Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

ВЕЧАР ПАМЯЦІ В.К. БЯЛЫНІЦКАГА-БІРУЛІ з нагоды 140-годдзя з дня нараджэння

ВЕЧАР ПАМЯЦІ В.К. БЯЛЫНІЦКАГА-БІРУЛІ

з нагоды 140-годдзя з дня нараджэння

 29 лютага музей будзе адзначаць памятную дату – 140 гадоў з дня нараджэння выдатнага пейзажыста Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі.

У нашым музеі захоўваецца самая вялікая калекцыя твораў майстра – каля 460 карцін і эцюдаў. Асаблівая роля ў зборы калекцыі належыць Алене Васільеўне Аладавай – дырэктару музея з 1944 па 1977 год. Яна надавала асаблівую ўвагу набыццю твораў беларускіх мастакоў, а таксама мастакоў, выхадцаў з Беларусі. Большая частка калекцыі была набыта ў жонкі Вітольда Каэтанавіча Алены Аляксееўны Бялыніцкай-Бірулі ўжо пасля смерці мастака, у канцы 1950-х–1960-х гадах. Роля гэтых дзвюх жанчын – Алены Васільеўны і Алены Аляксееўны – велізарная ў справе папулярызацыі і захавання творчай спадчыны майстра.

Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля ад прыроды быў надзелены талентам пейзажыста-лірыка. Яго карціны – жывапісныя разважанні, прызнанне ў любві да роднай прыроды, яе някідкай непаўторнай прыгажосці.

Біяграфія жыцця і творчасці В.К. Бялыніцкага-Бірулі простая і характэрная для многіх мастакоў яго пакалення: з дзяцінства праяўленая цікавасць да жывапісу, вучоба (спачатку ў Кіеўскай мастацкай школе М.І. Мурашкі, а потым, у 1889–1896 гадах, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства) і праца, творчая, напружаная, у пошуках свайго почырку, сваёй манеры, сваёй асаблівасці.

Безумоўна, уражанні ранняга дзяцінства паўплывалі на арыгінальнасць мастацтва В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Ён нарадзіўся ў 1872 годзе ў Беларусі ў сядзібе Крынкі каля Бялыніч на Магілёўшчыне. Сціплая прыгажосць беларускай прыроды з яе лясамі, пералескамі, палямі, рэчкамі і балотцамі, якія зачароўваюць прастатой матыву, інтымнасцю куточкаў, мяккімі спакойнымі фарбамі, назаўсёды ўвайшлі ў душу будучага мастака. “Маё жыццё з дзяцінства заўсёды звязана з прыродай. У ёй і з ёю я бачыў сэнс жыцця”, – пісаў мастак у сваіх успамінах.

Бялыніцкі-Біруля пачаў выстаўляць свае працы яшчэ на паказах у Маскоўскім вучылішчы. Затым ён прымаў удзел у рабоце Таварыства перасоўных мастацкіх выставак, Маскоўскага таварыства мастакоў і Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў. У 1909 годзе за карціну “Час цішыні” атрымаў залаты медаль на Міжнароднай выстаўцы ў Мюнхене. На выстаўцы прадстаўлены аўтарскі паўтор гэтай працы 1911 года. У гэтых творах выяўляюцца ўласнае светаўспрыманне, своеасаблівая манера жывапісу, музычная складанасць танальнай гамы, чароўная прыгажосць ліній.

У 1908 годзе В.К. Бялыніцкі-Біруля быў удастоены звання акадэміка жывапісу. А ў 1912 годзе мастак набыў у Цверскай губерні на беразе возера Удомля ўчастак зямлі і пабудаваў дом з майстэрняй. Сваю невялікую сядзібу ён назваў “Чайка”. Маляўнічая прырода вакол возера Удомля і “Чайкі” натхніла пейзажыста на стварэнне мноства выдатных палотнаў. З “Чайкай” звязаны ўсё яго далейшае жыццё і праца.

У творчасці В.К. Бялыніцкага-Бірулі дамінуе так званы “чысты пейзаж” – адлюстраванне прыроды самой па сабе. Добра адчуваючы нюансы ландшафту, мастак імкнуўся не столькі падкрэсліць асаблівасці мясцовасці, адлюстраваць яе канкрэтныя рысы, хоць гэта прысутнічае ў кожным пейзажы, колькі перадаць настрой прыроды, які залежыць ад пары года, сутак, асвятлення, а таксама тыя эмоцыі, якія ўзнікаюць у чалавека ад зносін з прыродай.

Асаблівае месца ў спадчыне В.К. Бялыніцкага-Бірулі займаюць серыі пейзажаў памятных мясцін, звязаных з А.С. Пушкіным, П.І. Чайкоўскім і інш. Выкананыя з вялікім жывапісным майстэрствам, яны поўныя глыбокай павагі да памяці вялікіх людзей і з велізарнай паэтычнай сілай апяваюць выдатныя куткі прыроды.

Мноства эцюдаў мастака – асаблівая частка яго спадчыны. Хутка выкананыя, яны, як правіла, адлюстроўвалі не толькі непасрэдна ўбачанае, не толькі ўпадабаны матыў, але перш за ўсё перадавалі стан прыроды, эмацыянальнае ўспрыманне яе самім майстрам. Большая частка шматлікіх эцюдаў – безумоўна, скончаныя, самастойныя.

У 1947 годзе В.К. Бялыніцкі-Біруля прыязджае на радзіму. “Я не быў больш за сорак гадоў у Беларусі. Але ніколі не забываў яе лясы, рэкі, азёры, бясконца родныя і блізкія майму сэрцу”. З юнацкім парывам, запалам, з зайздроснай энергіяй амаль месяц з вялікім захапленнем працаваў Бялыніцкі-Біруля ў наваколлі Мінска. Ён напісаў некалькі дзесяткаў эцюдаў, якія потым былі перапрацаваны ў цыкл карцін пра Беларусь.

Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля памёр у 1957 годзе ў Маскве ва ўзросце 85 гадоў. Яго карціны знаходзяцца ў многіх музеях і прыватных зборах.

Так супала, што ў гэтым годзе мы адзначаем адразу некалькі круглых дат, звязаных з імем Вітольда Каэтанавіча. Гэта 100-годдзе яго дачы «Чайка» ва Удомльскім краі, а таксама 30-годдзе Музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі, філіяла нашага музея ў Магілёве, які стаў першым мемарыяльным музеем мастака ў нашай рэспубліцы.

Таксама ў рамках святкавання юбілею мастака плануецца выхад новай кнігі пра мастака аўтарства Уладзіміра Іванавіча Пракапцова.

Пачатак вечара а 17-й гадзіне