Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Выставачны праект “Знакі творчай волі” Зоі Васільеўны Літвінавай

19 снежня 2019 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё маштабнага выставачнага праекта Знакі творчай волі заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Зоі Васільеўны Літвінавай (нар. 1938).

“Знакі творчай волі” ў Мастацкім – фінальны і, мабыць, самы важны акорд майстра ў выставачнай сюіце, што гучыць на працягу ўсяго года. Гледачы ўжо змаглі пазнаёміцца з некаторымі гранямі творчасці Зоі Літвінавай – яе акварэлі і малюнкі экспанаваліся на некалькіх арт-пляцоўках Мінска.

У чатырох залах Нацыянальнага мастацкага музея будзе прадстаўлена больш за сто жывапісных, графічных і акварэльных твораў з калекцыі музея і збору мастачкі, выкананых ёю пераважна за апошнія сорак гадоў. Экспазіцыю складуць як вядомыя хрэстаматыйныя палотны майстра, так і творы, якія ніколі раней не дэманстраваліся шырокай публіцы.

Зоя Літвінава прыйшла ў мастацтва ў перыяд росквіту “суровага стылю”. Яна прарабіла даволі доўгі, але неверагодна цікавы і насычаны шлях да той “Літвінавай”, якую сёння ведаюць і любяць не толькі ў Беларусі, але далёка за яе межамі. Спачатку яна акумуліравала ва ўласнай творчасці многія тэндэнцыі савецкага мастацтва 60-х–70-х гадоў. Пры гэтым ёй удавалася быць нібы па-за напрамкам афіцыйных запытаў. Невыпадкова ў канцы 80-х Літвінава ўвайшла ў склад знакамітага творчага аб’яднання “Няміга'17”. Вытокі асаблівасцей творчага метаду Зоі Літвінавай шмат у чым можна звязаць з атрыманай ёю акадэмічнай адукацыяй, а таксама з засваеннем і пераасэнсаваннем мастацкіх практык Еўропы і Расіі першай паловы і сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Галоўнае ў яе творах – гэта пошук сябе, пошук колеру і пластыкі, кампазіцыі і прасторы. І жывапіс, і малюнак для майстра абсалютна непадзельныя, паколькі ўяўляюць сабой адзіны працэс фарміравання мастацкага вобраза. Пры гэтым, вынаходзячы ўласны свет форм, сімвалаў і знакаў, Літвінава ніколі да канца не парывала з натурай. Яна не раз падкрэслівала, што ў яе работ няма літаратурнага сюжэта, кожны павінен разгадаць таямніцу самастойна, асабіста для сябе.

Неад’емным элементам жывапісу Зоі Літвінавай стала золата. Прыклады мастакоў, якія ўжывалі ў творчасці дадзены матэрыял, у гісторыі мастацтваў можна знайсці нямала. У гэтым сэнсе Літвінава не з’яўляецца першаадкрывальніцай. Але тое, як яна гэта робіць і якое значэнне надае золату ва ўласных творах, – заслугоўвае ўвагі. Па-майстэрску ўключанае ў жывапісную канву палатна золата надае аўтарскім выявам дзіўнае, асаблівае гучанне. Бо па словах самой Зоі Літвінавай, галоўнае ў мастацтве – выраз ідэі і духоўнасці.

З аднаго боку, праект “Знакі творчай волі” можна назваць своеасаблівым падвядзеннем вынікаў мастацкай дзейнасці Зоі Літвінавай. У ім яна дэманструе максімальную відавую, жанравую і тэматычную поліфанію – “зрэз” усяго таго, што было ёю знойдзена, адкрыта і створана за шмат гадоў працы ў галіне станковага мастацтва. Але ў той жа час Зоя Літвінава – мастачка, якая і сёння працягвае плённа працаваць і сцвярджаць уласныя знакі творчай волі ў мастацтве. Таму пра які-небудзь фінал дзейнасці гэтага чалавека рэдкай сілы духу казаць рана. Зою Літвінаву заўсёды адрознівала і працягвае вылучаць высокая ўнутраная культура – і ў творчасці, і ў чалавечых адносінах. Яе мастацтва нясе на сабе адбітак моцнай творчай волі, а лепшыя творы працягваюць станавіцца сапраўднай актуальнай класікай беларускай культуры. 

Праект “Знакі творчай волі” Зоі Літвінавай будзе працаваць да 19 студзеня 2020 года.

Куратар праекта: Наталля Сяліцкая, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва. Кантакты: +37517 328 68 36