Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

"Радзімаю зачараваны". Кастусь Качан. Жывапіс.

28 студзеня 2020 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца персанальная выстава Кастуся Качана “Радзімаю зачараваны”. У экспазіцыі будуць прадстаўлены каля 60 жывапісных твораў мастака. Выстава праводзіцца з нагоды вылучэння Кастуся Качана на саісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 2020 года ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

Імя Кастуся Качана, празванага “песняром беларускіх мястэчак”, карыстаецца папулярнасцю сярод аматараў жывапісу. Краса и паэтычнасць беларускай прыроды, чароўнасць малых гарадоў з тысячагадовай гісторыяй, асаблівы каларыт жыцця вясковага чалавека – галоўныя матывы яго твораў. Аўтар вядомы лірычнымі пейзажамі з краявідамі, выявамі архітэктурных помнікаў, храмаў і манастыроў Беларусі. Яго манеру адрознівае пластычнасць жывапіснай фактуры, сюжэтнасць, кампазіцыйная стройнасць, закончанасць вобразаў, каларыстычная цэльнасць.

На выставе прадстаўлены творы розных гадоў, напісаныя майстрам падчас паездак па Беларусі, найперш па яе заходніх раёнах. Асаблівае месца ў творчасці Качана займаюць пейзажы Навагрудчыны – малой радзімы аўтара. Навагрудчына – край з багатай гісторыяй і культурнай спадчынай, самабытнасць і прыцягальнасць якога мастак адчувае, як ніхто іншы, і ўмее ўвасобіць гэтае пачуццё на сваіх палотнах.

Пейзажам Кастуся Качана ўласцівы нацыянальна-рамантычны настрой. Спалучаючы ў сваіх творах цішыню і спакой правінцыйнага жыцця з рамантыкай старажытных помнікаў, мастак стварае арганічны сплаў мінулага і сучаснасці, якія не адасабляюцца адна ад адной, а суіснуюць разам у прасторава-часавым адзінстве.

Канстанцін Іванавіч Качан нарадзіўся 4 сакавіка 1950 года ў вёсцы Лаўрышава Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1970–1975 гадах вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце фізікі, пасля быў вольным слухачом у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 1980 года ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і замежных мастацкіх выставах. У 1987 годзе стаў сябрам Беларускага саюза мастакоў.

Творы Кастуся Качана захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Мастацкім фондзе Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, фондах Беларускага саюза мастакоў, а таксама ў прыватных калекцыях шматлікіх краін свету. У 2014 годзе ў Навагрудку адкрылася і паспяхова дзейнічае карцінная галерэя яго імя.

Выстава будзе працаваць з 28 студзеня па 15 сакавіка 2020 года.