Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Праект “ХХ стагоддзе на далонях”. Тактыльнае падарожжа ў свет скульптурнага партрэта

Музейны занятак для дзяцей са слабым зрокам у рамках Міжнароднага праекта па ўдасканаленні музейнага асяроддзя і экспазіцыйнага абсталявання для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Дакрануцца рукамі да беларускай гісторыі ХХ стагоддзя ў яе скульптурных партрэтах дае магчымасць распрацаваная ў НММ РБ праграма для дзяцей з парушэннем зроку. Праграма падрыхтавана да 80-годдзя з дня стварэння музея. Падчас заняткаў дзеці з аслабленым зрокам (група да 6 чалавек) наведваюць залы музея, дзе з дапамогай слоўных апісанняў іх знаёмяць з асаблівасцямі развіцця беларускай культуры ХХ стагоддзя на прыкладзе партрэтаў яе вядучых прадстаўнікоў – кампазітара Мікалая Аладава, дырэктара музея Алены Аладавай, мастака Міхаіла Савіцкага, кітайскага паэта і мастака Ці Байшы і г. д.

Другая частка занятку мяркуе ўласна дакладнае тактыльнае вывучэнне копій скульптур і матэрыялаў, з якіх яны выраблены, – мармуру, бронзы, дрэва, каменю. Дзецям прапаноўваюць навобмацак пазнаёміцца з дэталямі партрэта на копіях экспанатаў, знаходзячыся ў дыялогу з вядучым праграму музейным супрацоўнікам. Даследуючы кожны партрэт, лектар стымулюе рабят на абмеркаванне, уключае музычнае суправаджэнне або аўдыёзапісы з галасамі герояў, каб стварыць больш глыбокі стэрэаскапічны вобраз мадэлі скульптурнага партрэта, знаёміць з біяграфіямі, галоўнымі дасягненнямі ў беларускай і сусветнай культуры, адначасова распавядаючы пра прафесію скульптараў – аўтараў гэтых партрэтаў.

 Запыт абсталявання: 3D-прынтар для работы з плаcтыкам, 3D-сканер паверхні,калонка партатыўная, флэшка, крэслы, стол 

Месцаправядзення

Пастаянная экспазіцыя мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь,г. Мінск, вул. Леніна, 20

Адрасная група

Навучэнцы спецыялізаваных устаноў адукацыі для дзяцей з абмежаваннямі па зроку 10+

Задачамі праекта з’яўляюцца:

– адаптацыя твораў (аб’ёмных экспанатаў) да ўспрымання людзей з абмежаванымі магчымасцямі;

– знаёмства з матэрыяламі скульптуры і іх уласцівасцямі;

– развіццё навыкаў апавядання пра твор мастацтва.

Мэты праекта:

– знаёмства з часткай пастаяннай экспазіцыі ХХ стагоддзя музея, аўтарамі твораў, вядучымі скульптарамі Беларусі;

– вывучэнне біяграфічных звестак вядучых асоб – кампазітараў, паэтаў, акцёраў, мастакоў Беларусі і свету ХХ стагоддзя;

– тактыльнае вывучэнне 3D-копій скульптур непасрэдна ў экспазіцыі;

– праслухоўванне аўдыёзапісаў з галасамі герояў занятку, музычнымі творамі, вершамі і г. д.;

– знаёмства з асноўнымі характарыстыкамі скульптуры – рознымі матэрыяламі (мармур, бронза, дрэва);

– абмеркаванне з лектарам “убачанага” рукамі.

Чакаемыя вынікі

У выніку невідушчыя школьнікі павінны атрымаць вялікі аб’ём інфармацыі: уяўленне пра від мастацтва – скульптуру; зразумець, што азначае жанр партрэта; даведацца пра біяграфію і дасягненні мадэляў скульптараў, значэнне іх ролі ў беларускай або сусветнай культуры; пазнаёміцца з матэрыяламі скульптуры і імёнамі творцаў партрэтаў – беларускімі скульптарамі. Група можа быць інклюзіўнай, гэта значыць уключаць і відушчых удзельнікаў.