Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

“Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына” з калекцыі Нацыянальнага музея Султаната Аман

З 19 верасня 2019 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе экспанавацца выстава “Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына” з калекцыі Нацыянальнага музея Султаната Аман.

Традыцыйныя рамёствы Амана, яго рамесная спадчына – яркае адлюстраванне культуры нацыі, яе мінулае і сучаснасць, лад жыцця ў краіне і культурныя якасці, якімі славіцца народ, уключаючы агульную веру ў іслам, разнастайнасць культур, якія суіснуюць побач, гасціннасць, шчодрасць і яднанне.

Больш за сто экспанатаў выставы “Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына” з калекцыі Нацыянальнага музея Султаната Аман не толькі прадэманструюць работы рамесных майстроў Амана, але і дазволяць дакрануцца да яго культуры, звычаяў і традыцый.

Гасціннасць – асноўная якасць аманскага народа, якая сыходзіць каранямі ў гісторыю: сардэчны прыём гасцей і сёння з’яўляецца сацыяльнай і рэлігійнай дабрачыннасцю. На выставе будуць паказаны традыцыйныя прыборы для падачы ежы і знакамітай аманскай кавы, прадметы, якія ўдзельнічаюць у старажытным рытуале пачастунку госця.

Адным з традыцыйных рамёстваў, якое лакалізавана ў невялікіх горных вёсачках заходняга Хаджарского хрыбта, з’яўляецца ткацтва. На выставе можна пазнаёміцца з традыцыйнымі дыванамі з вярблюджай шэрсці і іншымі вырабамі, сатканым мясцовымі майстрамі.

Самым шматгранным з усіх аманскіх рамёстваў з’яўляецца вытворчасць кінжалаў Ханджар, якая ўключае працу са сталлю, дрэвам, вырабамі з рога, тканінай, скурай і шматлікімі метадамі апрацоўкі серабра. Ханджар складаецца з дзяржальні, ляза, ножан і пояса, кожны з якіх вырабляецца асобна і збіраецца для стварэння адзінага ансамбля.

Шэраг экспанатаў выставы пазнаёміць з культурай водару, у экспазіцыі будуць прадстаўлены разнастайныя курыльніцы і распырсквальнікі ружовай вады.

На выставе будуць паказаны традыцыйныя касцюмы, ювелірныя вырабы, цырыманіяльная зброя і іншыя рэчы ручной работы. Гэтыя прадметы маюць не толькі ўтылітарнае значэнне, але таксама адлюстроўваюць індывідуальныя і грамадскія каштоўнасці людзей, такія як эстэтыка, этыкет, прыхільнасць рэлігіі і самавыяўленне.

Выстава “Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына” з калекцыі Нацыянальнага музея Султаната Аман стане прэзентацыяй аднаго з буйнейшых усходніх музеяў у Рэспубліцы Беларусь. Нацыянальны музей Султаната Аман з’яўляецца Ганаровым госцем з нагоды 80-годдзя з дня заснавання Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Куратар выставы з боку Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – Кацярына Дасько, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва.

Выстава будзе экспанавацца да 19 студзеня 2020 года.

 

Даведка:

Нацыянальны музей Султаната Аман быў заснаваны ў 2013 годзе. Музей з’яўляецца найбуйнейшай культурнай установай Султаната Аман, якая дэманструе спадчыну нацыі пачынаючы з самага ранняга паселішча на Аманскім паўвостраве (каля двух мільёнаў гадоў таму) і да нашых дзён.

Нацыянальны музей Султаната Аман быў афіцыйна абвешчаны Каралеўскім указам № 62/2013, выдадзеным 16 чысла месяца Мухарама 1435 года па хіджры (адпаведна 20 лістапада 2013 года), у якасці юрыдычнай асобы, якая валодае фінансавай і адміністрацыйнай незалежнасцю, правам валодання і кіравання матэрыяльнымі і нематэрыяльнымі каштоўнасцямі аманскай культурнай спадчыны.

Музей размешчаны ў самым сэрцы сталіцы Амана Маскаце ў спецыяльна спраектаваным выдатным будынку. Агульная плошча будынка складае 13 700 квадратных метраў, у тым ліку 4 000 квадратных метраў выдзелена для 14 пастаянных галерэй, больш за 400 квадратных метраў адведзена пад часовыя выставы.