Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Выстава “Анарэ Дам’е і не толькі...” з прыватнай калекцыі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэра Дэтмара і яго жонкі Ількі Дэтмар

З 5 красавіка 2019 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе экспанавацца выстава “Анарэ Дам’е і не толькі...” з прыватнай калекцыі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэра Дэтмара і яго жонкі Ількі Дэтмар.

Выставы з прыватных збораў займаюць важнае месца ў выставачнай дзейнасці музея. Падобныя экспазіцыі дазваляюць паказаць творы, як правіла, недаступныя шырокай аўдыторыі гледачоў. Выстава “Анарэ Дам’е і не толькі...” асабліва ўнікальная – прадметы з прыватнай калекцыі мужа і жонкі Дэтмар упершыню будуць экспанавацца ў сценах музея і нават на кароткі тэрмін стануць публічнымі.

На выставе будзе прадстаўлена частка калекцыі, якую муж і жонка Дэтмар з любоўю збіралі на працягу многіх гадоў, набываючы творы мастацтва ў розных краінах, дзе яны знаходзіліся па абавязку службы. Як адзначае Пасол Петэр Дэтмар, за гэты час экспанаты калекцыі сталі часткай іх “уласнай гісторыі. Яны ... сімвалізуюць тое, што суправаджала нас за апошнія 30 гадоў.

Выстава прадставіць больш за трыццаць жывапісных і графічных твораў і прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створаных пераважна еўрапейскімі (Бельгія, Германія, Нідэрланды, Францыя) майстрамі XIX–XX стагоддзяў.

Аснову выставы складуць дваццаць чатыры графічныя лісты – літаграфіі, апублікаваныя ў розныя гады ў знакамітай парыжскай ілюстраванай газеце “Шарывары” (Le Charivari), якая выходзіла з 1832 па 1937 год. Вядомая сваімі карыкатурамі, газета была была заснавана французскім малявальшчыкам, літографам і журналістам Шарлем Філіпонам (1800–1862) і яго зяцем, кнігагандляром, заснавальнікам выдавецкага дома Aubert Габрыелем Аберам (1789–1847). З “Шарывары” супрацоўнічалі многія вядомыя французскія мастакі – Анарэ Дам’е (1808–1879), Аляксандр-Габрыель Дэкан (1803–1860), Гюстаў Дары (1832–1883), Поль Гаварні (1804–1866) і іншыя.

Адзін з найвялікшых французскіх мастакоў Анарэ Дам’е быў вядомым жывапісцам, скульптарам і малявальшчыкам, але больш за ўсё ён знакаміты сваімі карыкатурамі. З 1830 года Дам’е супрацоўнічаў з Шарлем Філіпонам, публікуючы сатырычныя ілюстрацыі ў часопісе “Карыкацюр” (La Caricature) пад псеўданімам Ражлен, а з 1832 года – у “Шарывары”. Прадметам сатыры мастака стала ўся разнастайнасць класаў сучаснага парыжскага грамадства з іх манерамі, звычаямі і звычкамі. Дыяпазон тэм, якія асвятляў Дам’е, быў настолькі вялікі, што яго творчую спадчыну нярэдка параўноўвалі з “Чалавечай камедыяй” Анарэ дэ Бальзака.

Літаграфіі, што экспануюцца на выставе, былі створаны Дам’е ў перыяд паміж 1840–1865 гадамі. Большасць лістоў уяўляюць сабой сацыяльную карыкатуру ў сувязі са строгай забаронай у той час на палітычную сатыру. Але і ў гэтым жанры мастак працягваў выкрываць палітычную сістэму сучаснага свету. Літаграфіі, прадстаўленыя на выставе, знаёмяць з некаторымі са шматлікіх серый карыкатур, створаных Дам’е на працягу яго доўгага творчага жыцця. Гэта лісты з серый “Сямейныя норавы” (май 1839 – верасень 1842 года), “Парыжскія хваляванні” (чэрвень 1839 – лістапад 1842 года), “Трагіка-класічныя фізіяноміі” (студзень-лістапад 1841 года), “Старажытная гісторыя” (студзень 1842 – студзень 1843 года), “Цудоўныя дні жыцця” (снежань 1843 – жнівень 1846 года), “Прыстойныя буржуа” (красавік 1846 – май 1849 года), “Усё, што хочаш” (сакавік 1847 – ліпень 1851 года), “Бацькі” (снежань 1846 – май 1849 года) і інш.

Творы мастака ўпершыню будуць дэманстравацца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, што дасць магчымасць беларускаму гледачу пазнаёміцца з творчай спадчынай сусветна вядомага майстра.

Сярод жывапісных твораў, якія экспануюцца на выставе, – партрэты з фамільнай галерэі сям’і Пасла Петэра Дэтмара па лініі бацькі, створаныя нямецкімі мастакамі першай паловы XIX стагоддзя. Асаблівай увагі заслугоўвае палатно “Вясна” бельгійскага жывапісца Луі Эцьена Цімермана (1846–1910), а таксама творы галандскіх мастакоў канца XIX – XX стагоддзя.

Выстава “Анарэ Дам’е і не толькі...” з прыватнай калекцыі мужа і жонкі Дэтмар будзе экспанавацца да 28 красавіка 2019 года.

 

Куратар выставы «Анарэ Дам’е і не толькі...» з боку Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – Святлана Пракоп’ева, заг. аддзела рускага і замежнага мастацтва