З юбілеем Міско Івана Якімавіча – народнага мастака Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь сардэчна віншуе з юбілеем Міско Івана Якімавіча – народнага мастака Рэспублікі Беларусь.
Іван Міско нарадзіўся
22 лютага 1932 г. у вёсцы Чамяры Слонімскага
раёна Гродзенскай вобласці. Вучыўся на курсах Усесаюзнага Дома
народнай творчасці імя Н.К. Крупскай у Маскве (1952–1954), у Мінскім
мастацкім
вучылішчы (1954–1957) у Ігара Глебава
і Віктара Папова, у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце /зараз
Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў (1960–1966, кафедра скульптуры)/ у
Андрэя Бембеля
і Аляксея Глебава.
Іван Міско працаваў
мастаком-афарміцелем у Дзяржаўным мастацкім музеі БССР /зараз Нацыянальны
мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (1957–1977).
Іван Міско – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1989), народны мастак Рэспублікі Беларусь (2008), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1977), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2002).
Іван Міско з 1965 года сябра Саюза мастакоў БССР. Удзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках з 1957. Працуе ў станковай і манументальнай скульптуры. У асноўным, гэта партрэты сучаснікаў: пісьменнікаў, акцёраў, музыкантаў, касманаўтаў, спартсменаў, навукоўцаў. Ім выкананы помнікі Максіму Горкаму ў дзіцячым парку Мінска і Маці-патрыётцы Анастасіі Купрыянавай у Жодзіна, створаныя ў садружнасці са скульптарамі Мікалаем Рыжанковым, Андрэем Заспіцкім і архітэктарам Алегам Трафімчуком. Помнікі першым беларускім касманаўтам Пятру Клімуку ў Брэсце і Уладзіміру Кавалёнку ў Крупках. Адна з галоўных тэм скульптара – гэта касманаўтыка. Вялікая колькасць партрэтаў і тэматычных кампазіцый выканаў аўтар для Зорнага гарадка. Гэта не толькі беларускія і рускія касманаўты, але і прадстаўнікі Аўстрыі, Афганістана, Балгарыі, Вялікабрытаніі, В’етнама, Германіі, Індыі, Кубы, Манголіі, Польшчы, Румыніі, Сірыі, Францыі, Японіі.
У
Слоніме адкрыты музей Івана Міско,
для якога скульптар перадаў частку сваіх твораў. На сённяшні дзень у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея знаходзіцца 15
твораў скульптара Івана Міско,
тры з якіх у пастаяннай экспазіцыі.