Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Рэстаўратару па метале Гейдару Аліеву – 60

Рэстаўратару па метале Гейдару Аліеву – 60

Гледзячы на гэтага маладжавага, прыгожага, харызматычнага чалавека, цяжка ўявіць сабе, што яму ўжо 60 гадоў.
У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь Гейдар Беюк-Ага аглы працуе з 2000 года. Ён у дасканаласці валодае ведамі ў галіне гісторыі твораў мастацтва з металу, тэхналогіяй каляровых металаў і іх сплаваў, а таксама практычнымі навыкамі іх мастацкай апрацоўкі.
За час працы ў музеі ім была выканана рэстаўрацыя самых розных твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва амаль з усіх калекцый музея: культавай пластыкі, апраў абразоў, вазы ХIХ ст. Імператарскага фарфоравага завода (С.-Пецярбург), рускай скульптуры, дробнай пластыкі прыкладнога мастацтва народаў Усходу, копій зброі для Замкавага комплексу Мір і г.д.
Цяжка ўявіць, колькі неабходна ведаў, умення валодання Рамяством, каб рэстаўраваць гэтак непадобныя адзін на аднаго музейныя экспанаты, выкананыя з розных матэрыялаў і іх сплаваў, а таксама ў розных мастацкіх тэхніках.
Нараўне з асноўнай працай Гейдар Аліеў выконвае аўтарскія праекты: памятныя медалі з выявай касцёла Св. Карла Барамеа ў Пінску і палаца Бутрымовіча, дэкаратыўнае афармленне камянямі знакамітай копіі крыжа Еўфрасінні Полацкай, панагіі. Адна з іх была паднесена ў дар Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Алексію II. Наперадзе – адказная задача – рэстаўрацыя музейнага фонду каштоўных металаў.
Гейдар Аліеў яшчэ і настаўнік, які перадае свае, назапашаныя вопытам, прафесійныя веды і навыкі. Сярод яго вучняў – мастак-рэстаўратар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Аляксандр Петракоў, які стаў адукаваным, самадастатковым спецыялістам-рэстаўратарам і заўсёды будзе ўдзячны Аліеву Гейдару Беюк-Ага аглы, свайму настаўніку, за ўрокі майстэрства.
Інтэлігентнасць, адукаванасць, шырокія прафесійныя веды выклікаюць глыбокую павагу калег і шматлікіх сяброў Гейдара.
Быць шчодрым – значыць даваць больш, чым ты можаш;
быць гордым – значыць браць менш, чым табе трэба.
Гэтыя словы знакамітага ліванскага пісьменніка Джэбран Халіль Джэбрана ў поўнай меры характарызуюць нашага калегу, мастака-рэстаўратара Аліева Гейдара Беюк-Ага аглы.