Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Выстава “Без шкла. 12 акварэлей Вячаслава Паўлаўца”

3 студзеня 2020 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава акварэльных твораў “Без шкла. 12 акварэлей Вячаслава Паўлаўца”.

Вячаслаў Паўлавец - адзін з выбітных акварэлістаў Беларусі мяжы ХХ-ХХI стагоддзяў - у 2019 годзе адзначыў сваё 60-годдзе. Некаторыя з яго твораў ужо даўно сталі класікай беларускага мастацтва ХХ стагоддзя і ўвайшлі ў многія альбомы, прыватныя калекцыі і пастаянную экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У фондах музея захоўваюцца 18 лепшых твораў мастака розных гадоў. Гэта другая персанальная выстава майстра, першая - “Перакрыжаванні часу” - адбылася 13 гадоў назад, у 2006 годзе.

Аркуш № XI з серыі "Крокі па вадзе". 2018. Папера, акварэль. 40х60. Уласнасць мастака

12 выбраных акварэлей апошніх гадоў (усе яны - уласнасць мастака), з якіх складаецца экспазіцыя выставы, прадстаўлены ў нязвыклай нетрадыцыйнай манеры афармлення графічных твораў - без шкла. Творы ў гэтым выпадку безабаронныя, адкрытыя. Паміж мастаком і гледачом не існуе перашкод. “Гэтага не стае ў зносінах людзей са светам, з грамадствам. Праз шкло манітора, смартфона, тэлевізара ў мозг чалавека трапляе безліч фактаў, інфармацыі. Пачуцці чалавека мяняюцца на муляжы, сімулякры, фантомы і эмоцыі. Але адкрытасць, шчырасць, безабароннасць - гэта не слабасць, а моцякая разам з інтуіцыяй высвечвае шлях да існасці, - лічыць мастак.

Аркуш № V з серыі "Крокі па вадзе". 2018. Папера, акварэль. 40х60. Уласнасць мастака

Паўлавец - выхаванец Беларускай акадэміі мастацтваў - верны прыхільнік акварэлі, які дакладна адчувае асаблівую філасофію матэрыялу. Ад абсалютнай адданасці натуры першых гадоў самастойнай работы мастак сышоў у прынцыповую імправізацыйнасць, працу па памяці. Акварэлі Вячаслава Паўлаўца - праекцыя яго эмоцый на ліст паперы, амаль медытацыя. Яго безумоўныя шэдэўры - манахромныя мінімалісцкія краявіды, у якіх ён апеў і ўзвысіў да паэтычнай метафары беларускі бяссонечны “шэранькі дзянёк” з дзясяткамі найтонкіх нюансаў. Ён працуе ў тэхніцы alla prima (вадкімі фарбамі па вільготнай паперы), давяраючы выпадку і пракудам цякучай фарбы. У гэтым мастак бачыць хараство працы акварэліста, і яго ахоплівае задавальненне ад працэсу творчасці і здабытага выніку. Ён піша тонкім пластом, каб папера прасвечвала, “дыхала”, прычым без папярэдняга алоўкавага накіда. Адбываецца чараўніцтва зліцця паперы, фарбы, вады і святла. У акварэлі майстра ярка выяўляецца асаблівая асабістая інтанацыя, магія, якая зачароўвае і беспамылкова дзейнічае на людзей рознага ўзроўню, узросту і адукацыі. Яго творчасць - камертон абсалютнага густу і майстэрства ў сучаснай беларускай графіцы.

Выстава працуе ў кафэ "Культурнае жыццё" з 14.01.2020 да 17.02.2020 г.