Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

«Місія міласэрнасці»: мастацка-гістарычная выстава, прысвечаная медыцынскім сёстрам

З 27 мая па 9 чэрвеня ў фае Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску (вул. Леніна, 20) будзе прадстаўлена мастацка-гістарычная выстава «Місія міласэрнасці», прысвечаная медыцынскім сёстрам і прымеркаваная да 55-годдзя медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа ў Беларусі. Арганізатар мерапрыемства – Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа пры падтрымцы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі.

Урачыстае адкрыццё адбудзецца ў 16:00

Дзейнасць сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа на тэрыторыі Беларусі пачалася яшчэ ў другой палове XIX стагоддзя, – адзначае Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко. – З 1930 года Чырвоны Крыж пачаў кароткатэрміновую падрыхтоўку медыцынскіх сясцёр на вячэрніх і ранішніх курсах, а з 1936 года былі арганізаваны паўтарагадовыя курсы санітарных інструктараў на базе чатырохгадовай адукацыі. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Беларускі Чырвоны Крыж падрыхтаваў дзясяткі тысяч медсясцёр. Яны дапамагалі хворым і параненым на палях бітваў, у шпіталях, у партызанскіх атрадах. У пасляваенны перыяд медыцынскія сёстры міласэрнасці Чырвонага Крыжа сталі надзеяй і апорай ветэранам і інвалідам вайны. У 1964 годзе была сфарміравана медыка-сацыяльная служба Беларускага Чырвонага Крыжа, работнікі якой па сённяшні день даглядаюць адзінокіх пажылых і цяжкахворых людзей.

На выставе прадстаўлены карціны беларускіх мастакоў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, экспанаты Музея гісторыі медыцыны Беларусі, а таксама архіўныя дакументы і фатаграфіі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, якія адлюстроўваюць прыклады сапраўднага гуманізму, міласэрнасці і самаахвярнасці медыцынскіх сясцёр міласэрнасці.

Асаблівае месца на выставе займае стэнд лаўрэатаў медалі імя Флорэнс Найтынгейл – вышэйшай узнагароды для медыцынскіх сясцёр і братоў ва ўсім свеце. Медаль заснаваны ў 1912 годзе і прысуджаецца Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа раз у два гады за выключную прыхільнасць справе міласэрнасці, гуманнасць і ўзорную прафесійную дзейнасць у ваенны і мірны час. Ва ўсім свеце ўсяго 1483 лаўрэаты медалі. У Беларусі гэтай узнагароды ўдастоены 12 медыцынскіх сясцёр: шэсць медсясцёр – за мужнасць і самаадданасць у гады Вялікай Айчыннай вайны, шэсць медсясцёр – за беззапаветнае служэнне адзінокім пажылым і цяжкахворым людзям у мірны час.