Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

“Акварэльная элегія” Фёдара Кісялёва

З 16 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе экспанаванне выставы Акварэльная элегія Фёдара Сцяфанавіча Кісялёва (1946-2019). У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 40 твораў 1980-х – 2010-х гадоў.

З 30 жніўня па 5 верасня ў сувязі з правядзеннем рамонтных работ выстава Акварэльная элегія будзе закрыта.

На працягу тысячагоддзяў стваралася духоўная культура. Кожная цывілізацыя, кожны народ і кожны чалавек закладалі ў яе падмурак разуменне сутнасці жыцця, свайго наканавання і духоўнага сталення.

Фёдар Кісялёў як прадстаўнік беларускай духоўнай эліты акрэсліў уласны творчы напрамак у акварэльным жывапісе нацыянальнай школы. Яго свядомасць грунтуецца на асэнсаваным мысленні. Уражанні, атрыманыя ў працэсе жыцця, – гэта зямное падарожжа чалавека, якое фарміруе майстра як асобу. Яго мастацкі жыццяпіс стварае таямніцы ўласнай духоўнай прасторы, азначаючы цэласны ўнутраны свет, і такім чынам вылучаецца агульная крыніца духоўнай энергіі.

Сутнасць мастацкага твора змяшчаецца не столькі ў намерах мастака, а глыбей – у падсвядомасці. Яна толькі часткова “прарываеццца” ў свядомую сферу – гэта вышэй за волю мастака, і менавіта так адбываецца сувязь Творцы з Абсалютным пачаткам.

Мелодыя Прыдняпроўя ў творчасці Фёдара Кісялёва – апяванне прыгажосці роднага краю з яе някідкай прыродай. Яна сціплая, нават сумная, а ў дажджлівыя восеньскія дні палявыя дарогі пераўтвараюцца ў рэкі-азёры, падпарадкаваныя воднай стыхіі (“Вясна ў Стараселлі”, “Свiтанак”). Але нават у такі час мастак заўважае і адлюстроўвае ззянне квітнеючага лугу, бясконцую глыбіню зменлівых нябёсаў, кранальную прыгажосць маленькіх рачулак (“Апошні дзень восені”, “Зiма ў Дзевашыцах”, “Халоднае лета на Вабічы”).

Улюбёны ў старажытнае дойлідства мастак не адзін дзясятак прац прысвячае помнікам архітэктуры, этнаграфіі. Некаторыя архітэктурныя збудаванні і сёння ўпрыгожваюць старажытную зямлю Беларусі. Большасць, на жаль, знішчана, і для рэканструкцыі іх выгляду творца звяртаецца да архіўных крыніц. Так узніклі работы з цыкла “Успаміны праз стагоддзі” – “Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр”, “Нясвіжская легенда”, “Пустынкі. Адраджэнне”, “Смаляны”, “Ноч у Друцку”. У гэтых творах адчуваецца асаблівы эмацыянальны настрой, ціхае лірычнае гучанне. Цэрквы, замкі, вежы паўстаюць праз смугу стагоддзяў у непарыўным адзінстве з дрэвамі, азёрамі, нябёсамі. Нават камянi становяцца знакам гiстарычнай памяцi. “Рагвалодаў камень” – твор жывапісца пра вялікі валун “Барысаў камень” з высечаным на ім шасціканцовым крыжом і надпісам. Акварэль вытанчана па жывапісна-пластычнай структуры, а яе кампазiцыя заснавана на асацыятыўнасці пластычных форм умоўнага і рэчыўнага свету, што дазваляе канцэнтраваць эмацыянальна-станоўчую энергію і несці пэўны настрой. Як працяг аповеду – гісторыя-трыпціх, прысвечаная юбілейнай даце Грунвальдскай бітвы: “Навальніца над Мальбаркам”, “Грунвальдскае поле”, “Кракаў. Раніца ў Вавелі”. Узвышана-рамантычнае гучанне і баладнасць прасочваецца ў акварэлях “Азёрная балада”, “Браслаўшчына”, “Лета ў Слабодцы”.

Вяртаючыся з далёкіх вандровак, акварэліст далучае сузіральніка да асабістага ўспрыняцця незабыўных краявідаў неабсяжных прастораў тэрыторыі былога Савецкага Саюза i яго велiчнай разнастайнасцi: “Ноч на Сораці”, “Алея Керн”, “На радзіме Глінкі. Світанак”, “Ферапонтава”, “Цішыня”, “Арган Домскага сабора”, “Паўночныя берагi”, “Пяльма. Белая ноч”.

Значнае месца ў жыцці і творчасці мастака займае серыя твораў, прысвечаная чарнобыльскай трагедыі: “Лёсы”, “Чудзянскiя дубы”, “317 дом вёскi Вепрын”. Асаблівыя пачуцці выклікае акварэль “Была вёска Журавель”, дзе яблыня, як спрадвечны біблейскі сімвал, выглядае пакалечанай. Аўтар сцвярджае прапісную ісціну: людзі адмовіліся ад спазнання таямніц Дабра і Зла, а цяпер гэты райскі сад закінуты і бязлюдны. Адзінокі слуп з бусліным гняздом як абвінавачванне і папрок чалавеку, што так бязладна паставіўся да наваколля. Аднак шыкоўная даліна з Сожам, як Рака Часу, упэўнівае: усё мінецца з узыходам сонца, а няўлоўны крык журавоў асветліць чалавечае жыццё, пазбавіўшы яго маркотнага запусцення. Так моцна і вобразна мовай пейзажнага жывапісу, вобразамі-сімваламі можна данесці да гледача вечнае.

Нацюрморт – адзін з самых распаўсюджаных жанраў у выяўленчым мастацтве. Аб’ектам адлюстравання ў ім выступаюць розныя рэчы: расліны, садавіна і гародніна, прадметы хатняга ўжытку. Такімі характэрнымі і вобразнымі творамі з’яўляюцца: “Старыя ліхтары”, “Нацюрморт з тэатральным скверам”, “Бабулін куточак”. Нацюрморты ўвасабляюць у сабе сакральны сэнс, адпаведны эмацыянальны стан і захоўваюць пэўны патэнцыял пачуццяў.

Мастак у сваiх творах не падкрэслiвае пэўную аснову твора. Галоўнымі з’яўляюцца паэтычнасць, рознабаковая метафарычнасць i душэўны парыў, якiя знаходзяць выражэнне ў вобразнасцi, звязанай з каларыстычнай гамай, пластычнай мовай i прасторава-рытмiчнай пабудовай, знакавасцю. Гэта надае кампазiцыям сiмвалiчную велiчнасць i выразнасць. У сваiх жыццясцвярджальных творах Фёдар Кiсялёў дасягнуў вялiкай свабоды i цэльнасцi, развiў рэалiстычныя традыцыi, адкрыў iндывiдуальнае ўспрыняцце прыроды, адлюстраваў галоўныя тэмы гiсторыi i сучаснасцi.

Мастацтвазнаўца, загадчык фiлiяла “Музей В.К. Бялынiцкага-Бiрулi” Святлана Строгiна