі Чучунаўка Бранскай вобласці). Калекцыя музея налічвае больш за 800 твораў аўтараў, сярод якіх ёсць творы, якія сталі класікай рускага выяўленчага мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя. Некаторыя з іх будуць прадстаўлены на выставе ў Мінску. У экспазіцыю будзе таксама ўключаны адзін твор братоў Ткачовых, які належыць збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – карціна «Першынец» 1954 года. Упершыню беларускі глядач зможа ўбачыць такі вялікі корпус твораў аўтараў – 38 жывапісных палотнаў.

Выставачны праект праводзіцца ў рамках святкавання 80-гадовага юбілею Нацыянальнага мастацкага музея і будзе працаваць с 8 сакавіка па 28 красавіка 2019 года.