Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

ВЕЧАР ПАМЯЦІ В.К. БЯЛЫНІЦКАГА-БІРУЛІ ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь

29 лютага ў музеі адбыўся вечар памяці выдатнага пейзажыста Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі – 140 гадоў з дня нараджэння.

Вечар пачаўся ў зале Вітольда Каэтанавіча ў пастаяннай экспазіцыі. З прывітальным словам выступіла намеснік дырэктара па навуковай рабоце музея Надзея Міхайлаўна Усава. Пра мастака, яго творчасць, аб фарміраванні музейнай калекцыі палотнаў аўтара распавядалі былы супрацоўнік музея Канстанцін Іванавіч Федарышкін; мастак, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Беларусі Ігар Антонавіч Бархаткоў; заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Аляксеевіч Крэпак. Асабліва цікавым быў аповед Ігара Антонавіча, бо сям’я Бархатковых на працягу многіх гадоў сябравала з Вітольдам Каэтанавічам. Лёс Антона Стэфанавіча быў звязаны з майстрам; напрыклад, адна з выдатных падзей – ён суправаджаў Бялыніцкага-Бірулю падчас яго паездкі ў Беларусь у 1947 годзе.

Пасля ўрачыстых прамоў быў паказаны фільм “Пасля пленэру, гадзіна цішыні” (Белвідэацэнтр, 1996) пра В.К. Бялыніцкага-Бірулю і першы пленэр імя майстра.

Заключным акордам святочнай праграмы стаў канцэрт калектыву студэнтаў і выкладчыкаў Беларускай акадэміі музыкі, якія выканалі скрыпічныя, вакальныя і фартэпіянныя мініяцюры беларускіх кампазітараў XIX стагоддзя. Прагучалі творы М. Ельскага, М.К. Агінскага, С. Манюшкі. Знатакі фартэпіяннай музыкі маглі атрымаць асалоду ад “Паланеза” і “Вальса” Напалеона Орды ў выкананні народнага артыста Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Ігара Алоўнікава.

Парадавала наведвальнікаў абноўленая пастаянная экспазіцыя залы В.К. Бялыніцкага-Бірулі, у якую ўвайшоў шэраг палотнаў розных перыядаў творчасці мастака. Гэта стала часткай комплексу мерапрыемстваў, запланаваных да юбілею.