Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Вераснёвая ноч. Праграма

Запрашаем вас правесці Дзень горада Мінска ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. 8 і 9 верасня наведвальнікаў музея чакае шырокая праграма.

8 верасня 2018 (субота) з 13:00 да 23:00 у Нацыянальным мастацкім музеі адбудзецца «Вераснёвая ноч» – акцыя, кая штогод праходзіць у рамках святкавання дня горада Мінска. Пачатак навучальнага года пачнецца ў музеі з «Урокаў авангарда». Размова пойдзе пра эксперыменты, якія аказалі сур’ёзны ўплыў на развіццё ўсёй візуальнай культуры.

XX стагоддзе – пераломны этап у мастацтве. Мастакі гэтага перыяду вывучалі магчымасці формы і колеру, страціўшы цікавасць да выявы простых, зразумелых і, галоўнае, рэальных аб’ектаў. Трансфармуючы трывалыя нормы, майстры шукалі наватарскі спосаб падачы мастацкага вобраза.

У рамках «Вераснёвай ночы» музей раскрые некаторыя грані гэтага складанага і безумоўна цікавага перыяду ў мастацтве, выкарыстоўваючы слова, гук, святло і рух.

 

8 верасня. «Урокі авангарда»

  • Новы корпус. 3 паверх. 2 зала

Падчас акцыі зала сармацкага партрэта ператворыцца ў прастору «ціхай вечарыны». У партрэтнай галерэі XVII стагоддзя можна будзе пачуць сучасную апрацоўку музыкі эпохі барока, а спецыяльнае асвятленне трансфармуе музейную залу ў аб’ёмную светлавую абстракцыю. Гук будзе транслявацца ў навушніках, а напярэдадні акцыі запісы з’явяцца і ў сетцы.

  • Новы корпус. 4 паверх

Відэаінсталяцыі, якія дакажуць, што Мінск – гэта таксама твор сучаснага мастацтва.

  • Вестыбюль галоўнага корпуса. 13:00

Выстава вынікаў конкурсу дзіцячага малюнка «Малая радзіма вачыма дзяцей», праведзенага Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Белая Русь».

  • Галоўны корпус. Галерэя. 15:00

Творчая сустрэча з беларускім мастаком Віктарам Альшэўскім на адкрыцці новага арт-праекта «Кропка адліку». На выставе аб’яднаюцца мінулае, сучаснасць і будучыня чалавецтва, яго гістарычная памяць і сучасная плынь жыцця. Месцазнаходжанне нашай культуры ў кантэксце сусветнай цывілізацыі, мабыць, галоўная ідэя гэтага праекта, прымеркаванага да Дня горада Мінска.

  • Новы корпус. Сяродкрыжжа. 16:00

У пачатку ХХ стагоддзя візуальныя вобразы ўсё больш імкнуліся да абстракцыі. Яскравым прыкладам паслужаць супрэматычныя працы Надзеі-Хадасевіч Лежэ, якія будуць дэманстравацца ў рамках акцыі. Спецыяльная выстава з музейнага збору дапоўніць важную цырымонію прэзентацыі і ўрачыстай перадачы трох новых для музейнага фонду работ гэтай беларускай мастачкі пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі з удзелам беларускіх дыпламатаў і творчай інтэлігенцыі.

  • Новы корпус. Сяродкрыжжа. 16:45

Запрашаем даведацца аб смелых ідэях мастачкі на лекцыі пра жыццё і творчасць Надзеі-Хадасевіч Лежэ – «Дар Надзеі. Мадам Лежэ: мецэнат і мастачка».  Лектар – Надзея Міхайлаўна Усава, вядучы навуковы супрацоўнік.

  • Новы корпус, 3 паверх, зала мастацтва краін Усходу. 18:00, 19:45

Імправізацыі на этнічных бамбукавых і класічных флейтах (сякухаці, хоціку, кена, сяо), класічная музыка ў выкананні Андрэя Антара.

  • Галоўны корпус, 2 паверх, 5 зала рускага мастацтва. 18:00, 20:00

Навуковы супрацоўнік музея Мікіта Моніч раскажа пра вытокі авангарда ў мастацтве мадэрнізму.

5 зала рускага мастацтва – сапраўдны атракцыён розных стыляў, кантрасных, яркіх і смелых. Эпоха канца – пачатку стагоддзя, эпоха мадэрну, час, калі стройнае дрэва жывапісу пачынае разгаліноўвацца шматлікімі «ізмамі». Пладамі гэтага часу сталі смелыя эксперыменты і дасягненні авангарда ХХ стагоддзя.

  • Новы корпус, 4 паверх, зала сучаснага беларускага мастацтва. 18:30 19:15

Экскурсія вядучага навуковага супрацоўніка музея Вольгі Архіпавай пра гісторыю і асаблівасці беларускага авангарда.

  • Новы корпус, 4 паверх, выстава «Сусвет Язэпа Драздовіча». 20:00

Харэограф Ірына Шырокая прэзентуе праект «СКЛАД», калабарацыю асоб, якія гатовы ствараць унікальны і таму бясцэнны працэс.

  • Галоўны корпус, 1 паверх. 21:00, 22:00

Перформансы-даследаванні на выставе Ізраіля Басава «Прамудрасць збудавала сабе дом...».

А 21-й гадзіне Тэатр танца «Альтана» пакажа сапраўдную архітэктуру руху. А праз гадзіну танцмастак Валерыя Хрыпач прадставіць фрагменты з новай пастаноўкі «Паміж простым і складаным», харэаграфія якой развіваецца паміж сном і карагодам.

  • Новы корпус, 4 паверх, выстава «Сусвет Язэпа Драздовіча». 19:00

Эксперыментальная музычная праграма ў духу касмічнага жывапісу самога Драздовіча ад выпускніка Маскоўскай кансерваторыі па класе ўдарных Уладзіміра Урбановіча.

  • Знешняя пляцоўка. 20:00 – 21:45

JJ.OK – сольны праект гітарыста Яўгена Зыковіча. Эклектычны гітарны нойз уперамешку з паветраным эмбіентам і густым дронам. Уся музыка ствараецца выключна пры дапамозе гітары і гітарных эфектаў. У аснове жывых выступленняў ляжыць імправізацыя.

LG Electronics разгорне зону актыўнасці для аматараў насычаных колераў. Чым больш насычаны чорны, тым ярчэйшымі становяцца фарбы і больш прыкметнымі дэталі. Любы з гасцей зможа намаляваць карціну на абсалютна чорным палатне і забраць яе з сабой на памяць.

Спецыяльны кошт білета ў святочныя выхадныя 8 і 9 верасня:

Дарослы – 7 рублёў;

Школьны, студэнцкі  3 рублі.

9 верасня свята (нядзеля) у Мастацкім працягнецца!

(падрабязней...)

 

Генеральны партнёр акцыі – Замежнае ўнітарнае прадпрыемства «Брытыш-Амерыкан Табакка Трэйдынг Компані»

Тэхнічны партнёр акцыі – LG Electronіcs

СААТ “Камунарка”