Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

З нагоды 140-годдзя з дня нараджэння В.К. Бялыніцкага-Бірулі (1872–1957)

29 лютага 2012 года а 14-й гадзіне ў Бялыніцкім раённым мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў рамках святочных мерапрыемстваў з нагоды 140-годдзя з дня нараджэння В.К. Бялыніцкага-Бірулі (1872–1957) і 100-годдзя дачы “Чайка” адбылася выстаўка твораў Маэстра з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама адкрыццё выстаўкі мастакоў – удзельнікаў I Міжнароднага пленэра па жывапісе (1996), прысвечанага В.К. Бялыніцкаму-Бірулю.

Сярод удзельнікаў I Міжнароднага пленэра быў і Уладзімір Пракапцоў, які ў гэтым годзе да юбілею свайго любімага мастака стварыў жывапісны твор “Раніца юнага мая” (1996–2012, палатно, алей; 80х100) і прэзентаваў яго падчас адкрыцця выстаўкі.

Гэты твор Уладзіміра Пракапцова пачаў стварацца аўтарам у 1997 годзе падчас яго ўдзелу ў I Міжнародным пленэры, прысвечаным 125-годдзю з дня нараджэння В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Першыя ўражанні аўтара ад наведвання дачы “Чайка”, дзе жыў і ствараў свае паэтычныя жывапісныя творы наш сусветнавядомы маэстра, знайшлі сваё адлюстраванне ў шэрагу палотнаў Уладзіміра Пракапцова, як і многіх іншых удзельнікаў пленэру. Была зроблена нізка твораў, прысвечаная В.К. Бялыніцкаму-Бірулю: “Ноч юнага мая”, трыпціх “В.К. Бялыніцкаму-Бірулю” і іншыя. Пасля яшчэ некалькіх наведванняў аўтарам гэтых славутых мясцін выспела думка напісаць карціну-прысвячэнне, якая магла б увабраць не толькі рэальныя абрысы існуючага дома і пейзажу, але і надаць яму рамантычную і паэтычную ўзнёсласць.

У мастацкім свеце дача “Чайка” набыла вобраз “Удомльскага вулля”, дзе напачатку XX ст. збіраліся і працавалі сябры В.К. Бялыніцкага-Бірулі – вядомыя мастакі М. Багданаў-Бельскі, С. Жукоўскі, А. Мараваў, А. Архіпаў, І. Левітан, К. Каровін і інш. У гэтых мясцінах імі былі створаны шматлікія выдатныя творы, якія сталі класікай у мастацтве. Зараз сюды таксама прыязджаюць мастакі, у тым ліку з Беларусі, каб насыціцца мастацкай аўрай і энергетыкай гэтага дома.

Твор Уладзіміра Пракапцова “Раніца юнага мая” прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння В.К. Бялыніцкага-Бірулі і 100-годдзю дачы “Чайка”. Ён выкананы ў рэалістычнай імпрэсіяністычнай манеры з элементамі рамантычнай фантазіі: на фоне велізарных кустоў квітнеючага бэзу з першымі ранішнімі промнямі сонца Муза пакідае майстэрню Майстра.

Адвечная тэма Мастака і Музы, на думку аўтара гэтага твора, арганічна дапаўняе багатую творчую спадчыну Маэстра, якая не магла не стаць такой значнай і плённай без адпаведнага ва ўсіх праявах натхнення і любові да прыроды і жыцця.