Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Іван Стасевіч. Жывапіс

У 75-гадовы юбілей вызвалення Беларусі бачыцца натуральным зладзіць выставу твораў Івана Нічыпаравіча Стасевіча (9.01.1929–11.09.1998) як аднаго з удзельнікаў ваенных падзей. Шмат якім беларускім мастакам прыйшлося ваяваць, вось і Ваня Стасевіч быў так званым “сынам палка”, дайшоў да Берліна, распісаўся на Рэйхстагу. Акрамя выключных абставінаў лёсу, меў незвычайны талент жывапісца, быў сапраўдным самародкам, але атрымаў выдатную прафесійную адукацыю і адзначаны званнем заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1980).

Будучы мастак нарадзіўся ў вёсцы Мядзведня Старадарожскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У гады вайны быў байцом брыгады імя Фрунзе атрада № 3 імя Кірава. Перажыў з партызанамі блакаду. Калі Беларусь была вызвалена, ён, 15-гадовы, змог дабіцца таго, каб яго залічылі ў аўтамабільна-дарожную частку 1-га Беларускага фронту. І ўсе ваенныя гады маляваў баявыя лісткі, плакаты, дарожныя паказальнікі, апошні з якіх – “Да Рэйхстага – 250 метраў”.

Потым скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1952), Маскоўскі мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава (1958). Яго настаўнікамі былі вядомыя мастакі і выдатныя педагогі Г. М. Ізергіна, А. П. Мазалёў, В. К. Цвірка, Д. К. Мачальскі і іншыя. Дыпломная работа “У беларускіх балотах”, якая паказвае выхад партызанаў з акружэння, экспанавалася на Усесаюзнай мастацкай выставе і была вельмі станоўча адзначана крытыкай. З гэтага палатна пачалася “карцінная” частка яго творчасці. У далейшым шмат увагі мастак надаваў таксама партрэтам і пейзажам. Яго заўсёды вабілі людзі, блізкія яму, магутныя характары, выбітная жыццёвая энергія. У пейзажным жывапісе мастак увасобіў краявіды поўдня і поўначы Беларусі; ведаў і маляваў Савецкі Саюз з Мурманска да Крыма і ад Валаама да Байкала. Наведаў таксама Італію, Францыю, Партугалію.

Два бакі яго мастацтва – чалавечая стваральніцкая дзейнасць і хараство прыроды і выдатных архітэктурных збудаванняў. І ўсё гэта выяўлялася ў спалучэнні знешняй безумоўнай праўдзівасці, тэмпераментнага мастацкага почырку і рамантычнага светаадчування.

Акрамя непасрэдна творчасці Іван Нічыпаравіч Стасевіч займаўся педагагічнай дзейнасцю – выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце / Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у 1958—1995 гг., з 1985 г. стаў прафесарам; займаўся грамадскай дзейнасцю, у тым ліку вельмі актыўна ў Саюзе мастакоў.

Творы І. Н. Стасевіча захоўваюцца ў шматлікіх дзяржаўных і прыватных зборах (Беларусь, Расія, Алжыр, Англія, Аўстрыя, Бельгія, Германія, Індыя, Італія, Канада і іншыя); у тым ліку на радзіме мастака ў Старадарожскім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі знаходзіцца звыш 70 яго работ. 22 творы жывапісу і графікі майстра ўваходзяць у калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея. Сярод іх палатно “Шахцёры Салігорска”, дарэчы кажучы, “навечна прыпісанае” да пастаяннай экспазіцыі беларускага мастацтва ХХ стагоддзя як выдатны мастацкі і гістарычны дакумент.

Капры Салігорска. 1962. Палатно, алей

Партрэт С.П. Прахарэвіча, шафёра, брыгадзіра брыгады камуністычнай працы. 1962

Палатно, алей

Георгіеўскі сабор Юр’ева манастыра ў Ноўгарадзе Вялікім. 1975

Кардон, алей