Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Прэзентацыя кнігі “Іван Хруцкі”

14 лютага 2012 г. у Лепельскім раённым краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя кнігі “Іван Хруцкі” (з серыі “Славутыя мастакі з Беларусі”) і адкрыццё выстаўкі фотапрынтаў твораў мастака з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Наш сусветнавядомы мастак Іван Фаміч Хруцкі (1810–1885) нарадзіўся ў м. Ула Лепельскага павета Віцебскай губерні. Менавіта таму на малой Радзіме мастака адбылася першая прэзентацыя кнігі і выстаўка твораў мастака.

На ўрачыстасць з нагоды Свята кнігі ў музеі сабраліся школьнікі, настаўнікі мясцовых школ, грамадскасць горада Лепеля, прыехалі славутыя землякі.

Са словамі прывітання і аб значнасці беларускага друкаванага слова ў Год кнігі і выхаду ў свет кнігі-альбома славутага мастака І. Хруцкага выступілі Трусевіч Ганна Рыгораўна – дырэктар выдавецтва “Беларусь”, Пракапцоў Уладзімір Іванавіч – дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Бутэвіч Анатоль Іванавіч – пісьменнік, намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага Савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Вярцінскі Анатоль Ільіч – пісьменнік, які нарадзіўся на Лепельшчыне, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Нікіцін Мікалай Мікалаевіч – намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама.

Пасля адбыўся святочны канцэрт у выкананні вучняў і педагогаў Лепельскай школы мастацтваў.