Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

У культурна-спартыўным комплексе Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі г. Гомеля адбылося адкрыццё выстаўкі “Прасторы вольныя зямлі” (беларускі пейзаж 1950–2000-х гадоў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь)

15 сакавіка 2012 года а 17-й гадзіне ў культурна-спартыўным комплексе Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі г. Гомеля адбылося адкрыццё выстаўкі “Прасторы вольныя зямлі” (беларускі пейзаж 1950–2000-х гадоў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь).

Гэты праект прымеркаваны да 150-годдзя Беларускай чыгункі і праходзіць у рамках партнёрскіх зносін паміж Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і ўпраўленнем Беларускай чыгункі.

На выстаўцы прадстаўлена 25 жывапісных твораў, сярод якіх – палотны класікаў беларускага пейзажа: народных мастакоў Беларусі М. Данцыга “На ганку” (1957), П. Масленікава “Мінск” (1964), В. Цвіркі “Беларускі матыў” (1969), Л. Шчамялёва “Зіма ў Жыровічах” (2004), Г. Вашчанкі “Воблака” (1975), а таксама А. Бархаткова “Вясна на Нёмане” (1960), С. Каткова “Стаў у парку” (1966), М. Казакевіча “Вясна” (1977), Л. Дударэнкі “Храм вечарам” (1988), Б. Казакова “Вясна” (1984), А. Шыбнёва “Свежы вецер на Браслаўшчыне”, Р. Ландарскага “Палеская раніца” (2007), І. Рэя “На вёсцы” (1987) і іншых мастакоў.

На адкрыцці выстаўкі выступілі дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў, начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алег Рыжкоў, намеснік начальніка Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі Ігар Беленькі, заслужаны дзеяч мастацтваў, гомельскі мастак Мікалай Казакевіч.

У планах музея, як адзначыў дырэктар Уладзімір Пракапцоў, плануецца рэгулярна праводзіць выстаўкі з фондаў музея ў адным з прыгажэйшых архітэктурных помнікаў і культурных цэнтраў г. Гомеля.