Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Творчая сустрэча з вядомымі беларускімі мастакамі Васілём Сумаравым і Мікалаем Бушчыкам

17 лютага 2012 года а 11-й гадзіне на галерэі адбудзецца творчая сустрэча з вядомымі беларускімі мастакамі Васілём Сумаравым і Мікалаем Бушчыкам – удзельнікамі выстаўкі «Прасторы вольныя зямлі» (Беларускі пейзаж 1950–2000-х гадоў).
Запрашаюцца ўсе жадаючыя. Вы зможаце даведацца пра спецыфіку стварэння пейзажнага твора, пра тое, якое месца ў творчасці гэтых мастакоў займае жанр пейзажа. Жывапісцы раскажуць пра сваё бачанне далейшых перспектыў развіцця жанру ў кантэксце агульнай сітуацыі сучаснага беларускага мастацтва.
У вас таксама будзе ўнікальная магчымасць – задаць пытанні класікам беларускага жывапісу.

Бушчык Мікалай Уладзіміравіч

Нарадзіўся 22 мая 1948 года ў вёсцы Дзераўная Гродзенскай вобласці. Скончыў Краснадарскае мастацкае вучылішча (1969), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1975). Вучыўся ў Натана Майсеевіча Воранава, Вячаслава Пятровіча Цюрына. Удзельнік мастацкіх выставак з 1976 года. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, піша акварэлі.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным музеі імя П. Масленікава, Слонімскім краязнаўчым музеі, мастацкім музеі г. Волагды (Расія), у фондах Міністэрства культуры Расіі, выставачным аб’яднанні “Цэнтральны Дом мастака” ў Маскве, музеі г. Патсдам (Германія), у калекцыі Муніцыпалітэта Дамары-Ле-Ліс (Францыя). Член Саюза мастакоў Беларусі з 1980 года. Жыве ў Мінску.

Сумараў Васіль Фёдаравіч

Нарадзіўся 7 снежня 1938 года ў Мінску. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1959), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1965). Вучыўся ў Мая Вольфавіча Данцыга, Івана Восіпавіча Ахрэмчыка, Івана Нічыпаравіча Стасевіча. Удзельнік мастацкіх выставак з 1966 года. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным музеі імя П. Масленікава, у фондах Міністэрства культуры Расіі, выставачным аб’яднанні “Цэнтральны Дом мастака” ў Маскве. Кіраваў дзіцячай народнай студыяй выяўленчага мастацтва пры Палацы культуры тэкстыльшчыкаў у Мінску (1965–1985). Заслужаны дзяч мастацтваў Беларусі (1981). Прэмія ЛКСМБ (1982). Член Саюза мастакоў Беларусі з 1967 года. Жыве ў Мінску.